Так выглядаюць дзверы офіса пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра "Вясна", куды 14 ліпеня прыйшлі сілавікі, каб правесці ператрус

Як вядома, па Беларусі пракацілася хваля вобыскаў. Да некаторых сілавікі не проста прыходзілі – яны ўзломвалі дзверы.

Чаму нельга было папрасіць гаспадароў адчыніць кватэру ці офіс і спакойна правесці ўсе аперацыі?

Вось толькі навіны апошніх дзён:

«Сілавікі ламаюць дзверы ў сядзібе Партыі БНФ».

«Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», што сілавікі прыйшлі ў офіс арганізацыі і ламаюць дзверы».

«У адным з мінскіх офісаў праваабаронцаў на вуліцы Мяржынскага адбываецца ператрус, выламалі дзверы».

«Дужыя хлопцы» выламалі дзверы ў мінскім офісе Радыё Свабода».

«У офісе БАЖ узламалі дзверы».

Скажыце, калі ласка, навошта псаваць маёмасць? Сапраўды, няўжо нельзя ключ у гаспадароў офіса папрасіць?

Вось што мяркуе з гэтай нагоды юрыст, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак.

– Я думаю, што на такія паводзіны сілавікоў ёсць дзве прычыны, – тлумачыць Алег Гулак «Народнай Волі». – Верагодна, пастаўлена задача максімальна запалохваць людзей. А калі застрашванне – то чым менш працэдур, тым лепш. І далей – ужо хто на што здатны. Не думаю, што тым жа супрацоўнікам ДФР самім прыемна выглядаць у такой сітуацыі нейкімі звярамі…

Другі момант – відавочна, што ў праваахоўнікаў ёсць нейкі расклад, калі і да каго прыйсці. Таму што дзясяткі ператрусаў ідуць амаль адначасова па ўсёй краіне – у розных гарадах, у розных арганізацыях, у розных кватэрах. І гэта яшчэ ж не ўсе распавядаюць па тых ці іншых прычынах, што да іх таксама наведаліся сілавікі! Але маючы такі шчыльны графік правядзення ператрусаў, вядома, калі кагосьці няма дома або ў офісе, а ператрус зрабіць трэба, то шукаць чалавека ў сілавікоў, верагодна, няма ні сіл, ні часу. Таму і ламаюць дзверы. Кампанія ёсць кампанія…

Але нават з пункту гледжання інтарэсаў той жа крымінальный справы трэба было б выканаць усе працэдуры. Абшукаць, дапытаць, зафіксаваць. Таму што потым узнікне шмат пытанняў: на якой падставе ўсё гэта рабілі, як аформілі тое, што канфіскавалі, ўварваліся ў кватэру або офіс – а там нічога няма, а раптам нешта падкінулі? А што за панятыя былі? У асоб, у дачыненні да якіх робіцца ператрус, ёсць права запрасіць іншых панятых – гэта пытанне можна абмяркоўваць, можа быць выказаны недавер да тых панятых, што прыйшлі разам з тымі, хто праводзіць вобшук. Адным словам, шмат працэдур, якія парушаюцца, і далей што з усім гэтым рабіць? Пры нармальным працэсе гэта была б куча праблем. Але сёння сілавікі без праблем дазваляюць сабе такія паводзіны…

Публікацыя – з № 54 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: