Ягор Марціновіч

У допісе на фэйсбуку Тацяна Мушынская расказала, як 8 ліпеня адбываўся ператрус у кватэры яе сына, галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча.

У нядзелю, па сканчэнні 10 сутак у ізалятары, Ягора Марціновіча на свабоду не адпусцілі, яго затрымалі другі раз, ужо па новым артыкуле, а якім менавіта, следчы адмовіўся паведаміць сваякам. Пасля затрымання 8 ліпеня ў СК паведамілі, што Марціновіч праходзіць падазраваным паводле ч. 1 арт. 342 КК (падрыхтоўка ці арганізацыя дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак, або ўдзел у іх).

Паводле Тацяны Мушынскай, яна прыехала ў кватэру сына за некалькі хвілінаў да з’яўлення там сілавікоў, пакуль сына везлі з офісу рэдакцыі дахаты.

«Стаю на кухні. Раптам уваходныя дзверы адчыняюцца. Спачатку зʼяўляецца Альма (сабака. – РС) на павадку, потым Ягор. Нейкі дзіўны, маўклівы. Следам увальваецца проста зграя. Дзікае паляванне, самае натуральнае! Чалавек 7 ці 8. У чорным, у масках, толькі прарэхі для вачэй. Галасы – з агрэсіяй.

– Так, вы хто?
Ні «добры дзень», ні тлумачэння, хто заявіўся.
– Я маці!
– Мабільнік сюды! Ператрус! І выйсці ў калідор».

Пасля ператрусу сілавікі вывелі Ягора Марціновіча з рукамі за спінаю і загадалі маці журналіста замкнуць кватэру.

«Уваходжу ў пярэдні пакой. Відаць, што пагром і ўсё дагары дном. На сушцы зверху ляжыць валізка. Падымаю. Туды я паклала мабільнік. Мабілы няма. Кожнаму нармальнаму чалавеку зразумела: у мабіле – рабочыя тэлефоны, сябры, кантакты, фота. Без мабілы як бяз рук. Бегла да ліфта. Можа, яшчэ чакаюць і ня зʼехалі? Дзверы зачыненыя, стаяць на пляцоўцы.

– Аддайце мой мабільнік! Аддайце!
З таго боку трымаюць дзверы, каб я не адчыніла.
– Мабільнік далучаны ў ходзе ператрусу. Калі будзеце павышаць голас, тады…»

Мабільнага тэлефона Мушынскай не аддалі і зʼехалі без складання пратаколу аб канфіскацыі.

«Вяртаюся ў кватэру. Большага вэрхалу ня бачыла ў сваім жыцці ніколі. Калі ў гэтую ж кватэру прыходзіў месяц ці два таму ДФР, то ў тых аказалася неяк інтэлекту пабольш. Паводзілі сябе спакойна, карэктна. Прыстойна апранутыя, не хавалі твараў. Ня ведаю, што шукалі апошні раз і што знайшлі. Усё пераварочвалі з нейкай злоснай, а можа, садысцкай радасцю. Сілы няма куды падзець? З-за вуглавой канапы мала што дасталі коўдры, дык яшчэ і раскідалі па падлозе. Яшчэ і пакінулі паднятую на спружыне частку. Дзесьці паміж коўдраў – пульт ад тэлевізара, які немагчыма знайсці. Матрац сцягнулі і папярок кінулі. Рэчы з шафы вывалілі гарой у пярэднім пакоі.

Ведаеце, што мяне больш за ўсё забіла маральна? На створцы вакна ў залі вісела гірлянда. Для прыгажосці. Ну каб увечары ўключыць і палюбавацца. Дык вось – гірлянду сарвалі з акна з такой злосцю, што яна разляцелася на мноства частак, а шкляныя аскепкі валяліся потым па ўсім пакоі. Што можна было схаваць і што шукаць у гірляндзе і ў маленькіх празрыстых лямпачках? Нічога».

«Я больш чым упэўнена: грамадзяне, якія ўчынілі пагром у кватэры майго сына, наўрад ці могуць складна напісаць ці сказаць пяць фразаў па-беларуску. Тым больш напісаць артыкул. Наўрад ці ведаюць беларускую гісторыю і яе падзеі. Ім яна глыбока нецікавая і непатрэбная. Але камусьці вельмі трэба пасадзіць за краты людзей, якія рыхтуюць і рэдагуюць выданні, якія адлюстроўваюць беларускую рэальнасць і беларускую гісторыю. Партал «Наша ніва», часопіс «Наша гісторыя», часопісы, адрасаваныя дзецям, карысталіся вялікай папулярнасцю. Іх ніхто не прымушаў выпісваць пад пагрозай пакарання.

Ад таго, што разам з Ягорам Марціновічам загрэблі адначасова ягоных калег, вядомых грамадскіх дзеячаў Андрэя Дынько і Андрэя Скурко, каму стала лягчэй? «Русскому миру», тэлеканалу «Царград» або вялікім начальнікам з вядомых дамоў? Калі б вялікія начальнікі ўмелі пралічваць хоць на пяць крокаў наперад, маглі б сцяміць: для многіх з іх у Паўночна-Заходнім краі пасадаў ня хопіць. Ліквідуюць. Я пра пасады. А самі яны застануцца ў гісторыі з таўром Герастрата (калі, праўда, ведаюць, хто гэта). Беларуская культура ўсё роўна выжыве. Яна, што называецца, трывалая. Паднімецца і на папялішчы. Але найлепшых людзей свайго часу могуць запалохваць і мучыць толькі ворагі беларускай дзяржавы».

Разам з Ягорам Марціновічам былі затрыманыя галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, а таксама галоўная бухгалтарка Вольга Раковіч (яе 16 ліпеня вызвалілі).

Поделиться ссылкой: