Разгляд справы аб прыпыненні дзейнасці Руху
Фота са старонкі Facebook Юрася Губарэвіча

27 ліпеня ў Вярхоўным судзе прайшло судовае паседжанне па пазове Мін’юста аб прыпыненні дзейнасці грамадскага аб’яднання Рух «За свабоду». Як паведаміў лідар руху Юрась Губарэвіч на сваёй старонкі ў Facebook, пасля больш чым дзвюх гадзін працэсу суд вырашыў прыпыніць разгляд гэтай справы.

«Мы па ранейшаму лічым, што падставаў для вынясення папярэджання ў Мінюста не было. Таму на мінулым тыдні падалі ў Вярхоўны суд пазоў аб яго адмене. Таму нас чакае новая судовая спрэчка з Мінюстам, па тых жа пытаннях, але ўжо ініцыяваная Рухам», – напісаў Губарэвіч.

Нагадаем, што 14 ліпеня ў цэнтральным офісе арганізацыі ў Мінску прайшоў ператрус, пасля чаго памяшканне апячаталі. 19 ліпеня стала вядомая дата працэсу аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання.

Як адзначае Радыё Свабода, тады кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч казаў, што ведамства мела ўсе неабходныя дакументы, каб закрыць справу, аднак не захацела зрабіць гэта ў дасудовым парадку.

«У працэсе дасудовага разгляду высветлілася, што асновай для вынесенага папярэджання ад 25 траўня, якое мы не атрымалі і таму не змаглі своечасова адрэагаваць, сталі нібыта праблемы з юрыдычным адрасам і абраннем кіроўных органаў», – распавядаў Юрась Губарэвіч.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што Міністэрства юстыцыі адначасова падпісала папярэджанне, дзе сцвярджалася, што паўнамоцтвы кіраўніка арганізацыі закончыліся ў 2020 годзе, і ў гэты ж момант занесла пасведчанне пра іх працяг да 2022-га.

Рух «За свабоду» зааснаваў экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 году Аляксандр Мілінкевіч.

Няўрадавыя арганізацыі, якія маюць статус установаў, пасля заяў Лукашэнкі ліквідуюць адміністрацыйным чынам, а грамадскія арганізацыі – у судах.

У раскладзе Мінскага гарадскога суду на гэты тыдзень значыцца больш за дзясятак працэсаў аб ліквідацыі фондаў і грамадскіх аб’яднанняў. Пазоўнікам ва ўсіх выпадках выступае Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкаму.

Поделиться ссылкой: