Спякотнае надвор’е, якое трымалася апошнім часам (слупок тэрмометра падымаўся да 35 градусаў і нават вышэй), падабалася далёка не ўсім. І не ўсе яго добра перанеслі. А ўявіце сабе, як у такія дні даводзілася рабочым ў гарачых цэхах!

Напрыклад, на мінулым тыдні працоўныя Мінскага трактарнага завода распавялі ў інтэрнэце, што ў спякотныя дні сітуацыя на прадпрыемстве была на мяжы фолу. З-за гэтага нават не выконвалася сутачная норма.

«З-за высокай тэмпературы (а ў цэхах яна як быццам дасягала 35–40 градусаў) абсталяванне і людзі не вытрымліваюць, паведамілі рабочыя. – У выніку многія ў такіх умовах проста не выконваюць план».

«Народная Воля» звярнулася да выконваючага абавязкі памочніка генеральнага дырэктара па сацыяльным развіцці і ідэалагічнай працы Уладзіміра ПІСКАЖАВА, каб пагутарыць на тэму ўмоў працы на прадпрыемстве, але той адмовіўся даваць нейкія каментарыі па тэлефоне.

– У інтэрнэце шмат што пішуць, – коратка дадаў Уладзімір Уладзіміравіч. – І гэта права кожнага – верыць альбо не верыць.

Некалькі дзён я спрабаваў злавіць і старшыню прафсаюзнай арганізацыі ААТ «МТЗ» Станіслава ШЫМАНСКАГА, але ў прыёмнай сакратарка толькі ўказвала арыенціровачнае месцазнаходжанне свайго начальніка: «у горадзе на нарадзе», «у кіраўніцтва», «на тэрыторыі завода».

Будзем спадзявацца, што прафсаюзны чыноўнік, у якога ў кабінеце, мабыць, ёсць кандыцыянер і прахалода, на самай справе штодзень бегае па заводскіх цэхах і пытаецца ў рабочых пра іх адчуванне. А пасля ставіць вострыя пытанні перад кіраўніцтвам прадпрыемства.

Дарэчы, на трактарным заводзе ёсць і суполка Свабоднага прафсаюза металістаў. Ці могуць незалежныя прафсаюзы абараніць правы рабочых на годныя ўмовы працы?

– Калі ў вытворчым цэху тэмпература перавышае 33 градусы, то рабочы мае права адмовіцца ад працы, – кажа старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандр БУХВОСТАЎ. – Ёсць жа санітарна-тэхнічныя нормы, якія запісаны ў атэстацыі працоўнага месца. Там усё распісана па пунктах, і рабочыя самі павінны прымаць рашэнне. Яны, як ужо казаў, могуць адмовіцца ад працы, калі не створаны адпаведныя ўмовы, якія, паўтаруся, замацаваны дакументальна.

Мы такія рэкамендацыі даём працоўным, і сябры нашых пярвічных арганізацый на прадпрыемствах тлумачаць людзям, як можна сябе паводзіць у той ці іншай сітуацыі. І калі не створаны прымальныя ўмовы працы, то трэба ісці на перамовы з кіраўніцтвам і цэха, і прадпрыемства.

– Вам вядомы факты звароту рабочых з-за неспрыяльных умоў у цэхах?

– Наколькі вядома, менавіта на МТЗ рабочыя ставілі такія пытанні перад кіраўніцтвам. Як быццам шукаюць нейкае кампраміснае рашэнне.

Але незалежныя прафсаюзы не могуць нейкім сваім цыркулярам вырашыць гэтую праблему. Мы толькі можам падказаць рабочаму, як ён можа законным метадам дзейнічаць. І людзі павінны гэтым правам карыстацца. Паўтаруся: рабочыя самі павінны не маўчаць і патрабаваць годных ўмоў працы.

А ў нашага незалежнага прафсаюза няма права накіраваць на той жа Мінскі трактарны завод тэхнічную інспекцыю, каб праверыць умовы працы, бо нам гэта не дазваляюць зрабіць тыя заканадаўчыя акты, што прыняты. Наша пярвічная арганізацыя на МТЗ не зарэгістравана, а таму нам кажуць: вы не маеце права знаходзіцца на тэрыторыі завода. А калі зарэгіструем пярвічку, то стануць вядомы прозвішчы людзей, і яны могуць патрапіць пад звальненне. Замкнёнае кола.

Зараз, наколькі вядома, на многіх прадпрыемствах наогул кадравы голад, хутка не будзе каму працаваць. І мы пра гэта папярэджвалі. Нават у сакавіку пісалі ліст прэм’ер-міністру, у якім указалі: калі не адновіце на працы звольненых спецыялістаў, то гэта адаб’ецца і на аб’ёмах вытворчасці, і на якасці прадукцыі.

Публікацыя – з № 54 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: