Фото с сайта IRL.BY

Беларуская пісьменніца, нобелеўская лаўрэатка распавяла ў інтэрв’ю польскай «Gazeta Wyborcza», што ейны новы твор прысвечаны беларускім пратэстам. Прыводзім некаторыя выказванні Алексіевіч пра магчымасць вяртання ў Беларусь, падзеі жніўня 2020 году, новую кнігу. Яе інтэрв’ю перадае Белсат. 

«Калі б вярнулася, мяне б чакаў лёс Навальнага»

– Не магу цяпер вярнуцца на радзіму, пакуль там кіруе Лукашэнка і ягоныя людзі. Калі б я вярнулася, мяне б чакаў лёс Аляксея Навальнага. Чаканне новага спаткання з Мінскам я правяду ў напісанні кнігі пра тое, як так стала, што людзі сказалі: хопіць, і што сусед выступіў супраць суседа. Пра тое, што ў нашых турмах катуюць сёння людзей, як некалі ў лагерах. Хацела напісаць кнігу пра каханне і старасць. Але прыйдзецца гэтую задуму адкласці, цяпер найважнейшае, каб нашая рэвалюцыя як мага хутчэй скончылася перамогай.

«У гэтай краіне я хацела б жыць»

– У мяне часта пытаюць – чаму народ на працягу 26 гадоў спаў і раптам падняўся? Я думаю, што тут склаліся шмат чыннікаў, якія збіраліся ў нас, адкладаліся, мы мусілі даспець. Калі ў 2010 годзе дайшло да пратэстаў супраць Лукашэнкі, і выйшлі ў асноўным маладыя людзі, іх хутка разагналі. Але праз наступныя дзесяць гадоў прыйшло новае пакаланне, якое ведае сучасны свет, вандруе, карыстаецца сацыяльнымі сеткамі. Яны бачуць і ведаюць больш за нас. Гэтая сённяшняя моладзь вельмі добра адукаваная, яна ведае, як жывуць у неаўтарытарных дзяржавах.

Вялізную ролю ў працэсе зменаў адыгралі таксама інстытуты грамадзянскай супольнасці, якія працавалі ў Беларусі. Я сама стварыла клуб «Святлана Алексіевіч запрашае», і падчас спатканняў мы размаўлялі не толькі пра палітыку, але і пра тое, што мы можам зрабіць адзін для аднаго.

Гэтая праца з людзьмі, а таксама ўсведамленне зла, з якім мы штодня сутыкаліся, прывялі да таго, што людзі зразумелі – хопіць, немагчыма больш маўчаць. Як быццам бы раптам вярнулі сабе годнасць, наважыліся на супраціў. Выйшлі на вуліцы свядома, у іх былі радасць і прыгажосць. Я памятаю, як тады сказала сваёй сяброўцы: у гэтай краіне я хацела б жыць.

«Мы паверылі Лукашэнку, далі сябе падмануць, гэта нашая віна»

– А потым пачалася рэакцыя ўладаў, брутальнасць, якую цяжка апісаць. Я глядзела ў вакно і бачыла натоўпы людзей, а насупраць іх – калоны вайскойцаў. Мне сталі дасылаць фотаздымкі тых, хто трапляў у шпіталі. Я была бяссільнай супраць гэтага гвалту, хоць і ўсё жыццё займаюся менавіта такімі аповесцямі, такімі гісторыямі, але я не магла ўсвядоміць, што гэта робяць мае землякі.

Я не магла знайсці сабе месца, бо зразумела, што сталінская машына ўсцяж працуе і добра сябе адчувае. У вёсках, у розных рэгіёнах краіны дзейнічаюць прадстаўнікі КДБ, людзі даносяць адзін на аднаго, настаўнікі асуджаюць сваіх вучняў.

Стала зразумела, што рэжым даўно працаваў над тым, каб падзяліць людзей, пасварыць паміж сабой.

Яшчэ Варлам Шаламаў сказаў, што не можа быць вольным чалавек, які раптоўна пакінуў лагер, які яшчэ хвіліну таму быў цалкам залежны ад улады. Ён нічога не ведае пра вольнасць, не ведае, якая яна далікатная. Мы ў 90-я гады думалі, што мы – вольныя, але гэта было ілюзіяй. Мы не ўмелі абыходзіцца са свабодай і вельмі лёгка яе аддалі – у рукі камуністаў, людзей, якія пазбеглі люстрацыі. Паверылі Лукашэнку, бо ён, як і мы, паходзіў з народу. Мы дазволілі сябе падмануць. Гэта нашая віна.

Вольнасць – гэта вельмі доўгая дарога. А мы занадта хутка забыліся пра пекла камунізму, а яно аб’явілася раптоўна праз гады на вуліцах гарадоў маёй краіны ў сваёй самай агрэсіўнай форме.

Пра што новая кніга Святланы Алексіевіч
Святлана Алексіевіч. Фота: Gazeta Wyborcza

«Баюся, што новая хваля пратэстаў можа скончыцца трагедыяй»

– Вельмі значна, што рэвалюцыяй у Беларусі кіравалі жанчыны. Я думаю, што дзякуючы гэтаму атрымалася не давесці да яшчэ большай трагедыі. Магчыма, калі б на месцы жанчын з’явіліся мужчыны, яны б перамаглі, але якім коштам?

Нам здавалася тады, што Лукашэнка нешта зразумее, што дыялог будзе магчымым. Нажаль, ён вырашыў не спыняцца ні перад чым. Да мяне раптам дайшло, што ў Мінску было магчымае паўтарэнне Плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне ў 1989 годзе, што ён гатовы раздавіць, пераехаць гэтых маладых людзей, абы толькі не аддаць уладу.

А мы абралі зусім іншы спосаб барацьбы, супраціў без гвалту. Беларускія жанчыны апраналіся ў белае, насілі кветкі. На фоне трагедыі, якая распачалася ў жніўні мінулага году, гэта было насамрэч прыгожа.

Шмат хто крытыкуе прыхільнікаў супраціву без гвалту, бо, маўляў, у адваротным выпадку, магчыма, з Лукашэнкам можна было хутка скончыць. Але я не хачу, каб пралілася кроў, для мяне самае каштоўнае – жыццё чалавека, кожнага чалавека. Таму мне падаецца, што мы мусім працаваць над новым стратэгіямі супраціву, традыцыйныя не прыносяць вынікаў. З жахам чытаю ў інтэрнэце заклікі да ўзброенай барацьбы з рэжымам, і што некаторыя перакананыя, што крыві не трэба баяцца. Я баюся, што калі б цяпер дайшло да новай хвалі пратэстаў, гэта магло б скончыцца вялізнай трагедыяй.

Пра кнігу пра Беларускія пратэсты: «Не магу стрымаць слёз»

– Я не ведаю, калі мы пераможам. Якое пакаленне здабудзе вольнасць? Але ведаю, што людзі зноў знойдуць спосаб, каб рэагаваць на тое, як моцна Лукашэнка за апошнія месяцы нас усіх прынізіў, наноў разгарнуў гэтую сталінскую машыну нянавісці, вядомую нам з мінулага. Мы доўга будзем выходзіць з гэтай траўмы.

У Берліне я цяпер працую над кнігай пра беларускую рэвалюцыю і, напэўна, ніводная з ранейшых не каштавала мне столькі. Я не магу стрымаць слёз, калі слухаю аповеды маладых людзей, іхнія апошнія словы падчас судовых працэсаў. Яны такія маладыя, але ўжо такія адважныя. Хоць цудоўна ведаюць, што на некалькі гадоў пойдуць у турму, але ні ад чаго не адмаўляюцца, застаюцца ў праўдзе, трымаюцца ўласных перакананняў.

Я нядаўна апісвала гісторыю дзвюх жанчын, старэйшых за мяне, якія пешшу цэлы тыдзень ішлі лясамі ў бок Літвы. Яны мусілі ўцякаць з Беларусі, бо былі актывісткамі з невялікай мясцовасці пад Мінскам і іх жыццё было пад пагрозай. Яны пераконвалі мяне, што ні пра што не шкадуюць, што пагадзіліся з коштам, які ім давялося заплаціць за сваю дзейнасць.

А маладая дзяўчына, якая напісала на асфальце «Жыве Беларусь» і атрымала за гэта два гады турмы? Як над гэтым не плакаць?

Поделиться ссылкой: