Фото носит иллюстративный характер

“Такім чынам, восьмы дзень нашы калегі знаходзяцца ў тым самым адзенні, у якім іх затрымалі, нягледзячы на невыносную спёку, якая стаіць гэтымі днямі. У іх няма ні зменнай бялізны, ні элементарных сродкаў гігіены, ні дадатковай ежы і пітва. Куды падзеліся перадачы, якія сваякі куплялі за свае грошы і перадавалі, невядома. Гуманітарныя наборы, якія на Акрэсціна перадае “Чырвоны Крыж”, затрыманым таксама не даюць. Людзі ў ізалятары спяць на падлозе або на шконках без бялізны і матрасаў. Усё гэта з’яўляецца грубым парушэннем закону і ўнутраных правілаў ІЧУ”.

(З нядаўняга паведамлення  тэлеграм-канала “Наша Ніва”)

***

“Змяніў тры камеры. Спачатку сядзеў у чатырохмеснай, дзе было 16 чалавек і тэмпература за +40. У камеры ўсе былі ў адной бялізне абсалютна мокрыя, было цяжка дыхаць і проста варушыцца. Потым перавялі ў аднамесны карцэр, дзе было яшчэ восем чалавек, адсутнічаў ложак, а на падлозе была плітка. Затым – у іншую чатырохмесную камеру, дзе нас было дванаццаць. У рэшце рэшт вярнулі ў першую камеру, дзе было ўжо 18 чалавек.

Перапоўненасць камер такая, што месца хапае роўна на тое, каб усім змясціцца спаць на падлозе. Калі некага вызвалялі, то хутка прыводзілі новых людзей. Пры гэтым, у ЦІП дакладна ёсць пустыя камеры. Бялізну і матрацы не выдаюць, большасць спіць на падлозе, гэта камфортней, чым на жалезных нарах.

Асабістыя рэчы ўзяць з сабой у камеру не дазваляюць, перадачы ад сваякоў прымаюць, але не перадаюць – аддаюць, калі вызваляешся (так што, калі сутыкнецеся, перадаваць перадачы цяпер няма сэнсу). У выніку амаль усе сядзяць без зменнай бялізны, адзення, зубной шчоткі, ручніка, не кажучы ўжо пра кнігі.

За 10 дзён у душ не вадзілі ні разу, мы мыліся  з бутэлек над унітазам. Адбой у 22, пад’ём – а 6-й раніцы, днём ляжаць нельга. Кожную ноч камеру будзяць два разы, у 2 і 4 гадзіны, каб зладзіць пераклічку. Выспацца, такім чынам, не ўдаецца, стомленасць назапашваецца.

Аслабляецца імунітэт, многія хварэюць. Я страціў нюх, хоць і вакцынаваны. Пасля выхаду на волю тэст на каранавірус апынуўся станоўчым”.

(З інтэрв’ю Вадзіміра Заранкіна, супрацоўніка амбасады ЗША ў Беларусі, старэйшага сына былога кіраўніка Віцебска; адсядзеў у ліпені 10 сутак на Акрэсціна)

***

Пагадзіцеся, нельга прачытаць гэтыя радкі і зрабіць выгляд, што нічога незвычайнага ў краіне не адбываецца. Таму “Народная Воля” звярнулася да шэрагу вядомых асоб з такім пытаннем:

Як спыніць катаванні людзей у ізалятары часовага ўтрымання?

Алена АНІСІМ, старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны”, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

Як спыніць катаванні людзей у ізалятары часовага ўтрымання?
Алена АНІСІМ

– Па праўдзе кажучы, складана сказаць… Сітуацыя ўвогуле невытлумачальная… Каб у той краіне, якая найбольш пацярпела па ўсіх аб’ектыўных ацэнках ад фашыстаў у гады вайны, сёння, праз 30 гадоў незалежнасці, у месцах зняволення з людзей так здзекаваліся… Проста за тое, што людзі інакш думаюць і хочуць, каб краіна была вольнай, незалежнай і паспяховай. 

Цяжка сказаць, як на гэта можна паўплываць… Магчыма, чыста чалавечыя звароты на адрас улады змогуць змяніць такое стаўленне да зняволеных. І зразумела, што кожны такі факт жорсткага абыходжання павінен рабіцца публічным.

Даўно стaіць пытанне пра бесчалавечныя ўмовы ўтрымання ў турмах і ізалятарах, і я лічу, што для новай улады гэта будзе адно з найпершых пытанняў.

Алег РУМО, дырэктар дзяржаўнай установы «Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі», член Савета Рэспублікі:

Як спыніць катаванні людзей у ізалятары часовага ўтрымання?
Алег РУМО

– Я хвалююся пра здароўе ўсіх людзей.

Усяго добрага, да пабачэння.

 

 

 

 

Сяргей ЗАКОННІКАЎ, паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі:

Як спыніць катаванні людзей у ізалятары часовага ўтрымання?
Сяргей ЗАКОННІКАЎ

– Ніяк. Я заўсёды рэальна гляджу на рэчы. Яшчэ у 1993 годзе пісаў пра тое, чым усё можа скончыцца, калі Лукашэнка яшчэ толькі намерваўся пайсці ў прэзідэнты. Я не радуюся таму, што мае прадбачанні здзейніліся, але ў сённяшняй сітуацыі грамадства абсалютна нічога не можа зрабіць. Што хацелі, тое і атрымалі. Цяпер можна толькі рукамі развесці…

 

Вадзім ГІГІН, палітолаг, публіцыст, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ:

Як спыніць катаванні людзей у ізалятары часовага ўтрымання?
Вадзім ГІГІН

– Прабачце, я сяджу на прыёме дакументаў – сёння апошні дзень. Вельмі шмат абітурыентаў, вялікі наплыў паступаючых. У іншы раз патэлефануйце, я падумаю…

 

 

 

Вольга АБРАМАВА, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:

Як спыніць катаванні людзей у ізалятары часовага ўтрымання?
Вольга АБРАМАВА

– Калі б я ведала рэцэпт!…

У бытнасць дэпутатам, турмы – гэта быў адзін з маіх прыярытэтаў. Я ўвесь час дамагалася лібералізацыі ўмоў знаходжання ў месцах пазбаўлення волі, патрабавала змяніць падыходы адпраўлення людзей у месцы зняволення, у тым ліку і па палітычных матывах. Я патрабавала паляпшэння ўмоў знаходжання ў месцах пазбаўлення волі, у тым ліку гэта тычылася пытанняў харчавання і меддапамогі.

Зараз я нават не ведаю, што можна зрабіць. Не ўяўляю, каб хтосьці мог рэальна і сістэмна працаваць у гэтым накірунку – пра дэпутатаў я наогул не кажу, сёння гэта не ў іх сферы інтарэсаў. Я за апошнія гады не сустракала, каб хоць хто-небудзь з дэпутацкага корпуса падымаў гэтае пытанне. Хаця нам у свой час многае ўдавалася. Мы за свае грошы ў 2007 годзе, напрыклад, куплялі кнігі ў турмы – адбіралі іх па кніжных кірмашах. Мы дамагліся павялічэння асігнаванняў на харчаванне зняволеных – яно было проста паталагічна дрэнным.

Людзі абураюцца тым, што адбываецца ў ізалятарах, але разумеюць, што яны нямоглыя і не ў сілах нешта змяніць. Трэба прыняць кардынальнае рашэнне на дзяржаўным узроўні – спыніць пераслед людзей па надуманых прычынах, не ствараць нечалавечыя ўмовы існавання ў ізалятарах і турмах. Але каб з’явілася гэтая палітычная воля, павінна нешта змяніцца: альбо знешні ціск на дзяржаву прымусіць гэта зрабіць, альбо, як той казаў, у самой кансерваторыі нешта павінна памяняцца…

Калісьці з трыбуны Палаты прадстаўнікоў я публічна звярнулася да ўсіх прысутных у Авальнай зале з нагоды неабходнасці радыкальнай змены стаўлення да зняволеных у турмах. Я тады прапанавала ўсім чыноўнікам і дэпутатам на добраахвотнай аснове правесці адзін поўны дзень ва ўмовах турэмнага ўтрымання. Каб на сабе адчулі усё тое, што кожны дзень адчуваюць зняволеныя. “Вось тады, магчыма, вы зразумееце, што такое сапраўдная несвабода і будзеце ставіцца да гэтага адпаведна, прымаючы нейкія дзяржаўныя рашэнні”, – сказала я. І нас вадзілі на экскурсію ў турмы і ізалятары, але гэтага было недастаткова. На сваёй скуры гэта трэба выпрабаваць, каб зразумець і пранікнуцца.

Дзмітрый БРЫЛЁЎ, намеснік начальніка ўпраўлення ўзаемадзеяння са сродкамі масавай iнфармацыi і рэдакцыйнай дзейнасці – афіцыйны прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь:

Як спыніць катаванні людзей у ізалятары часовага ўтрымання?
Дзмітрый БРЫЛЁЎ

– Калі ўсё гэта насамрэч адпавядае рэчаіснасці, то ў чалавека ніхто не адбіраў права паведаміць пра гэта праз інстытут скаргаў.

Мы, безумоўна, таксама адсочваем сродкі масавай інфармацыі, і магу падзякаваць вам за гэты маячок, звернем увагу. Але калі журналіст звяртаецца – гэта крыху не тое. Зараз любую інфармацыю трэба пераправяраць, вельмі шмат фэйкаў. А закон аб зваротах грамадзян ніхто не адмяняў, ён працуе. І той, хто канкрэтна пацярпеў, можа накіраваць зварот у адпаведныя органы. Іншае пытанне, чаму не адпраўляе. Не жадае або няма падстаў? Трэба разбірацца… Я, канешне, паведамлю пра гэта сваім калегам, якія нагляд ажыццяўляюць. Але і самі людзі павінны паказаць, калі, у які перыяд часу, што ім не далі, у чым канкрэтна парушаныя іх правы.

Апытанне праводзілі 

Марына КОКТЫШ і Алена МАЛОЧКА.

Публікацыя – з № 56 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: