Памёр пісьменнік і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў. У яго быў каронавірус

Развітанне з творцам пройдзе 22 ліпеня ў будынку мінскага крэматорыю, жалобная цырымонія запланаваная ў вузкім коле, паведамляе Радыё Свабода. 

Паводле Алеся Аркуша, калегі Уладзімера Сіўчыкава, ён наракаў, што вельмі цяжка перажыў каронавірус, бо мае цукровіцу. Яму надзвычай цяжка было перасоўвацца, быў агульны кепскі стан.

Уладзімер Сіўчыкаў нарадзіўся 3 траўня 1958 году ў Жодзіна. Пісьменнік, перакладчык, мастак, выдавец.

Скончыў педагагічнае аддзяленне Мінскай мастацкай вучэльні. Працаваў настаўнікам малявання і крэслення ў Траянаўскай сярэдняй школе Барысаўскага раёну.

Пасля службы ў войску быў мастаком-афарміцелем у Мінскім палацы чыгуначнікаў. У 1981 годзе паступіў на філалагічны факультэт БДУ, удзельнічаў у згуртаванні «Беларуская Майстроўня». Падчас вучобы праходзіў стаж у Тбіліскім дзяржаўным універсітэце, вывучаў грузінскую мову і літаратуру.

Пасля атрымання дыплому працаваў рэдактарам аддзелу літаратуры і мастацтва, адказным сакратаром часопіса для дзяцей і падлеткаў «Бярозка». З 1990 году – прэзідэнт Беларускай асацыяцыі дэтэктыўнага, прыгодніцкага і палітычнага раману, з 1994-га – дырэктар выдавецтва «Радыёла-плюс». З пачатку нулявых як індывідуальны прадпрымальнік займаўся ўласнай выдавецкай справай.

Удзельнік літаратурна-грамадскага таварыства «Тутэйшыя», сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-Цэнтру, Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У друку выступаў з 1982 году. Аўтар кніг апавяданняў і п’ес «Гульня ў тастамант», кніг прозы «Лісты да брата», «Бювар», «Уладзевы гісторыі», кнігі паэзіі «Высакосны год», кніг вершаў дзецям «Кошык Велікодны», «Багоўка».

Укладальнік і адзін з аўтараў альбомаў «Жодзінцы. Жывапіс. Графіка. Мастацкае слова», а таксама «Рыцары Пагоні і Арла». Укладальнік зборнікаў дэтэктываў «Кінжал з крыламі» і «Карона Вітаўта Вялікага».

У перакладзе Ўладзімера Сіўчыкава з грузінскай мовы на беларускую апублікаваны раман Надара Думбадзэ «Закон вечнасці», шэраг вершаў і паэмаў у «Анталогіі грузінскай паэзіі» у 2 тамах.

Аўтар творчых партрэтаў беларускіх і замежных мастакоў – Вінцэнта Ван Гога, Язэпа Драздовіча, Аляксея Марачкіна, Івана Міско, Ігара Рымашэўскага і іншых.

Поделиться ссылкой: