Дар’я Лосік. Суд за калючым дротам.

Два тыдні – 14 працоўных дзён – дзяжурыць каля гомельскага следчага ізалятара №3 Дар’я Лосік, жонка палітвязня Ігара Лосіка. Хлопца судзяць у СІЗА-3 у закрытым рэжыме разам з палітыкам Мікалаем Статкевічам, блогерамі Сяргеем Ціханоўскім, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым. Усіх іх затрымалі ў маі-чэрвені 2020 года, абвінаваціўшы паводле шэрагу крымінальных артыкулаў – у падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў», «перашкодзе працы ЦВК», «распальванні сацыяльнай варожасці».

Закрыты суд над блогерамі і палітыкам пачаўся 24 чэрвеня. З таго часу Дар’я Лосік і дзяжурыць пад сценамі СІЗА. Месца яе, так бы мовіць, жаночай вахты – лаўка каля турэмнай крамы, дзе прымаюць перадачы для нявольнікаў. Сцены турэмнай установы ўтвараюць тут цень, і летняя спёка пераносіцца крыху лягчэй.

Ніякай інфармацыі пра судовы працэс у мяне няма – суд жа закрылі без усякіх афіцыйных тлумачэнняў. У адвакатаў узялі падпіску аб неразгалошванні. Я толькі ведаю, што муж жывы, на стан здароўя асабліва не скардзіцца. Адчуваю, што мае перажыванні тут дапамагаюць Ігару трымацца там, за кратамі, у камеры і судовай клетцы, – кажа Дар’я.

Дар’я прыехала з Баранавічаў – яна жыве там з дачкою і бацькамі. Да арышту з імі жыў і Ігар. 20 мая яму споўнілася 29 гадоў. У свой час Ігар вучыўся ў Мінску, але адмыслова вярнуўся ў родны горад пасля знаёмства з Дар’яй праз сацыяльную сетку «ВКонтакте». У Баранавічах скончыў універсітэт. Па спецыяльнасці Ігар філолаг, выкладчык замежнай мовы. Аднак выкладчыкам не працаваў, бо пры размеркаванні яму не змаглі знайсці працу па месцы жыхарства – выдалі свабодны дыплом. У сярэдзіне 2000-х Лосік атрымліваў стыпендыю імя Вацлава Гавела. Знаёмства з Дар’яй перарасло ў каханне, і яны пабраліся шлюбам. У 2018 годзе ў маладой сям’і нарадзілася дачушка, яе назвалі Паўлінай.

У якасці спецыяліста па сацыяльных сетках Лосік публікаваў артыкулы на сайце Радыё Свабода, а таксама стварыў палітычны тэлеграм-канал, які летась ужо меў 700 тысяч падпісантаў. 25 чэрвеня 2020 года Ігара арыштавалі, а заснаваны ім тэлеграм-канал праз дзевяць месяцаў прызналі «экстрэмісцкім». За кратамі блогер двойчы трымаў знясільваючую галадоўку і нават учыніў спробу самагубства. Тады Дар’я намагалася сустрэцца хоць з кімсьці са следчых, міліцыі, пракурораў ці кіраўнікоў Беларусі, каб атрымаць адказ на сваё галоўнае пытанне: што муж робіць у турме столькі месяцаў? Яна хацела расказаць адначасова, як гэта – быць кахаючай жонкай і мамай у дэкрэце, якая гатова змагацца за жыццё мужа да апошняга, нават калі ў краіне «парою не да законаў».

Але ні да кога маладая маці не дагрукалася. Ігара з мінскай турмы перавялі ў Жодзіна, а ў чэрвені этапіравалі ў гомельскі СІЗА-3, дзе зараз і судзяць з пяццю іншымі фігурантамі гучнай палітычнай справы.

Каля СІЗА я і дзяжуру ад пачатку суда. Прыязджаю раніцай, каля дзясятай гадзіны, і сяджу да канца працоўнага дня. Адлучаюся, толькі каб выпіць кавы. Бліжэй да галоўнага ўваходу сядзець нельга, бо пагражалі затрымаць. Раней і да лаўкі падыходзілі нейкія супрацоўнікі ў цывільным. Ім карцела паразмаўляць, праўда, з лаўкі не праганялі. Зараз наогул адчапіліся, – распавядае Дар’я.

У дні свайго дбання каля сцен турэмнай установы Дар’я перыядычна рыхтуе мужу перадачы. Падымаецца па прыступках у краму-прыёмнік і перадае мужу розныя побытавыя рэчы, сродкі гігіены, пісьмовыя прылады і, канечне, прадукты. Кажа, што Ігар любіць шакалад, сухафрукты.

Маладая жанчына, поўная рашучасці і адвагі. Папытаўся нават у Дар’і, кім яна больш сябе пачувае, прыходзячы кожны дзень да турмы на вуліцы Кніжнай, – гэткай дзекабрысткай ці бясстрашнай ліцвінскай змагаркай кшталту Эміліі Плятэр?

Я проста жонка і мама, гатовая змагацца за мужа ўсімі магчымымі спосабамі. Каханне да Ігара дае мне сілы, – зазначае маладая жанчына.

У пятніцу вечарам Дар’я вяртаецца з Гомеля машынай дадому ў Баранавічы, да якіх 450 кіламетраў.

Паўлінка радуецца, але заўсёды пытаецца: «Дзе тата?». Для мяне гэта цяжкае пытанне: ёй жа пакуль не патлумачыш, дзе знаходзіцца тата і чаму яго няма. Раней, калі я паказвала дачцэ ў тэлефоне яе здымак з Ігарам альбо яго аднаго, Паўліна клікала: «Тата, ку-ку!» А цяпер пытаецца: «Дзе тата?» І гэта асабліва балюча.

Так і жыве жонка палітвязня: чатыры дні на тыдзень у Гомелі, калі тут з аўторка па пятніцу праходзяць судовыя пасяджэнні, і тры – дома ў Баранавічах з Паўлінкай і бацькамі, на якіх пакідае дачку пры ад’ездзе. Колькі тое дбанне каля СІЗА будзе цягнуцца, Дар’я толкам не ведае. Раней была інфармацыя, што судовы працэс будзе цягнуцца да 30 ліпеня. Аднак гэта недакладна, бо ў крымінальнай справе каля 180 тамоў.

Дар’я паведаміла таксама, што за час закрытага суда ў СІЗА яна атрымала толькі адзін ліст ад Ігара. Пра суд ён, па сутнасці, нічога не піша. Як мяркуе Дар’я, такія лісты турэмная цэнзура наўрад ці выпускае з ізалятара, тым больш што суд афіцыйна абвешчаны закрытым.

Ігар напісаў, што нарэшце атрымаў «Гары Потэра», за што асаблівая падзяка. Настрой яму крыху ўзняло тое, што суд зрабілі ў СІЗА закрытым і судзяць, як нейкіх забойцаў і маньякаў. Ён не чакаў, што ўлады так спужаюцца. На нейкі час гэта і дадало мужу настрою, – кажа жонка палітвязня.

Дакучаюць толькі, паводле ліста Лосіка, і прыніжаюць чалавечую годнасць пастаянныя ператрусы ў камеры з трыбушэннем усіх рэчаў.

«Тут акрамя года незаконнага зняволення і закрытага «суда» вырашылі дабіць яшчэ знявагай чалавечай годнасці. Па-першае, бясконцыя раздзяванні, прысяданні ў голым выглядзе, суправаджэнне ў кайданках у позе «ластаўкі», як быццам я нейкі асабліва небяспечны злачынец», – зазначыў Ігар.

Падчас вахты Дар’і каля сцен СІЗА яе ўжо двойчы наведаў прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта ў рэгіёне, дацэнт універсітэта Віктар Адзіночанка. 18 ліпеня на сваёй старонцы ў Facebook Адзіночанка зрабіў такі запіс:

«Яна (Дар’я) рэгулярна прыходзіць пад СІЗА і сядзіць. Перажывае за мужа. Хоча яго падтрымаць. Не заўсёды так бывае ў сем’ях. Як паказвае мой вопыт, цяжкасці, якія сумесна перажылі, узмацняюць саюзы. Безумоўна, дадзеная сітуацыя не толькі экстрэмальная, але і ненармальная. Жадаю, каб сям’я ўз’ядналася».

Ігару Лосіку, як і Уладзіміру Цыгановічу, следства выставіла канчатковае абвінавачанне на падставе ч.1 арт.293 і ч.3 арт.130 КК – гэта арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам супраць асобы, пагромамі, падпаламі ды збройным супрацівам прадстаўнікам улады. Пакаранне – ад 5 да 15 гадоў. Яшчэ адзін артыкул датычны распальвання сацыяльнай варажнечы, відавочна, да прадстаўнікоў сілавых структур.

Публікацыя – з № 54 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: