Яўген Прэйгерман, палітолаг, заснавальнік і дырэктар Рады міжнародных адносінаў «Мінскі дыялог»

Дырэктар Рады міжнародных адносінаў «Мінскі дыялог», Яўген Прэйгерман, падзяліўся з Радыё Свабода  сваім бачаннем падзеяў 2020 году.

Беларуская трагедыя-2020 і постсавецкі транзіт

Першыя дзесяцігоддзі пасля распаду СССР былыя савецкія рэспублікі, якія атрымалі незалежнасць, шмат у чым развіваліся на падмурку і ў каляінах, якія былі закладзеныя яшчэ савецкай імперыяй. Гэта тычылася розных бакоў жыцця, але асабліва кантрасна праяўлялася ў іх элітах.

У 1990–2000-я гады на палітычных сцэнах новых краінаў дамінавалі «прадукты» савецкай сістэмы: і ўладныя, і апазіцыйныя колы амаль татальна складаліся з людзей, што атрымалі менавіта савецкую адукацыю і сацыялізацыю. Таму постсавецкі перыяд па вызначэнні быў транзітны, падчас яго кожная незалежная рэспубліка мусіла выбудаваць свой нацыянальны падмурак развіцця, у тым ліку – паўнавартасную нацыянальную эліту, здольную эфектыўна кіраваць дзяржавай у якасна новых і ўсё менш прадказальных умовах ХХІ стагоддзя.

Працэсы, якія адбываліся ў Беларусі ў 2014–2020 гадах, давалі няпэўную, але ўсё ж надзею на тое, што ва ўмовах беларускага аўтарытарызму ўдасца падрыхтаваць краіну да новага – ужо пост-постсавецкага – этапу развіцця. Бо галоўным пытаннем для Беларусі ў кантэксце постсавецкага транзіту было і застаецца ня тое, калі сыдзе Аляксандр Лукашэнка, а ў якім стане на момант яго сыходу будзе краіна: грамадства, палітычная сістэма, эканоміка і знешняя палітыка.

Галоўным пытаннем для Беларусі ў кантэксце постсавецкага транзіту было і застаецца ня тое, калі сыдзе Аляксандр Лукашэнка, а ў якім стане на момант яго сыходу будзе краіна: грамадства, палітычная сістэма, эканоміка і знешняя палітыка.

Адзін варыянт – гэта грамадства, у якім не абвостраная праблема ўнутранага расколу і дзе на гэтай падставе павольна фармуюцца агульнанацыянальная эліта і грамадзянская супольнасць; палітычная сістэма, якая зніжае градус рэпрэсіўнасці; а таксама дыверсіфікаваныя эканоміка і знешняя палітыка.

Іншы варыянт – гэта яшчэ большы грамадскі раскол, заточаная на актыўнае знішчэнне апанентаў палітычная сістэма і амаль цалкам залежныя ад аднаго вектару знешняя палітыка і эканоміка.

Вядома, абодва варыянты «крайнія», а рэчаіснасць амаль заўсёды аказваецца змяшанай. Але відавочна, што чым бліжэй да першага варыянту, тым больш шанцаў на паспяховы транзіт у постлукашэнкаўскую эпоху мела б Беларусь.

Менавіта ў першым кірунку, як бы хто гэта сёння ні адмаўляў, краіна відавочна пачала рухацца пасля 2014 году. Дастаткова паглядзець хаця б на дынаміку яе інтэрнацыяналізацыі і грамадскай актыўнасці. Дарэчы, якраз гэты працэс прывёў да таго, што летам 2020 году шмат хто ў грамадстве літаральна забыў пра тое, што такое аўтарытарная ўлада і на што яна здольная ў палітычным процістаянні.

Але трэнд выбудоўваўся ў параўнальна спрыяльных знешніх і ўнутраных умовах. Каб мець шанец на яго працяг і пашырэнне, грамадству (маюцца на ўвазе як улады, так і іх апаненты) было неабходна рэалістычна ацаніць палітычныя дылемы, што паўсталі перад ім у нашмат менш спрыяльных умовах 2020 году.

Па-першае, важна было асэнсаваць і прыняць расклад сілаў унутры Беларусі па стане на пачатак 2020 году: улада ўжо не была настолькі моцная, каб перамагчы ў лабавым сутыкненні на «раз-два-тры», але апазіцыя яшчэ ня мела рэальных перадумоваў, каб знесці кансалідаваны аўтарытарны рэжым. Гэта найгоршы з магчымых раскладаў для краіны. Бо, і гэта па-другое, з улікам геапалітычнага становішча Беларусі, любы ўнутраны канфлікт, які не вырашаецца хутка, па вызначэнні ператвараецца ў геапалітычны.

З улікам геапалітычнага становішча Беларусі, любы ўнутраны канфлікт, які не вырашаецца хутка, па вызначэнні ператвараецца ў геапалітычны.

Іншымі словамі, унутрыбеларускія апаненты натуральным чынам пачынаюць шукаць падтрымкі ў геапалітычных антаганістаў – Расеі і Захаду, а тыя, у сваю чаргу, гэтак жа натуральна пачынаюць прасоўваць свае канкуруючыя інтарэсы. І тады ўжо ня мае ніякага значэння, ці быў у пратэстаў знешнепалітычны складнік, бо геапалітызацыя непазбежна змяняе першапачатковыя расклады, сутнасць канфлікту і склад яго актараў.

У прыватнасці, яна аўтаматычна ператварае папулярныя сярод шматлікіх каментатараў развагі пра палітычную суб’ектнасць пратэсту ў інфантыльныя фантазіі. Бо экзальтаваным грамадствам без належнай палітычнай структурызацыі надзвычай лёгка маніпуляваць, і таму яно па вызначэнні ня можа быць сапраўдным субʼектам у геапалітызаваным канфлікце. Прынамсі, у беларускіх умовах.

Па-трэцяе, абвастрэнне і геапалітызацыя ўнутранага расколу – гэта рух у адваротны бок ад пабудовы палітычнай нацыі, пра якую парадаксальным чынам пачалі гаварыць прыхільнікі пратэсту пасля жніўня 2020 году. Падсвядомае жаданне абгрунтаваць, што шматлікія чалавечыя трагедыі і надрыў краіны былі не дарма, лёгка зразумець. Але, на жаль, рэчаіснасць супрацьлеглая: палітычную нацыю, якая раней паўнавартасна не складалася з прычыны расколу і ўразлівасці да знешніх уздзеянняў, проста немагчыма пабудаваць праз яшчэ большы раскол і непазбежную геапалітызацыю ўнутранага канфлікту.

Нарэшце, грамадству неабходна было прадбачыць яшчэ адно непазбежнае наступства лабавога сутыкнення з аўтарытарнай уладай: пасля любой няўдалай спробы рэвалюцыі пачынаецца контррэвалюцыя, якая ўкачвае ў асфальт усе былыя сацыяльна-палітычныя дасягненні. На контррэвалюцыйных эмоцыях аўтарытарная ўлада ня надта клапоціцца пра тое, што гэта вядзе да яшчэ большай дэградацыі краіны па ўсіх кірунках.

Няздольнасць беларускага грамадства ўсвядоміць гэтыя элементарныя ўводныя, на жаль, і адлюстроўвае нашыя агульныя «дасягненні» за тры дзесяцігоддзі постсавецкай незалежнасці.

З 2014 году, калі пачаліся павольныя станоўчыя зрухі ў грамадска-палітычным жыцці, прайшло яшчэ зусім мала часу. Таму цяжка было спадзявацца на нейкі калектыўны розум адказнай нацыянальнай эліты, якая б магла асэнсаваць стратэгічныя выклікі і разам дамовіцца пра тое, як перадухіліць найгоршае. У такіх умовах апошняй надзеяй Беларусі маглі стаць асобныя палітыкі ці інтэлектуалы, калі б хоць частка з іх заявіла ўголас пра відавочныя выклікі і іх яшчэ больш відавочныя разбуральныя наступствы для краіны.

На жаль, адным не хапіла прафесійнай кампетэнтнасці і разумення рэальнага стану рэчаў у дзяржаўнай сістэме і грамадстве. Іншыя проста пабаяліся пайсці супраць папулістычнай хвалі нянавісці, якую і ўлада, і яе апаненты пачалі, як тыя браты-блізьняты, разганяць на фоне каронавіруснага крызісу. А некаторыя, відаць, проста вырашылі скарыстацца з сітуацыі, каб палепшыць сваё асабістае становішча: прасунуцца вышэй па карʼернай лесвіцы ў сістэме ці набраць болей лёгкіх лайкаў у экзальтаваным грамадстве.

У любым выпадку праз год пасля пачатку беларускай трагедыі-2020 мы маем роўна тое, што і маглі мець. Метафарычна кажучы, Беларусь выйшла ў адчыненае вакно на 20-м паверсе, і прызямленне не магло быць мяккім. Відавочна, што разбурэнні будуць мець доўгатэрміновыя наступствы, а падарваная знутры краіна – цяпер як ніколі лёгкая здабыча для знешніх гульцоў.

Ці ставіць гэта гістарычны крыж на беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці? Хочацца верыць, што яшчэ не. Хоць мы і вельмі блізка да гэтага падышлі, праваліўшы постсавецкі транзіт. Тым ня менш пры жаданні нават з самых складаных сітуацый можна знайсці выйсце, і шматлікія дзяржавы гэта ня раз даказвалі. Але ж цяпер ужо ня ўсё залежыць толькі ад нас. Таму застаецца спадзявацца, што Беларусі зноў пашанцуе, як у 1991 годзе.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»