Леанід Судаленка. Фота аўтара

У суд Цэнтральнага раёна Гомеля перададзена крымінальная справа палітзняволенага Леаніда Судаленкі. Неўзабаве стане вядомая дата пачатку судовых пасяджэнняў, паведамляюць праваабаронцы. Апошнія шэсць месяцаў Судаленка ўтрымліваецца ў гомельскім СІЗА-3.

Праваабаронцу і старшыню рэгіянальнага аддзялення праваабарончага цэнтру Леаніда Судаленку затрымалі 18 студзеня ў межах крымінальнай справы пра «групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Яго вінавацяць у арганізацыі і фінансаванні пратэстаў – паводле ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Ён праз сацыяльныя сеткі арганізоўваў узімку збор сродкаў на дровы для шматдзетнай сям’і ў Гомельскім раёне, запрашаў сустрэць пасля «сутак» каля ІЧУ Марысю Тульжанкову, распавядаў улетку 2020 года ў інтэрв’ю блогеру Андрэю Павуку з «Рудабельскай паказухі» пра юрыдычную дапамогу і частковую аплату штрафаў удзельнікам пратэсных акцый.

Судаленка не хаваў, што тысячу еўра са сваёй прэміі Французскай Рэспублікі «Свабода-Роўнасць-Братэрства», якой быў уганараваны ў 2017 годзе, ён выдаткаваў на аплату дзяржаўных пошлін за перагляд адміністрацыйных і крымінальных спраў рэпрэсаваных грамадзян у вышэйшых судовых інстанцыях, а таксама на аплату штрафаў. Наколькі вядома, у рэгіянальны праваабарончы цэнтр да арышту Судаленкі звярнуліся каля тысячы чалавек у пошуках сваякоў, па кансультацыі, прававую і матэрыяльную дапамогу.

Анатоль ЛІПСКІ

Поделиться ссылкой: