Паважаныя чытачы, не здзіўляйцеся, што я зараз прывяду шмат цытат. Пры гэтым – на мове арыгіналаў. Мабыць, вы адразу здагадаецеся, каму яны належаць…

«Наши змагары ненавидят президента за то, что его волей и при поддержке народа русский язык стал одним из государственных. Но ведь это наш язык. И Пушкин – наш писатель. Чехов, Достоевский, Толстой, Шолохов – это наши гении. А ваша Наталья Арсеньева – жена полицая и коллаборациониста. Ваша – старая конъюнктурщица, жалкая злобная плагиаторша Алексиевич. Жадные до грантов, поездок, попоек, лизоблюдства и внимания честолюбивые беллетристы. У вас нет ничего своего, кроме магазина дешёвых и безвкусных сувениров».

«Мне кажется неслучайным, что Светлана Тихановская внешне так похожа на знаменитую психопатку Розалию Землячку. Она пообещала офицерам-белогвардейцам безопасность за то, что те сложат оружие. А потом погрузила их в баржу и приказала её затопить. И радостно пела в этот момент».

«Есть два слова, при упоминании которых у змагаров случается сладострастный экстаз. Нина Багинская. Икона. Звезда. Эталон. Нет таких слов, которые бы описали всю невероятность этой женщины. Она уже 70 лет несёт флаг. Но иногда она несёт бред».

Так, усе гэтыя выказванні належаць прапагандысту канала СТВ Рыгору Азаронку. Яго тэлесюжэты ў хоць крыху адукаваных гледачоў не выклікаюць нічога, акрамя смеху. Бо калі паглыбіцца ў сутнасць многіх цыцат, заўважаеш, што яе зусім няма, а сама балбатня пабудавана выключна на “мове варожасці” і фейках. Няцяжка даказаць, што сюжэты Азаронка – гэта тэлекілерства, якое мае кампраматуючы характар.

Пачну з першага выказвання, дзе аўтар згадвае класікаў. Калі ў беларускіх пратэстах няма нічога дыскрэдытуючага, то трэба нешта прыдумаць, каб скампраметаваць іх удзельнікаў. І вось такія, як Рыгор Азаронак, прыдумалі. Маўляў, бел-чырвона-белы сцяг у гады вайны выкарыстоўвалі калабарацыяністы. Як і вядомы гімн “Магутны Божа”, словы якога напісала ўзгадваемая Рыгорам Азаронкам Наталля Арсеннева. Маўляў, гімн нацысцкі, паколькі напісаны калабаранткай на акупаванай тэрыторыі. 

Ачарненне Наталлі Арсенневай носіць выключна маніпулятыўна-сітуацыйны характар. Яшчэ зусім нядаўна тыя ж дзяржаўныя СМІ зусім па-іншаму ставіліся і да гімна “Магутны Божа”, і да яго аўтара.

Чытаю адну з публікацый ва ўрадавай газеце “Рэспубліка”:

“Фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа” аб’ядноўвае людзей, якія ў паўсядзённым жыцці спрабуюць не забывацца пра высокі сэнс быцця. Ініцыятыва творчага духоўнага форуму ў Магілёве належыць тагачаснаму пробашчу магілёўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай панны Марыі, цяпер біскупу Віцебскаму Уладзіславу Бліну. Назва фэста — з верша Наталлі Арсенневай “Магутны Божа”, які ў спалучэнні з узвышанай музыкай кампазітара Міколы Равенскага стаў сапраўдным духоўным гімнам хрысціян Беларусі. І выконваецца цяпер на самых розных, не толькі рэлігійных мерапрыемствах”.

Раней лукашэнкаўскія прапагандысты не бачылі нічога дрэннага ў згадванні гімна “Магутны Божа” і яе аўтара. А што цяпер? Як кажуць, пераабуліся?

Некалькі слоў пра паэтку Наталлю Арсенневу. Падчас акупацыі яна працавала ў “Минской газете”, якая знаходзілася пад кантролем акупацыйных уладаў. Менавіта таму Рыгор Азаронак характарызуе Наталлю Арсенневу як памагатую нацыстаў. Але падчас вайны ўсе прадпрыемствы, установы і месцы працы знаходзіліся на акупаванай тэрыторыі, ці не так, спадар Азаронак? 

У газеце Наталля Арсеннева пісала пра беларускую культуру і ніякіх матэрыялаў на тэму ўсхвалення гітлерызму і нацызму ніколі не друкавала. Хаця, па праўдзе кажучы, пасля несправядлівых рэпрэсій да савецкай улады сімпатый не адчувала.

Пераходжу да наступнага словавывяржэння Рыгора Азаронка. Святлану Ціханоўскую ён параўноўвае з Разаліяй Зямлячкай. Разбіраюся, чаму менавіта з расійскай рэвалюцыянеркай ён вырашыў правесці паралелі. 

Мабыць, ён меў на ўвазе падзею, у якой удзельнічала Разалія Зямлячка, – так званы “Красный террор в Крыму” пасля ўсталявання савецкай улады. Але ж Ціханоўская не мае ніякага дачынення да тэрору. Вось ужо каторы месяц ён у Беларусі чыніцца з боку рэжыму. Пасля 9 жніўня людзі выйшлі на вуліцы, каб адкрыта сказаць, што іх галасы ўкралі, вынікі прэзідэнцкіх выбараў сфальсіфікаваны, а супраць іх кінулі ўзброены да зубоў АМАП.

А якім трэба быць вычварэнцам, каб сказаць : “…Светлана Тихановская похожа на психопатку Розалию Землячку”. Калі б у нейкай недзяржаўнай газеце хто-небудзь выказаўся ў такой форме супраць самога Азаронка – упэўнена, ён імгненна накатаў бы скаргу пракурору. Вядома ж, Святлана Ціханоўская не стане апускацца да ўзроўню Рыгора Азаронка.

А вось цытата тэлепрапагандыста пра Ніну Багінскую. Акрамя эмацыянальных слоў, фактаў, пацвярджаючых іх змест, няма. Якая розніца, Рыгор, якая ў каго ікона. Кожны моліцца свайму Богу. Якому Богу моліцца Азаронак – усім вядома.

Што я хачу яшчэ сказаць. Выкарыстанне “мовы варожасці”, як гэта ў Рыгора Азаронка, скіравана на дыскрымінацыю пэўных людзей, правакуе злачынствы, таму міжнародныя законы катэгарычна забараняюць такія выказванні. Прапагандысты Аляксандра Лукашэнкі вельмі любяць выглядаць “калумністамі”, “аналітыкамі” або “журналістамі”, спасылаючыся на дэмакратычныя прынцыпы свабоды слова. Але калі пачынаеш аналізаваць іх лексіку, то відавочна адно: гэта сапраўды мова варожасці, што не дазваляецца ў цывілізаваным грамадстве.

Міжволі ўзнікае пытанне: хто ж ён – Рыгор Азаронак? Нарадзіўся ў сям’і сумнавядомага тэлепрапагандыста Юрыя Азаронка. Як кажуць, яблык ад яблыні далёка не коціцца. Вось і дакацілася да СТВ – на гэтым тэлеканале Рыгор “сур’ёзна” разважае пра палітыку і палівае брудам людзей з іншай пазіцыяй.

Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў – рэжысёр. Мабыць, Рыгор не ажыццявіў задуманыя сцэнарыі ў кіно і таму вырашыў іх закінуць на СТВ. Чаму не?

Да 2020 года Азаронак-малодшчы асвятляў рэгіянальныя падзеі на беларускім дзяржаўным тэлебачэнні, але падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта пачаў здымаць сюжэты на палітычныя тэмы. І нават заняўся псіхааналізам, выстаўляючы дыягназы ўсім, хто не захапляецца яго “віртуознай працай”.

Калі пачалася пандэмія каранавірусу, Рыгор агучыў канспіралагічную версію аб паходжанні захворвання. Здагадаецеся, хто вінаваты? ЗША нарабілі бяды, а Лукашэнка цяпер супрацьстаіць пандэміі. Заўважу, у такой канспіралогіі ён не першы.

Рыгор Азаронак публічна абвінавачваў штаб Святланы Ціханоўскай у намерах пабудаваць у Беларусі канцлагер, параўноўваў пратэстоўцаў з нацыстамі і ўсё пашыраў свае канспіралагічныя версіі. Былых супрацоўнікаў тэлебачання абвінавачваў у дэманстратыўным звальненні і далучэнні да пратэстаў узамен на “вялікія грошы”. Цікава, а колькі плацяць Рыгору за хлусню на дзяржаўным узроўні? Толькі медалямі “За отвагу”? 

Узгадаем, Рыгор Азаронак зняў сюжэт пра нібыта камфортныя ўмовы ў СІЗА. І як казала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на сустрэчы са студэнтамі БДУ:“Я там не была. Не знаю, какие условия”. Затое я не па добрай волі правяла за кратамі цэлых 30 сутак і магу распавесці за кубачкам гарбаты з малінавым варэннем, якія там “камфортныя ўмовы”. У камеры, скажам, на чатыры месцы пятнаццаць палітзняволеных, а то і болей. За месяц – ні адной перадачы, хаця сваякі разлічвалі, што ўсе яны будуць уручаны асуджаным своечасова. А пра душ – і гаворкі няма…

Творчасць Рыгора нагадвае колішнюю дзейнасць яго бацькі – Юрыя Азаронка. Ён “праславіўся” ў 1995 годзе пасля таго, як зняў дакументальны фільм “Ненависть: дети лжи”, у якім параўнаў калабарантаў часоў Другой сусветнай вайны з сучаснымі беларускімі нацыяналістамі. І ў сына такія ж нічым не падмацаваныя закідоны.

Спадзяюся, што ў новай Беларусі Рыгор Азаронак здыме рэальны рэпартаж з СІЗА, а ўсе яго выказванні застануцца прадметам філалагічных даследаванняў.

Глафіра ЖУК,

пакараная 30 суткамі арышту, што прыйшла ў суд, каб падтрымаць калег-студэнтаў і напісаць рэпартаж для “Народнай Волі”.

Поделиться ссылкой: