«Зачыстка». Улады ліквідуюць дзясяткі беларускіх НДА. СПІС
БАЖ

23 ліпеня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі ліквідуе шэраг самых розных беларускіх арганізацыяў. На цяперашні момант “Радыё Свабодзе” вядома ўжо больш за чатыры дзясяткі арганізацый, які трапілі пад ліквідацыю.

Паводле праваабаронцащ, сярод тых, хто трапіў пад ціск уладаў:

  1. Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацыі – арганізацыя, якая займалася падтрымкай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і развіццём рэгіёнаў;
  2. Youth Labor Rights – арганізацыя, якая юрыдычна дапамагала маладым спецыялістам;
  3. European Youth Parliament – мадэляванае дзейнасці Еўрапарламенту ў Беларусі;
  4. Цэнтр прававой інфармацыі Lawtrend;
  5. Дабрачынная платформа «Имена»;
  6. «Цэнтр прававой трансфармацыі»;
  7. Праваабарончы цэнтр Human Constanta;
  8. Цэнтр экалагічных рашэнняў;
  9. Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая бібліятэка»;
  10. Беларуская асацыяцыя журналістаў;
  11. ПЭН-цэнтр;
  12. Рух «За свабоду»;
  13. «Прэс-клуб»;
  14. Інфармацыйна-культурны цэнтр «ІніцыАрт»;
  15. «Тэрыторыя правоў»;
  16. «Еўрапейскі дыялог»;
  17. Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА»;
  18. Цэнтр еўрапейскіх даследванняў;
  19. Сацыяльна-інфармацыйная ўстанова «ТаймАкт»;
  20. Арт-сядзіба;
  21. Бізнэс-школа ІПМ;
  22. «Майстэрня сацыяльнага кіно»;
  23. «Офіс прасоўвання ініцыятыў»;
  24. Цэнтр аматараў жывёлаў «ЛАВБРЫЛ»;
  25. Культурна-асветнiцкая ўстанова «АСЕТ»;
  26. «Цэнтр стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў»;
  27. «Офіс правоў людзей з інваліднасцю»;
  28. Кансультацыйна-асветніцкая ўстанова па ахове прыроды «Экаасяроддзе»;
  29. Асветніцкая ўстанова «Сацыяльныя інтэрвенцыі»;
  30. Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Амарока»;
  31. Рэгіянальны цэнтр экспертызы «Экадэмія»;
  32. Культурна-асветніцкая ўстанова «Садзейнічанне культурнаму развіццю гарадоў»;
  33. Культурна-асветніцкая ўстанова «Крэсы»;
  34. Культурна-асветніцкая ўстанова па працы з насельніцтвам і самаразвіцці «Агульная будучыня»;
  35. Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Пенсійны выпадак»;
  36. Цэнтр сацыяльнай дапамогі і падтрымкі груп рызыкі «Стымул да поспеху»;
  37. Прыватная інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Ноктуам»;
  38. Прыватная культурна-асветніцкая ўстанова «Веданта вада»;
  39. «Магілёўскі моладзевы цэнтр»;
  40. Сацыяльна-асветніцкая ўстанова ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны «УНОВІС-форум»;
  41. Прыватная культурна-асветніцкая ўстанова «Гендэрны адказ»;
  42. Цэнтр урбаністычных праектаў і ініцыятыў «Прастора»;
  43. Праваабаронча-асветніцкая ўстанова ў галіне экалагічных і маёмасных правоў «Ваколіца»;
  44. Прыватная культурна-асветніцкая ўстанова «Лідэр новай эпохі»;
  45. Сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры «Мова нанова»;
  46. Установа «Гарадское развіццё», якая займалася тэмай здароўя мужчын у Беларусі;
  47. «Цэнтр рэгіянальнага развіцця ГДФ» (Гомель).

Дабрачынны праект «Имена» пракаментаваў рашэнне ўладаў пра ліквідацыю ў пазасудовым парадку.

«Безумоўна, мы будзем аспрэчваць гэтае рашэнне і лічым яго неабгрунтаваным. Мы рыхтуем пазоў у суд. Мы будзем змагацца дзеля нашых праектаў, дзеля тых тысяч людзей, якім мы з вамі патрэбны. Дзеля вас, сябры, дзясяткаў тысяч чалавек, якія нас падтрымліваюць ужо шмат гадоў і дзякуючы якім у нас атрымалася зрабіць столькі добрага і важнага».

Прадстаўнік «Мова нанова» Глеб Лабадзенка напісаў, што ініцыятыва «ня столькі курсы, бо найперш гэта – тысячы людзей, якія за 7 гадоў прайшлі праз курсы, і атрыманыя веды ды любоў да Беларушчыны немагчыма ліквідаваць». Ён заклікаў не расчароўвацца і пераходзіць на беларускую мову, паўсюдна размаўляючы на ёй.

Пераслед няўрадавых арганізацый

23 ліпеня стала вядома, што ўстанова Human Constanta, зарэгістраваная ў 2016 годзе, з 22 ліпеня знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі, як і многія іншыя ўстановы.

«Такое рашэнне прыняў Менскі гарвыканкам. Пра гэта мы даведаліся з сайту АДР (ЕГР) – з якой прычыны нас вырашылі ліквідаваць, нам, вядома, ніхто не паведаміў. Нам абсалютна зразумела, што такім чынам працягваецца барацьба з праваабарончымі, некамерцыйнымі, асветніцкімі арганізацыямі, якія ў сваёй дзейнасці прытрымліваюцца прынцыпаў гуманізму, роўнасці, негвалтоўнасці, дэмакратыі і выкарыстоўваюць праваабарончы падыход. Ціск на грамадзянскую супольнасць у Беларусі ўзмацняецца», – заявілі ў арганізацыі.

22 ліпеня раніцай у Адзіным рэгістры юрыдычных асоб з’явілася інфармацыя пра ліквідацыю арганізацыі «Цэнтар прававой трансфармацыі» (арганізацыя займалася «павышэннем прававой культуры, арганізацыяй асветніцкай, аналітычнай і даследчай дзейнасці ў галіне права». 14 ліпеня сілавікі прыходзілі з ператрусам у офіс цэнтру і да дырэктаркі Вольгі Смалянкі).

22 ліпеня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі Беларусі падало пазоў аб ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтру. Прадстаўнікі арганізацыі атрымалі ліст, што ім трэба а 10-й раніцы 20 ліпеня прыйсці на апытанне для падрыхтоўкі да судовага працэсу.

Пры гэтым сам ліст атрымалі сёння, 22 ліпеня, напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку намесніца старшыні ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай.

21 ліпеня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі Беларусі вырашыла ліквідаваць Беларускую асацыяцыю журналістаў (БАЖ). Адпаведны пазоў міністэрства знаходзіцца ўжо ў Вярхоўным судзе.

У папярэджанні, сярод іншага, гаворыцца, што кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў не падало на праверку неабходныя дакументы, з чаго паўсталі пытанні адносна дзейнасці арганізацыі. Міністэрства юстыцыі падало пазоў у Вярхоўны суд аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У адказ БАЖ нагадвае, што 14 ліпеня минскі офіс быў разгромлены і апячатаны супрацоўнікамі МУС – паўторна ў гэтым годзе. У кіраўніцтва няма доступу да статутных дакументаў, пячаткі і дамоваў арэнды, згаданых у папярэджанні. Нават невядома, якія рэчы вывезеныя.

Судовае пасяджэнне па пазове Міністэрства юстыцыі аб прыпыненні дзейнасці руху «За свабоду» прызначылі на 27 ліпеня. Тым часам стала вядома, што Вярхоўны суд прызначыў на пазоў Міністэрства юстыцыі працэс аб спыненні дзейнасці арганізацыі «Прававая ініцыятыва». Разбор у справе запланаваны на раніцу 30 ліпеня.

Што на гэты конт казаў Лукашэнка

На нарадзе з кіраўніцтвам Савету Міністраў 22 ліпеня Лукашэнка закрануў пытанне грамадзянскай супольнасці.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за “дэмакратыяй” і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня ўспрыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

Цяпер, па словах Лукашэнкі, ва ўладзе азірнуліся, зразумеўшы, што гэта «шкода для дзяржавы», піша БелТА.

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», – сказаў Лукашэнка.

Поделиться ссылкой: