Юрый і Настасся Губарэвічы

“Народная Воля” паразмаўляла са старшынёй руху “За Свабоду” не толькі пра ягоны нядаўні развод з жонкай, але і пра ператрус, які зладзілі сілавікі па месцы прапіскі, а таксама пра магчымы дыялог з Лукашэнкам і эміграцыю. 

– Юрый, а вы былі ў кватэры, калі прыйшлі сілавікі?

– Не, бо мы ў разводзе, я там працяглы час не пражываю. Але на камерах відэаназірання бачыў, што Стасю пасля вобшуку пяцёра невядомых некуда павялі. 

– Калі вы паспелі развесціся, бо, здаецца, зусім нядаўна разам давалі такое прасякнутае промнямі кахання інтэрв’ю…

– Так часам здараецца ў жыцці…

– У вас цяпер новая жонка?

– Не, няма. Складана ўсё занадта было, таму і разышліся. Не з-за палітыкі, таму што ў жонкі былі такія ж самыя погляды, як і ў мяне. Тут як раз пытанняў і не ўзнікала. Але былі іншыя жыццёвыя перакручастасці.

– Дзеці з кім засталіся?

– З мамай. Малодшая дачка падчас ператрусу была дома, а старэйшая адлучылася па сваіх справах.

– Колькі вашым дочкам гадоў, нагадайце, калі ласка?

– Старэйшай 17, малодшай – 13.

Падчас ператрусу, між іншым, цікавіліся, дзе я знаходжуся, хаця мяне не мае сэнсу шукаць па тым адрасе. Але паколькі фармальна прапісаны, то прыходзяць туды…

– Вы ў Беларусі знаходзіцеся ці як некаторыя з’ехалі за мяжу, каб перачакаць складаныя часы?

– У Беларусі. Днямі быў у Вярхоўным судзе. Я асабліва і не хаваюся. Але ізноў – калі пытанні ёсць у праваахоўных органаў да мяне, то чаму наўпрост не патэлефанаваць? Не тэлефанавалі, павестак не дасылалі, на размовы не запрашалі.

– А ўвогуле які ў вас настрой у сувязі з тым, што адбываецца ў краіне? 

– Ну а які тут можа быць настрой? Мы не адзіныя, хто сёння апынуўся пад прэсам. Больш за два дзясяткі НДА патрапілі пад вобшукі на офісах і па хатніх адрасах. У нас прыходзілі з ператрусам да намесніка старшыні Віктара Янчурэвіча, рабілі ператрус у ягоным катэджы, цікавіліся і месцам, дзе пражывае Алесь Міхалевіч. Таму я не сказаў бы, што гэта такая нейкая персанальная ўвага да руху “За Свабоду”. Мы працягваем па легальных каналах камунікаваць з дзяржаўнымі органамі, тым жа Мінюстам, Вярхоўным судом, дзе зараз будзе разглядацца справа аб прыпыненні дзейнасці руху “За Свабоду”. Мы не пераходзім на падпольнае існаванне і, маючы рэгістрацыю, спрабуем усе праблемы, якія на нас абрынуліся, вырашаць адкрыта і легальна.

– Як думаеце, дзейнасць руху “За свабоду” будзе прыпынена?

– Нават фармальных падстаў для гэтага няма. Нам вынеслі папярэджанне, якое па розных прычынах не трапіла ў рукі кіраўніцтву. І паколькі мы не ведалі пра яго, то не змаглі адрэагаваць.

– З-за чаго ўзніклі праблемы?

– Мінюст палічыў, што ў 2020 годзе скончыўся тэрмін паўнамоцтваў кіраўніцтва руху, але яны былі працягнутыя ў 2018 годзе тэрмінам на чатыры гады. Была праведзена канферэнцыя, па выніках якой мы своечасова ўсе дакументы здалі ў Мінюст. Чыноўнікі Мінюста, відаць, проста няўважліва паглядзелі, што ў іх ёсць у матэрыялах справы па руху “За Свабоду”.

Другі момант быў звязаны з юрыдычным адрасам – у Мінюсце чамусьці палічылі, што мы яго не маем. Хаця падчас нядаўняй комплекснай праверкі мы здалі ў Мінюст і дамову аб арэндзе юрыдычнага адраса, і дакументы, якія пацвярджаюць аплату да кастрычніка бягучага года. На дасудовай сустрэчы ў Вярхоўным судзе я прапаноўваў прыпыніць справу, бо падстаў для разгляду няма, аднак, напэўна, прадстаўнік Мінюста не быў упаўнаважаны такія рашэнні прымаць. Таму прызначана дата суда на 27 ліпеня.

– На ваш погляд, як сёння можна спыніць рэпрэсіі ў краіне і нармалізаваць сітуацыю? Існуе думка, што чым мацней будуць санкцыі, тым больш жорстка ўлада будзе абыходзіцца з тымі, хто застаўся ў Беларусі…

– Я лічу, што санкцыі і ўзмацненне рэпрэсій – гэта два паралельныя і не ўзаемазвязаныя працэсы.  Хутчэй за ўсё, улады дзейнічаюць у рэчышчы татальнай зачысткі ўсяго жывога ў Беларусі. Але гэта адбывалася б і без санкцый – рэжым разумее, што не мае вялікай грамадскай падтрымкі, што глеба вельмі няўстойлівая пад нагамі. Таму і спрабуюць закатаць у асфальт абсалютна ўсіх, каб ніякіх нават парасткаў не было. 

Зараз ад персанальных рэпрэсій перайшлі да сектаральных: проста за прыналежнасць да пэўнай групы любы чалавек можа патрапіць пад пераслед. Тое самае тычыцца і сродкаў масавай інфармацыі і некаторых грамадскіх арганізацый: сярод тых, хто трапіў пад зачыстку, ёсць абсалютна нейтральныя рэгіянальныя выданні і арганізацыі, якія займаліся вузкаспецыфічнымі справамі культуры, сацыяльнай дапамогай, але ўсё роўна трапілі пад каток рэпрэсій.

У гэтай сітуацыі варта было б ісці да ўнутрыбеларускага дыялогу, бо доўга так працягвацца не можа. Трэба задумацца над шляхамі выхаду з гэтага крызісу.

– Вы асабіста гатовы да дыялогу персанальна з Лукашэнкам?

– Безумоўна, як і прадстаўнікі іншых дэмакратычных сіл, я гатовы прыняць удзел у дыялогу. Асноўныя пытанні – вызваленне палітвязняў, безумоўная рэабілітацыя тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій і пакаранне тых, хто перавысіў закон ў выпадку гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да мірных грамадзян. Ну і, зразумела, новыя выбары.

Але заўважце: са свайго боку ўлада не робіць абсалютна ніякіх крокаў у такім накірунку. У сітуацыі, калі публічныя масавыя пратэсты адсутнічаюць больш за паўгода, усё роўна раскручваецца махавік рэпрэсій.

– Сёння нават некаторыя палітыкі перастрахоўваюцца і не робяць рэзкіх выказванняў, бо ведаюць, што ў любы момант могуць прыйсці і за імі. У вас ёсць пачуццё страху?

– Страху няма, але ёсць разуменне, што ў Беларусі зараз можна адбыцца усё што заўгодна. Бо тут, як усе мы чулі, “крыху не да законаў”.

Канешне, я разумею, што ў любы момант магу быць арыштаваным, супраць мяне могуць выставіць любое, нават самае абсурднае абвінавачанне, але тым не менш я застаюся ў Беларусі. З’язджаць пакуль не планую.

ЯК УСЁ БЫЛО

“Рэчы проста змахвалі з камода на падлогу”

Настасся Губарэвіч распавяла “Народнай Волі”, чаму да яе прыйшлі з ператрусам.

– Да нас прыйшлі прыкладна а 9.40 раніцы з пастановай на вобшук, выпісанай на імя Юрася Губарэвіча, бо ён прапісаны ў маёй кватэры, – распавядае былая жонка кіраўніка руху “За Свабоду”. – Я сказала б, што гэта быў нават і не вобшук, а працэдура запалохвання. Сілавікі аглядалі фактычна мой пакой, ператрэслі там усе рэчы, усё раскідалі. Прычым у мяне склалася ўражанне, што рэчы раскідалі менавіта проста каб раскідаць – іх фактычна не пераглядалі. Рэчы проста змахвалі з камода на падлогу.

Знайшлі сцяг, павесілі яго на балконе, мяне прымусілі пераапрануцца ў кашулю з чырвонымі палоскамі і шкарпэткі такога ж колеру. Пасля сфтатаграфавалі і павезлі у РАУС. Прыцягнулі да адказнасці за аднаасобны пікет, я зладзіла на сваім жа балконе. 

– Прабачце, не разумею: як вас прымусілі пераапрануцца?

– Сказалі, калі не пераапрануся, то будуць біць. Частку рэчаў, у тым ліку камп’ютар і тэлефон забралі. У РАУС на мяне склалі пратакол за пікет, але ў гэтым пратаколе нават не адзначаецца, што ў мяне быў вобшук. У пратаколе значыцца, што яны ішлі па вуліцы, убачылі ў мяне на балконе сцяг і таму прыйшлі.

Спачатку мне сказалі, што мяне пасадзяць на 20 сутак, але потым далі велізарны штраф – 70 базавых велічынь. У судзе на мае словы пра тое, як усё было на самай справе, не звярнулі ўвагі.

– Падтрымку з боку экс-мужа адчуваеце?

– Так, ён тэлефанаваў. Мы з ім захавалі больш-менш добрыя стасункі.

Публікацыя – з № 55 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: