Што людзі ў масках другі тыдзень робяць у доме на Дзяржынскага, 119?
Ранішні візіт людзей у масках у адзін з пад'ездаў па Дзяржынскага, 119 / Еўрарадыё

Маштабная аперацыя з правядзеннем ператрусаў разгарнулася ў “пратэставым” доме па вуліцы Дзяржынскага, 119 у Мінску. З мінулага тыдня там гаспадараць сілавікі: людзі ў масках з заплечнікамі ходзяць па кватэрах і пад’ездах. Еўрарадыё даведалася падрабязнасці ў жыхара дома, у чыю кватэру завіталі няпрошаныя госці з ордэрам.

— 20 ліпеня прыкладна а сёмай гадзіне раніцы пазванілі ў дзверы, пачалі стукаць. У мяне дзверы ў кватэру не ламалі, стукалі доўга і ўпарта, але сказалі, што калі б не адчыніў, то прыйшлі б з САХРам. Думаю, пужалі, — кажа мужчына. — Нібыта шмат да каго прыйшлі, вакол дома было шмат тыповых бусаў, шмат сілавікоў. Кажуць, што 150 ордэраў выпісалі на ператрусы.

Што людзі ў масках другі тыдзень робяць у доме на Дзяржынскага, 119?
Ранішні візіт людзей у масках у адзін з пад’ездаў па Дзяржынскага, 119 / Еўрарадыё

У людзей у масках з сабой вялікія заплечнікі. Не выключана, што там можа знаходзіцца абсталяванне для расчынення дзвярэй тых жыхароў, якія не хочуць адчыняць людзям у балаклавах і цывільным адзенні.

— Пасведчанне паказвалі, але так, каб не асабліва можна было прачытаць. Былі з пастановай аб ператрусе, яна была падпісаная намеснікам генеральнага пракурора. На ордэры я не бачыў ніякай пячаткі — не ведаю, павінна яна там быць ці не, — сумняваецца жыхар дома. — Артыкула, па якім быў ператрус, ці то 298 КК РБ, “Неналежнае выкананне абавязкаў па ахове зброі”, ці то 289, “Акт тэрарызму”, я дакладна не разгледзеў. І хоць пазначаны такія артыкулы, але яны пастаянна пыталіся пра сцягі, шукалі нейкія сцягі. Чаму прыйшлі да мяне — паняцця не маю. Раней нідзе не свяціўся, затрыманняў не было.

Што людзі ў масках другі тыдзень робяць у доме на Дзяржынскага, 119?
Ранішні візіт людзей у масках у адзін з пад’ездаў па Дзяржынскага, 119 / Еўрарадыё

Жыхары дома карыстаюцца камерамі вонкавага назірання. Па іх словах, праз нейкі час пасля пачатку ператрусаў відэаназіранне адключылі. Яго ўключылі толькі тады, калі ўсё скончылася. Вось відэа з месца падзей — пакуль камеры яшчэ працавалі:

— У якім я статусе — не ведаю. У час іх візіту мне нічога не аб’яўлялі — ці я падазраваны, ці сведка, — працягвае мужчына. — Канфіскавалі камп’ютары, як сказалі, “на экспертызу”, ніякіх папер на канфіскаваную тэхніку не пакінулі. Ператрус чамусьці праводзілі супрацоўнікі з Заводскага раёна. Прывезлі мяне ў Маскоўскае РУУС, далі падпісаць папярэджанне аб адказнасці за ўдзел у экстрэмісцкіх групах і пратакол допыту. Дапытвалі на прадмет “ці ўдзельнічалі вы ў мітынгах”, “як ставішся да ўлады”, “ці ўваходзіш у экстрэмісцкія групы”.

— Думаю, гэта помста за нашую актыўную пазіцыю ў першыя паўгода пасля выбараў, — мяркуе мужчына. — У нас вельмі доўга была БЧБ-падсветка ў пад’ездах, на даху быў налеплены вялікі надпіс “Жыве Беларусь!”, былі дваровыя маршы.

У інстаграм-акаўнце “Товарищество Дзержинского 119” можна знайсці фота- і відэасправаздачы мясцовых актывістаў, якія ўпрыгожваюць дом бел-чырвона-белымі сцягамі і малююць муралы на прылеглай да дома тэрыторыі.

Што людзі ў масках другі тыдзень робяць у доме на Дзяржынскага, 119?
Такім быў дом на Дзяржынскага, 119: выгляд збоку і зверху / Еўрарадыё

Поделиться ссылкой: