Аляксей Мжачык, беларускі цяжкаатлет

1 жніўня ў аўтакатастрофе ў Германіі загінуў 25-гадовы беларускі цяжкаатлет Аляксей Мжачык, паведамляе прэс-служба Беларускага цяжкаатлетычнага саюза на сваёй старонке ў Facebook.

Вядома, што кіроўца машыны, у якой ехаў спартовец, не справіўся з кіраваннем на аўтабане. Спачатку аўто стукнулася аб агароджу трасы, а потым аб слуп.

Ад атрыманых траўмаў штангіст загінуў на месцы. Кіроўца і яшчэ два іншыя пасажыры атрымалі цяжкія траўмы і былі шпіталізаваныя на верталёце.

Мжачык — майстар спорту міжнароднага класа, ён выступаў у вагавой катэгорыі звыш 109 кг. Быў удзельнікам Алімпіяды-2016 ў Рыа-дэ-Жанейра. Срэбраны прызёр чэмпіянату свету сярод юніёраў (2015). Срэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў (2012).

На чэмпіянаце Беларусі Мжачык заваёўваў срэбраныя (2014, 2016, 2018, 2019) і бронзавы (2013) медалі. Быў уладальнікам Кубка Беларусі (2020), а таксама срэбраным (2015, 2018) і бронзавым (2016) прызёрам.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»