Мікіта Залатароў у судзе  Цэнтральнага раёна. Фота аўтара.

Гісторыя малалетняга палітвязня Мікіты Залатарова, двойчы судзімага пасля выбараў 

Бацька малалетняга палітвязня Мікіты Залатарова нарэшце атрымаў спатканне з сынам. Гэта адбылося  пасля другога суда над падлеткам. Гомельская Феміда прызнала Мікіту вінаватым у «гвалце» над  ахоўнікамі СІЗА і пакарала паўтара гадамі зняволення ў выхаваўчай калоніі. Апроч таго, хлопец мусіць сплаціць пацярпелым маральную шкоду – тысячу рублёў на дваіх.

– Нягледзячы на ўсё, сын трымаецца бадзёра, — кажа Міхаіл Лапуноў, бацька Мікіты. — Але ў СІЗА да яго чапляюцца, спрабуюць справакаваць. Ён хоча хутчэй патрапіць у калонію. Таму апеляцыю на апошні прысуд пісаць не будзем. Няма сэнсу. Мікіта змучаны камерным рэжымам і канвойнымі – рыхтуем яго зараз да этапу ў калонію.

«Не гвалт, а супраціўленне»

14 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля другі раз асудзіў хворага на эпілепсію  падлетка Залатарова.  Гэтым разам на падставе артыкула 364 Крымінальнага кодэкса. 

Што ж такога крымінальнага зрабіў у СІЗА невысокага расточку падлетак, прызнаны праваабарончымі арганізацыямі палітнявольнікам?

Следчы Шкрабаў з гарадскога аддзела СК пісаў у пастанове: «21 сакавіка ў прамежак часу з 11:30 да 12:30 Залатароў, будучы ў службовым кабінеце псіхалагічнай службы, у катэгарычнай форме адмовіўся выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў установы – прайсці ў камеру № 103, у выніку чаго супрацоўнікі Лучкін і Хацкоў прымянілі да яго фізічную сілу і вывелі ў калідор трэцяга паверха».

Аднак непаўналетні Залатароў, адзначаецца ў абвінавачванні, перашкаджаў законнай дзейнасці службоўцаў. Хлопец зрабіў падножку Лучкіну, у выніку чаго той зваліўся на падлогу. Калі Лучкін падняўся, Залатароў «схапіў яго за валасы і шыю, прычыніўшы тым самым боль і пабоі».

Апроч таго, лаяўся і пагражаў гвалтам намесніцы начальніка ізалятара Таццяне Хаўбок. На судзе супрацоўніца абуралася: яна ўсё ж такі падпалкоўнік, намесніца начальніка, а Мікіта – малалетка, асуджаны, брыдка абзываўся ды яшчэ пагражаў.

Залатароў на судзе не адмаўляў  віны, аднак удакладніў: «Гэта быў не гвалт, а супраціўленне. Кепскія словы я казаў на эмоцыях».

І дадаў, што да яго ставіліся кепска, негуманна з той прычыны, што асуджаны па «палітычных» артыкулах. Ён хварэе на эпілепсію, а таблеткі давалі не рэгулярна, іншы раз толькі тады, калі была магчымасць непасрэдна звярнуцца да медыка. Да таго ж адзін сядзеў  у камеры каля двух месяцаў. І баяўся: пачнецца прыступ, хто дапаможа?

Калі адзін сяджу, мяне пачынае «падрываць», – прызнаваўся Мікіта.

Прэлюдыя інцыдэнту, паводле расповеду Залатарова, такая. 20 сакавіка ён прасіў праз «калідорнага», каб яму падсялілі нармальнага сукамерніка. Апроч таго, камеру 103, у якой Мікіта знаходзіўся, з-за няспраўнай сантэхнікі заліло «па костачку» вадою і  нават нечыстотамі. Прынамсі, так сцвярджаў падлетак. 

Мікіту завялі на «боксы», а потым даставілі да псіхолага Зіновіча. У яго кабінеце падлетак правёў ноч, а на раніцу заўпарціўся вяртацца ў сваю ранейшую камеру, дзе «брудна» і «поўзаюць прусакі». 

Паўшчуваць і наставіць  падлетка на спакойны лад  прыходзіла Таццяна Хаўбок і начальнік СІЗА Рубанаў. Але Мікіта не хацеў вяртацца ў камеру,  лічачы, што з яго здзекуюцца. 

Намесніца начальніка Хаўбок, у сваю чаргу, казала на судзе, што Мікіта сам разліваў ваду, бо раззлаваўся, што бацькі не прывезлі перадачу, якую нібыта меліся даставіць яму ў суботу, 20 сакавіка.  А не падсялялі да падлетка таму, што ён «канфліктны», схільны «да агрэсіі», не ўжываецца з сукамернікамі. Пра канфліктнасць падлетка гаварыў і Лучкін, таму, маўляў, і напарніка давялося перавесці з камеры ў іншую.

Ага, падсялілі да мяне нейкага «пед…ка», ён жа сваімі прычындаламі круціў. І чаму я павінен з такімі «кукарэкушкамі» сядзець? – тут жа адрэагаваў падлетак.

Вынеслі з кабінета псіхолага

Паколькі Мікіта і па патрабаванні начальніка СІЗА не хацеў вяртацца ў камеру 103,  той выклікаў ахоўнікаў Лучкіна і Хацкова.  Яны пад рукі вынеслі Залатарова з кабінета. Мікіта супраціўляўся, лаяўся. Яму сталі закручваць рукі. Падлетак крычаў, вырываўся, брыдкасловіў.

Я хацеў вызваліцца, каб руку не заломвалі: было балюча. Хацеў, нармальна ўсё вырашыць, – сцвярджаў  невялічкага росту падлетак, якога цягнулі, па яго ж словах, «здаравенныя дзядзькі».  

У такой сумяціцы Залатароў і зрабіў падножку Лучкіну. Апошні кажа, што наўмысна.  Мікіта сцвярджае, што выпадкова, у запале, бо «не цяміў, што рабіў».  Ахоўнік упаў па падлогу разам з падлеткам. 

Залатароў заяўляў на судзе, што і ўдараў ніякіх ён не наносіў Лучкіну, за адзенне і валасы не хапаў, а толькі ў валтузні пальцамі «зачапіў маску, і яна зляцела».

Пра муху і крыўду

Праз падзенне ў Лучкіна выпаў індывідуальны відэарэгістратар. Яго падняла Таццяна Хаўбок і стала працягваць здымкі. Паўплывала гэта на Мікіту ці не, але і на яе адрас падлетак  адпусціў пару зусім не ласкавых слоў, ды яшчэ з пагрозамі: «Выйду, спалю!». 

На судзе прыгадаў, што  Хаўбок  груба размаўляла з ім у кабінеце псіхолага. Калі ў судзе дэманстравалі відэа інцыдэнту, падлетак раз-пораз наіўна ўсміхаўся. Выглядала, што пацяшаўся: яму не соладка, але і ён у даўгу не застаўся.

Каб  я хацеў каму сапраўды нашкодзіць, то ў камеры хапае ўсякіх жалезак, не закручаных гаек… Я добры чалавек. Я муху не пакрыўджу, калі да мяне нармальнае  стаўленне, – запэўніваў на завяршэнне Мікіта.

Канешне, ахоўнікі перад камерай 103 усё ж скруцілі падлетка, надзелі кайданкі і прыціснулі яго галаву  да падлогі. Потым паставілі яго да сцяны і хвілін праз дзесяць завялі ў камеру.

«Хіба сябе на органы прадаць?» 

Таццяна Хаўбок і Мікіта Лучкін як пацярпелыя супрацоўнікі СІЗА выставілі абвінавачанаму падлетку кампенсацыю маральнай шкоды – па тысячы рублёў для кожнага. Паколькі Залатароў непаўнагадовы, то кампенсацыя аўтаматычна кладзецца на бацькоў. Пачуўшы пра згаданую суму, маці падлетка Лілія Залатарова (яна ў судзе і законны прадстаўнік сына) у чарговы раз заплакала.

Я страціла працу, у мяне няма такой сумы. Хіба сябе на органы прадаць? – уголас пыталася Лілія Эдуардаўна.

Суддзя Віктар Казачок зменшыў напалову суму кампенсацыі  супрацоўнікам ізалятара і на шэсць месяцаў у параўнанні з запытам дзяржабвінаваўцы з пракуратуры – тэрмін  пакарання Мікіты няволяй.

Бацька Мікіты, каментуючы чарговую крымінальную справу супраць сына,  не здзіўляецца яго нястрыманым паводзінам. 

Не дзіва, што сын там нешта крычаў ды лаяўся. Ён ведае, што сядзіць несправядліва, незаконна. За што яго было яшчэ раз судзіць? Яго ўтрымліваюць як закладніка. І што ён  павінен гаварыць: «Дзякуй», «Выбачайце»? Тое, што яму не даюць рэгулярна патрэбныя прэпараты, можа скончыцца плачэўна. У такой сітуацыі ў сына наогул мяняецца псіхіка. Уявіце, ён амаль год сядзіць у бруднай цёмнай камеры. Яны яго гнятуць, а ён  не маўчыць. Не кожны дарослы такое вытрымае, – кажа Міхаіл Лапуноў. 

З улікам змен у заканадаўстве падлетку пералічаны тэрмін, які ён правёў у СІЗА да суда (дзень у СІЗА за два дні ў калоніі для непаўналетніх), і ў выніку Залатароў будзе сядзець яшчэ 4,5 года. 

«Кактэйль Молатава», якога не было 

Нагадаем, што сёлета  ў лютым суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Дэбой пакараў падлетка Залатарова 5 гадамі пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі за «масавыя беспарадкі» ў жніўні 2020 года і супраціў міліцыі з выкарыстаннем «кактэйлю Молатава», хоць ніякіх «кактэйляў» і наогул чаго-кольвечы падлетак у бок міліцыі не кідаў.

Міліцыя затрымала Мікіту 11 жніўня мінулага года дома, калі бацькоў не было. Быў толькі старэйшы брат. Вывелі 16-гадовага падлетка ў адных майтках. Суседзі абурыліся, сарамацілі міліцыянтаў. І толькі пасля гэтага хлопцу дазволілі адзецца.

«Мікіту забралі раніцай, а вечарам ён апынуўся ў рэанімацыі абласной дзіцячай бальніцы на вуліцы Жаркоўскага», – распавядаў у жніўні бацька Мікіты.

На сваю бяду падлетак увечары 10 жніўня паехаў у цэнтр горада, дзе праходзілі пратэстныя маршы супраць фальсіфікацыі  выбараў і гвалту сілавікоў. У тралейбусе ўбачыў Леаніда, якому прыяцель Мікіты даводзіцца пляменнікам – той ехаў у цэнтр зняць «крутое відэа» для сайта «ЧП Гомель», а Мікіта з прыяцелем – падзівавацца. 

На цэнтральнай плошчы амапаўцы ўжо разганялі пратэстоўцаў, і хлопцы разбегліся. Знайшліся аж на праспекце Леніна. Там да іх далучыўся Дзмітрый, 25-гадовы жыхар Добруша. Неаднаразова быў судзімы, прыехаў у Гомель і меў бутэльку з гаручай вадкасцю. Акурат Дзмітрый, як выявілася на судзе, і кідаў бутэльку (па версіі следства – «кактэйль Молатава»)  у бок міліцыянераў, калі тыя выскачылі з мікрааўтобуса, каб «зачысціць» праспект паблізу вакзала. Бутэлька не ўзарвалася, бо ў ёй не было кнота – Дзмітрый наогул нічога не падпальваў.  Ніхто ад той бутэлькі не пацярпеў, нікому з міліцыянераў нават чаравікі не запырскала. Гэта было ўстаноўлена на судзе. 

Паводле матэрыялаў следства, экспертыза выявіла на аскепках шкла разбітай бутэлькі  сляды бензіну і мінеральнага масла. Аднак эксперты не ўказалі, што бутэлька была “прыведзена ў дзеянне”. У абаронцаў фігурантаў справы наогул узнік вялікі сумнеў, што кінутую Дзмітрыем бутэльку з вадкасцю можна прыраўняць ці аднесці да “кактэйлю Молатава”. 

Адвакатка, якая абараняла ў судзе дабрушаніна Дзмітрыя, адкрыта заявіла, што нават  з боку яе падабароннага не было ўзброенага супраціву прадстаўнікам улады, якім, паводле следства, “стала кіданне бутэлькі з вадкасцю ў бок супрацоўнікаў міліцыі”. Чаму? Няма спраўджаных доказаў, што бутэлька – сапраўды “кактэйль Молатава”.  Абвінавачванне цалкам пабудавана на дапушчэннях і здагадках, і асабліва гэта бачна на прыкладзе прэтэнзій да Мікіты Залатарова.

Ніяк не зафіксаваны ў крымінальнай справе і масавыя беспарадкі. Ні воклічаў, ні фаераў, ні шэсцяў, ні перашкодаў руху. Наадварот,  гараджане спыняюцца на сігналы святлафораў, звыкла ездзіць па вуліцах транспарт.

Але міліцыянты даклалі ў «дзяжурку», што быў «кактэйль Молатава». Леаніда затрымалі, высветлілі, што ён тэлефанаваў Залатарову ў пошуках пляменніка.

Назаўтра затрымалі Залатарова. Следства стала раскручваць крымінальную справу пра «гвалт у дачыненні міліцыі» з прымяненнем  «кактэйлю Молатава». Выглядала, што і ў Мікіты была бутэлька з нейкай вадкасцю, якую ён выкінуў у сметніцу па дарозе дадому. Ніхто той бутэлькі не знайшоў і не даследаваў. Тым не менш,  падлетка разам з іншымі двума фігурантамі абвінавацілі ў актыўным удзеле ў «масавых беспарадках» і «супраціве міліцыі»  з прымяненнем «кактэйлю Молатава». 

Суд адмераў  Залатарову  5 гадоў выхаваўчай калоніі. Старэйшыя фігуранты гэтай справы атрымалі яшчэ болей: Леанід – 6 гадоў няволі,  Дзмітрый – 8. 

Пасля абвяшчэння прысуду Мікіта ўпаў у істэрыку, кінуўся на краты судовай «клеткі» з крыкам: «Выпусціце мяне адсюль!».

Закладнік несумленных выбараў

Бацькі Мікіты  Лілія Залатарова і Міхаіл Лапуноў перакананы: сын не сядзеў бы ў СІЗА і наогул не было б падобных  судоў, калі б у краіне былі справядлівыя выбары.

“Я муху не пакрыўджу, калі да мяне нармальнае стаўленне…”
Бацькі Залатарова. Фота аўтара.

Наш Мікіта не злачынца, ён  закладнік, – не перастае паўтараць Міхаіл Рыгоравіч.  

А пачалося ўсё на тле пратэстаў супраць несумленных выбараў. Мікіту схапілі, абвінавацілі ў кіданні «кактэйлю Молатава», білі. Падлетак, хворы на эпілепсію, апынуўся ў рэанімацыі. Потым знайшоўся іншы чалавек, які сапраўды кідаў бутэльку з нейкай вадкасцю. 

На той час Мікіта сядзеў у ізалятары ўжо два месяцы, – зазначае Лапуноў. – Сына трэба было вызваляць. Але хто возьме на сябе адказнасць за тое, што дзіця сядзіць  за кратамі  ўжо два месяцы, што з яго здзекуюцца, не даюць патрэбных лекаў? Гэта ж параза ўсёй прававой сістэмы, якой  «не да законаў». 

Міхаіл з Ліляй  перакананы, што сын не ў СІЗА мусіць сядзець, а лячыцца ў бальніцы, вучыцца ў дзевятым класе, а не засвойваць у нялюдскіх  умовах «турэмныя ўніверсітэты».

Калі б выбары ў краіне былі сумленнымі, дэмакратычнымі,  – дадае  Міхаіл Лапуноў, – ніхто б не пацярпеў, не было б паламаных лёсаў беларускіх грамадзян. Ніхто б не памёр, не ляжаў у шпіталях, не сядзеў бы ў турмах. І эканоміка  мела б развіццё. Цяпер  маем трагічныя наступствы.

І ў словах бацькі падлетка свая сярмяжная праўда.

Публікацыя – з № 56 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: