Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У Кобрыне два расійцы напалі на 37-гадовую таксістку: прыставілі да горла нож і запатрабавалі грошы. Беларуска дала ім дастойны адпор: зламала нож і змусіла кінуцца наўцёкі. Назаўтра іх затрымалі ў Бярозе…

З-за чаго ідуць жанкі ў таксісткі,
І чаму цяпер іх досыць шмат?
Мусібыць, бюджэт сямейны хісткі,
Не хапае мужавых зарплат.
Гэткі хлеб парою горкі вельмі,
Часам небяспечны хлеб такі:
Ім не заплаціць імкнуцца шэльмы,
Ставяць лёс на кон рабаўнікі.
Гэтая таксістка-беларуска
Гналася таксама за рублём,
Хоць і непасільная нагрузка:
Дзень і ноч, бывала, – за рулём.
Дабрабыт без грошай немагчымы
І нястачы рады не дасі…
Неяк нетутэйшыя мужчыны
Самавіта ўселіся ў таксі.
З віду звераватыя чужынцы:
Хочацца міжволі ўбок сысці,
Калі стрэнеш гэткіх на сцяжынцы.
(Так не раз здараецца ў жыцці:
Лепей саступіць, чым цяпнуць гора.)
– Дзевушка, кіруйся да шашы.
Нам, – сказалі, – трэба ў іншы горад.
Мы табе заплацім ад душы!
Не было ў тым дзіўнага нічога,
Гэтакі заказ – не ўпершыню.
Слалася, імкнулася дарога
Дагадзіць «жалезнаму каню»…
– Тармазні! – пачуўся голас ззаду. –
Выйсці трэба мне…
А ў чужака
Хіжасць так і пырскае з пагляду,
І ў кішэню цягнецца рука.
Ясна, што ў наступную хвіліну
Ён да горла ёй прыставіў нож.
– Грошы аддасі – жывой пакіну,
А інакш загінеш ні за грош.

Думаў, што самлее небарака,
Як усе звычайныя жанкі.
Ды ў адказ чакала контратака:
Выхапіла нож з яго рукі,
Трэсачку нібы, лязо зламала,
Іх дубасіць гэтак пачала,
Што далі чужынцы тыя драла –
Беглі да бліжэйшага сяла….
Нехта як геройства ўспрыме гэта
(Скептыкі палічаць за кур’ёз):
Во якая смелая кабета –
Злыдням, так сказаць, падцерла нос!
Я ж прыйшоў да гэтакай высновы:
Гераінь – бабуль, жанчын, дзяўчат,
Што адвагу выявіць гатовы
І якіх, дарэчы, вельмі шмат,
Ведае цяпер краіна наша,
Гэтакіх у свеце ўсім няма;
Прыкладам – Калеснікава Маша:
Нават не спалохала турма.
Хто найперш у бурныя часіны
Паказаў рашучасць, волю, гарт?
На пратэстах рэй вялі жанчыны
І ішлі адважна ў авангард.
І калі з дубінкамі грамілы
На мужчын рабілі «хапуны»,
Распраўлялі рукі, быццам крылы,
Засланялі іх, мужчын, яны.
Як ні лютавалі пракуроры,
Як ні вычвараліся суды,
Толькі не дабіліся пакоры.
Зрэшты, і цяпер, як і тады,
Не даюць уладзе гэтай спуску!

***

Знаючы, якія ў нас жанкі,
Пэўна, на таксістку-беларуску
Не напалі б тыя чужакі…

Курортныя раманы

Бурлівыя курортныя раманы
Парой прыносяць вынік нечаканы.
Бывае так,
Што вернешся дамоў
І ўласных недалічышся трусоў.
І жонка аб’ядае тыдзень плеш,

Як лішнія дадому прывязеш…

Публікацыя – з № 57 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: