Ксенія Панцялей

Яны кажуць пра палітычны падтэкст, а кіраўніцтва ўстановы гэта адмаўляе.

Яшчэ ў лістападзе 2020 года 15 навукоўцаў Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук выйшлі з дзяржаўнай Федэрацыі прафсаюзаў і стварылі пярвічную прафсаюзную арганізацыю Свабоднага прафсаюза Беларускага.

На пачатку гэтага месяца некаторыя прадстаўнікі незалежнага прафсаюза былі вымушаны звольніцца з інстытута. Адна з іх – Ксенія ПАНЦЯЛЕЙ, якая пагадзілася распавесці «Народнай Волі» пра сітуацыю, якая склалася.

– Я скончыла біялагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, – расказвае Ксенія. – Сем гадоў працавала ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у верасні 2017 года прыйшла на адміністрацыйную працу ў Інстытут генетыкі і цыталогіі.

Усё было добра да жніўня 2020 года, калі праходзілі прэзідэнцкія выбары. Вучоныя з болем адрэагавалі на тое, што адбывалася ў краіне пасля гэтага. Некаторыя ўдзельнічалі ў пратэстах, і гэта кіраўніцтву інстытута вельмі не падабалася. У Інстытуце генетыкі каля 150 супрацоўнікаў, з іх ліст «Вучоныя супраць гвалту» падпісалі больш за 40 чалавек.

Адміністрацыйны ціск на людзей пайшоў ужо тады, і двое супрацоўнікаў былі вымушаны звольніцца па ўласным жаданні яшчэ ў мінулым годзе.

Пасля гэтага ўсё як быццам заціхла, але некаторыя ў знак пратэсту супраць звальненняў выйшлі з афіцыйнага прафсаюза, а праз нейкі час 15 чалавек вырашылі стварыць пярвічную ячэйку Свабоднага прафсаюза Беларускага.

– Вы яе зарэгістравалі?

– Спрабавалі зарэгістраваць у выканкаме, але гэта аказалася не такой простай справай. Адначасова ў інстытуце пачаўся пэўны ціск на тых, хто вырашыў уступіць у незалежны прафсаюз.

Калі ў красавіку мяне затрымалі, то знайшлі флэшку са спісам сябраў прафсаюза. Магчыма, прозвішчы людзей з часам трапілі да кіраўніцтва інстытута альбо Нацыянальнай акадэміі навук.

Таксама нечакана сталі пераглядаць Калектыўную дамову, і да праекта новай дамовы ў нас паўстала шмат пытанняў. У новым варыянце прадугледжвалася, напрыклад, што адміністрацыя інстытута сама будзе вырашаць, ці распаўсюджваць дзеянне Калектыўнай дамовы на тых, хто не з’яўляецца сябрам афіцыйнага прафсаюза ФПБ.

Мы, натуральна, з гэтай нагоды рабілі заўвагі,але яны былі праігнараваны адміністацыяй. Мяркую, гэта і паўплывала на тое, што некаторыя вымушаны былі звольніцца. І, відаць, у жніўні–верасні, калі ў некаторых «вальнадумцаў» заканчваюцца кантракты, ім могуць іх не працягнуць.

– Але ж, наколькі вядома, вы звальняліся па згодзе бакоў…

– Калі мяне выклікалі ў адміністрацыю, там быў дырэктар інстытута Руслан Шэйко і намеснік дырэктара па агульных апытаннях Генадзь Ласута. На стале ўжо ляжала зараней надрукаваная заява на маё звальненне па згодзе бакоў, заставалася яе толькі падпісаць. Падрыхтаваны быў і загад.

Я адразу запыталася: «А навошта вы зараней падрыхтавалі дакументы на маё звальненне? Магу ж іх і не падпісаць. Я што, дрэнна працавала? Мала карысці прынесла інстытуту? Ды і звольніць 15 супрацоўнікаў
– страта для інстытута».

Мяне выслухалі, але далі зразумець, што звольніцца ўсё роўна давядзецца. Ды я і сама, калі ішла туды, ужо разумела, што ў такой атмасферы працаваць не змагу. Заяву падпісала.

– Як калегі адрэагавалі на ваша звальненне?

– Хачу сказаць, што спецыфіка працы супрацоўнікаў Інстытута генетыкі і цыталогіі такая, што калі ты застаешся без працы, то новую знайсці будзе вельмі складана. У многіх ёсць вучоныя тэмы, нехта абараніў кандыдацкую, таму людзям пакідаць гэтае месца вельмі балюча. Яны любяць тое, што робяць.

Я ведаю, што мяне і іншых звольненых супрацоўнікаў многія падтрымліваюць і спачуваюць, а астатнія ціха прамаўчалі. Ведаю, што нават была ініцыятыва збіраць подпісы супраць нашага звальнення, але, наколькі вядома, яна захлынулася. Прычына простая – людзі не адчуваюць сябе ў бяспецы. Баяцца, што, калі выкажуць салідарнасць, і самі могуць апынуцца без працы.

– А што з тымі супрацоўнікамі, якія падпісалі ліст «Вучоныя супраць гвалту»?

– Працуюць, але не праяўляюць нейкай актыўнасці. Былі тыя, хто пасля выбараў выйшаў з афіцыйнага прафсаюза, але не ўступіў у незалежны.

– Што будзеце рабіць пасля звальнення?

– У мяне ёсць пэўныя прапановы, хаця не хачу нешта канкрэтызаваць, пакуль не ўладкуюся.

– Як сям’я паставілася да гэтай сітуацыі?

– Муж, натуральна, падтрымаў мяне і да сітуацыі паставіўся дастаткова па-філасофску: маўляў, жыццё на гэтым не заканчваецца.

Ды я, мабыць, і сама задаволена, што сышла з інстытута. Усё-такі працаваць пад прэсінгам нікому не хочацца.

***

…Наведаўся я і ў Інстытут генетыкі і цыталогіі да яго дырэктара Руслана ШЭЙКО, і той выказаў свой погляд на сітуацыю.

За што звольнілі супрацоўнікаў Інстытута генетыкі?
Руслан Шэйко

– Людзі звольніліся па ўласным жаданні,
– заявіў ён. – Захацелі – і звольніліся.
Ніякага прымусу і ціску на іх не аказвалася.

– Звольненая Ксенія Панцялей тым не менш распавяла, што вы рэкамендавалі ёй напісаць заяву на звальненне…

– Што вы! Можа, у яе былі нейкія спагнанні… Не памятаю ўжо… Здаецца, яна не спрацавалася са сваім кіраўніком. Мне кіраўнік яшчэ месяц таму казала, што будзе на месца Панцялей шукаць чалавека.

– Былі ж звольнены і астатнія сябры незалежнага прафсаюза…

– Дык яны, мабыць, у знак салідарнасці звольніліся. Таму не шукайце тут ніякай палітыкі.

– З кадрамі ў вашым інстытуце няма праблем?

– Абсалютна ніякіх. У нас працуе 151 чалавек.

– Пасля падзей 9 жніўня 2020 года колькі чалавек былі звольнены з інстытута?

– У верасні мінулага года два чалавекі звольніліся па ўласным жаданні. Больш ніхто не звальняўся, і зараз мы наогул актыўна набіраем моладзь. Толькі ў гэтым годзе да нас прыйшлі 13 маладых супрацоўнікаў. А за апошнія тры гады – 42.

Людзі працуюць, ім усё падабаецца. Ды і заробкі нядрэнныя – 1200–1300 рублёў. Толькі працуй!

***

На чыім баку праўда? «Народная Воля» – не суддзя, не наша справа выносіць вердыкт. Галоўнае – мы далі слова і аднаму боку, і другому.

Публікацыя – з № 53 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: