Андрэй Мядзведзеў

Пасля ператрусаў і допытаў у Рэчыцкім міжрайаддзеле аддзеле УКДБ па Гомельскай вобласці Беларусь вымушана пакінуў рэдактар сайта «Палеская Вясна», сябра ГА «БАЖ» Андрэй Мядзведзеў. На сваёй старонцы ў Facebook Андрэй змясціў грунтоўны допіс аб тым, што з ім адбылося.

Паводле расповеду журналіста, яшчэ 12 ліпеня яму пачаў настойліва (па некалькі разоў на дзень) званіць оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Рэчыцкага РАУС. Андрэй з’ехаў у Калінкавічы, дзе праходзіла яго дзяцінства. Слухаўку не браў. Недзе за тыдзень да тых тэлефанаванняў Мядзведзеў быў на апытанні якраз у гэтага супрацоўніка па справе вышуку колішняга наведніка курсаў «Мова нанова», якога міліцыя цяпер абвінавачвае ў злачынстве. Андрэй ужо года паўтара не бачыў і не чуў пра падазраванага фігуранта абсалютна нічога, аб чым і паведаміў аператыўніку. Таму настойлівыя тэлефанаванні стаў адносіць да сябе асабіста, лічачы іх спробай затрымаць яго ў нейкай палітычна матываванай справе.

16 ліпеня раніцай да Мядзведзева ў калінкавіцкую кватэру ўварваліся супрацоўнікі УКДБ. Яны прад’явілі пастанову на ператрус у межах невядомай справы паводле артыкула 289 Крымінальнага кодэкса – «Акт тэрарызму». У журналіста забралі ноўтбук, тэлефон і тэчку з квіткамі з паездак на грамадскім транспарце, якія некаторыя рэдакцыі часам кампенсуюць. Проста пры панятых (добрых суседзях, якія нават спрачаліся з сілавікамі) старшы групы патрабаваў назваць пароль ад тэлефона. Андрэй адмовіўся гэта зрабіць.

Пасля ператрусу журналіста «запакавалі» у чорную «Джылі» і павезлі ў Рэчыцу. Прывезлі ў тамтэйшы аддзел КДБ. Зноў было патрабаванне назваць пароль ад тэлефона. Андрэй зноў адмовіўся. Мядзведзева завезлі ў яго рэчыцкую кватэру, дзе таксама зрабілі вобшук – другі пасля 16 лютага.

Не знайшоўшы нічога падазронага, супрацоўнікі КДБ вырашылі забраць налепкі, якія колісь можна было дармова браць у краме Symbal.by. Мядзведзеў як выкладчык дарыў іх у якасці прызоў на курсах «Мова нанова» пераможцам некаторых конкурсаў.

Пасля чарговага ператрусу, піша Мядзведзеў, яго вярнулі ў Рэчыцкі міжрайаддзел УКДБ. Правялі там два допыты. Адзін – пра суполкі «ОГСБ» і «Буслы ляцяць», у якіх Андрэй наагул не браў ніякага ўдзелу.

Другі допыт адбыўся пасля таго, як адзін з супрацоўнікаў, з выкарыстаннем жорсткіх метадаў, дамогся пароля ад тэлефона. Допыт быў датычны ў асноўным земляка і даўняга сябра Мядзведзева – той з прычыны палітычнага пераследу мусіў яшчэ ўвосень уцячы з краіны.

«Пасля допытаў, – піша Андрэй мядзведзеў, – мяне прывялі ў кабінет начальніка аддзела, ён стаў пагражаць, што адправіць мяне ў СІЗА (прычым, чамусьці ажно ў Магілёў, быццам у Гомелі ўжо і месцаў няма). І патрабаваў выканаць дзве ўмовы вызвалення. Адну ўмову многія, мяркую, бачылі – гэта відэа, дзе я на эпічнай трасянцы спрабую паўтарыць сказанае супрацоўнікам КДБ традыцыйнае аб тым, што «паддаўся тлятворнаму ўплыву дэструкцыйных тэлеграм-каналаў». Другая ўмова – падпісаць паперу аб супрацоўніцтве».

Журналіст сцвярджае, што супрацоўнічаць з «гэтай канторай» ён ніколі не збіраўся і не збіраецца. Але менавіта выстаўленая ўмова стала чыннікам, які канчаткова падштурхнуў яго да рашэння з’язджаць з краіны, пакуль не прымусілі «стучаць» на кагосьці з сяброў, альбо не заграблі зноўку «ў свае лапы».

«Хачу, каб усе ведалі: я тую паперку падпісаў, але без аніякіх намераў выконваць! Бо мая мэта была выйсці адтуль, калі быў такі шанец, і рабіць тое, што я мушу рабіць як сумленны чалавек. А паперчына тая наўрад ці мае нейкую юрыдычную моц. Для мяне, прынамсі, дакладна не мае. Спадзяюся, што людзі, якія ўяўляюць, што такое трапіць у кіпцюры гэтых структураў, зразумеюць мой крок. І сапраўды, як толькі відэа і паперка з’явіліся ў руках <супрацоўнікаў КДБ>, яны мяне выпусцілі», – зазначае ў сваім допісе Мядзведзеў.

Праз дзень журналіст пакінуў Беларусь.

Аляксей ЖУРОВІЧ

Поделиться ссылкой: