Уладзімір Дубоўка

З нагоды гадавіны нараджэння 15 ліпеня класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Дубоўкі, «Будзьма!» узгадвае гэту легендарную постаць беларускай літаратуры і цікавае, ды шмат у чым цяжкае, жыццё нашага пісьменніка.

Масква, Маякоўскі і Ясенін

Згодна найбольш распаўсюджанай версіі, Уладзімір Дубоўка нарадзіўся ў 1900 годзе, але метрыкі сведчаць пра 1901 год. Хоць ён паходзіў з простай працоўнай сям’і, бацька пісьменніка быў чалавекам пісьменным ды валодаў нямецкай, польскай і габрэйскай мовамі (а дзядуля нават ведаў латынь). Бацька працаваў на бровары князёў Друцкіх-Любецкіх.

Пасля навучання ў школе хлопец працягнуў адукацыю спачатку ў Мядзельскім вучылішчы (цікава, што там яго выкладчыкам быў Сяргей Вігілёў, які дагэтуль вучыў Якуба Коласа, а таксама Міхася Чарота), а потым у Нававіленскай настаўніцкай семінарыі. У 1915 годзе ў сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны, сям’я хлопца пераехала ды засталася на сталае жыхарства ў Маскве, дзе бацька знайшоў працу на чыгунцы, і куды неўзабаве да сям’і пераехаў і Уладзімір. Забягаючы наперад, варта сказаць, што склалася так, што пераважную частку жыцця Дубоўка правёў менавіта ў Расеі. У Маскве малады чалавек паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, ды неўзабаве быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Ужо пасля дэмабілізацыі Уладзімір атрымаў завершаную адукацыю ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце.

Перыяд навучання ў інстытуце, імаверна, шмат учым акрэсліў далейшы творчы шлях Дубоўкі. Менавіта ў гэты перыяд быў упершыню надрукаваны ягоны верш (бо першы верш ён напісаў яшчэ ва ўзросце трох-чатырох гадоў). Акрамя таго, малады чалавек знаёміцца з мясцовай творчай беларускай супольнасццю, выступае разам з Уладзімірам Маякоўскім і Сяргеем Ясеніным, ды ўсё актыўней уключаецца ў беларускі літаратурны працэс.

Так, Уладзімір Дубоўка стаў першым рэдактарам вядомага часопіса «Беларускі піянер», рэдактарам беларускамоўнай старонкі газеты «Гудок» і «Весніка ЦВК, СНК і СПА Саюза ССР», з’яўляўся сябрам літаратурнага аб’яднання «Маладняк» (ды ўваходзіў у яго цэнтральнае бюро), а пазней заснаваў, супольна з Кандратам Крапівой, Кузьмой Чорным, Змітраком Бядулям, Язэпам Пушчам і Адамам Бабарэкам, літаратурнае аб’яднанне «Узвышша». У гэты ж час выходзяць ягоныя зборнікі «Строма», «Там, дзе кіпарысы», «Трысцё», «Credo», «Наля», друкуецца некалькі паэмаў.

Асабліва цікавым выглядае яго ўдзел ва ўнармаванні беларускага правапісу. Так, Дубоўка выступіў ініцыятарам і аўтарам праекта, згодна якому прапаноўваў ужываць адмысловыя літары для беларускіх гукаў «дж» і «дз». Адметна, што было нават апублікавана некалькі тэкстаў з новымі літарамі, але прапанова так і не была афіцыйна прынятая і замацаваная. Таксама ён выступаў за тое, каб замест расейскага «ё», у беларускай мове выкарыстоўваць «ö». Мала таго, дзякуючы Уладзіміру Дубоўку ва ўжытку літаратурнай мовы замацавалася мноства словаў, без якіх сёння цяжка ўявіць беларускую: «дабрабыт», «водар», «апантаны», «талака», «дойлід», «мілагучны» і іншыя.

Арышт у Крамлі і дзесяцігоддзі зняволення

У Мінск Дубоўка ўпершыню прыехаў толькі ў 1924 годзе і бываў у Беларусі наездамі, а жыць працягваў пераважна ў Маскве. Разам з тым, у Маскве ён працаваў не толькі і нестолькі ў творчым, колькі ў чыноўніцкім асяродку.

Адметна, што ў Крамлі, сярод найбольш уплывовых асобаў новай дзяржавы, Уладзімір Дубоўка прапрацаваў каля дзесяці гадоў. Там ён рэдагаваў беларускія ўрадавыя дакументы, з’яўляўся інспектарам пры Народным камесарыяце асветы РСФСР, працаваў у Паўнамоцным прадстаўніцтве Беларускай ССР пры ўрадзе СССР.

Менавіта ў Крамлі Уладзімір Дубоўка быў арыштаваны ў 1930 годзе па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызвалення Беларусі». Пісьменніка вылічылі па адметнасцях яго друкавальнай машынкі, на якой ён напісаў крытычны ананімны верш. Ды калі б не гэта, імаверна, ён усё роўна быў бы асуджаны, як гэта здарылася са многімі нацыянальнымі беларускімі дзячамі. Дубоўка быў асуджаны да пяці гадоў высылкі, тэрмін якой пазней павялічылі яшчэ на два гады.

Але то быў толькі пачатак пакутаў пісьменніка і яго сям’і. У 1937 годзе яго зноў асудзілі да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Праз два гады вызвалення (у 1947 годзе) з лагера у 1949 годзе Уладзімір Дубоўка быў арыштаваны чарговы раз і асуджаны ўжо да двадцаці пяці гадоў зняволення. У 1957 годзе ён нарэшце быў рэабілітаваны.

Беларускае спальванне кніг

Падчас рэпрэсій супраць Дубоўкі ўлады БССР выдалі загад, згодна якому ўсе кнігі пісьменніка мусілі канфіскоўваць з бібліятэк і спальваць. Ды мала хто асмельваўся захоўваць іх нават ва ўласных хатніх зборах. Сама жа Уладзімір Дубоўка прайшоў чатыры судовыя выракі, тры высылкі, адзін лагерны тэрмін, а агульны тэрмін зняволення перавысіў чвэрць стагоддзя.

Але гэта не зламала яго. Пісьменнік не толькі вярнуўся ў літаратуру — нават лічыцца, што ён адзіны ў свеце, хто вярнуўся пасля такога вялікага перапынка, але і стаў пры жыцці легендай. Пра тое, што Дубоўка выстаяў як чалавек сведчыць і тое, што ён не напісаў аніводнай паперкі, даноса ці абвінавачання на сваіх калег, нягледзячы на ўвесь ціск і, верагодна, страшныя катаванні.

Пасля рэабілітацыі і вызвалення Уладзімір Дубоўка зноў жыў у Маскве, ды часам прыязджаў у Беларусь, дзе выступаў і выдаваў новыя кнігі. Нягледзячы на цяжкасці зняволення, якія немінуча ўплывалі на здароўе, пісьменнік пражыў да сямідзесяці чатырох гадоў і памёр у 1976 годзе.

Поделиться ссылкой: