Юрый Васкрасенскі

«Народная Воля» пацікавілася, як рухаюцца справы з законапраектам аб амністыі, які падрыхтавалі прадстаўнікі інфармацыйна-аналітычнай установы «Круглы стол дэмакратычных сіл».

Пра гэта мы пагаварылі з палітолагам Юрыем Васкрасенскім.

– Юрый, раскажыце, што з амністыяй? Неяк гэтая тэма згубілася на фоне апошніх падзей…

– Усё, што маглі, мы на гэтым этапе зрабілі. Пакуль кампетэнтныя дзяржорганы разглядаюць нашы прапановы.

Калі пакуль не атрымліваецца з амністыяй, мы вырашылі прапанаваць усім тым, хто сядзіць, пайсці па шляху памілавання. Крымінальны кодэкс гэта прадугледжвае – на любой стадыі можна напісаць прашэнне аб памілаванні.

Справа ў тым, што ў сувязі з апошнімі падзеямі сілавыя ведамствы з асцярогай разглядаюць пытанне амністыі. Паводле заканадаўства амністыя не прадугледжвае раскаяння. Не раскаяўся і не ўсвядоміў сваю віну чалавек (а з пункту гледжання суда віна ўстаноўлена, судовыя прысуды і рашэнні вынесены) – з вялікай верагоднасцю можа паўторна здзейсніць правапарушэнне, чым той, хто раскаяўся і ўсвядоміў. Таму сілавы блок…

– …заблакіраваў законапраект аб амністыі?

– Вывучае пакуль. Старанна вывучае. І больш схіляецца да пытання разгледзець просьбы аб памілаванні. Калі чалавек стаіць на сваім і сцвярджае, што ён ні ў чым не вінаваты, значыць, сілавыя структуры таксама ідуць на прынцып.

Мы літаральна на днях адправілі 602 лісты тым людзям, якія пацярпелі да, падчас і пасля электаральнай кампаніі за сваю палітычную актыўнасць. У гэтым спісе і Віктар Бабарыка. Просім усіх паведаміць, ці гатовы яны напісаць прашэнне аб памілаванні. Калі так, мы просім іх даць нам ведаць пра гэта, і мы паспрабуем ізноў звярнуцца да А.Лукашэнкі, каб яны выйшлі на волю ўжо да 17 верасня, Дня ўсенароднага адзінства.

Такое прашэнне аб памілаванні можа паўплываць на змяненне меры стрымання тым, хто яшчэ не асуджаны, на зняцце судзімасці або датэрміновае вызваленне. Проста ўлада выразна стаіць на сваім: калі людзі публічна не раскайваюцца, то і мы не пойдзем ім насустрач.

– Пра нацыянальны дыялог, я так разумею, сёння размова не ідзе наогул?

– Мы свае лакальныя трыццаць «сталоў» правялі. Думаю, летам дакладна не можа быць ніякага дыялогу, зыходзячы з сезона адпачынкаў, спёкі. Пакуль такога нацыянальнага вялікага круглага стала, напэўна, чакаць не варта. Гэта малаверагодна. Да таго ж хто за гэты стол сядзе, калі…

– …калі адна палова палітыкаў у эміграцыі, а другая – за кратамі?

– Некаторыя палітыкі па-ранейшаму не разумеюць, што сваімі, з нашага пункту гледжання, ігрышчамі яны ўжо практычна давялі Беларусь да страты часткі суверэнітэту і незалежнасці. Засталося няшмат: нешта падпісаць і перайсці на адзіную валюту. Гэта натуральная рэакцыя ўлады, якую заганяюць у кут.

Гэта мурашыная спіраль смерці. У біялогіі ёсць такая цікавая з’ява: мурашы раптам ні з таго ні з чаго пачынаюць бегаць па крузе. І ў выніку гэтага бегу ўсе паміраюць. Ад бяссілля. Вельмі цікавая з’ява, якая кладзецца на нашу рэчаіснасць. Некаторыя палітыкі таксама бясконца паўтараюць: санкцыі, хутка рэжым падзе…

– А ўлада са свайго боку граміць усё, што яшчэ засталося жывое.

– І ніхто не можа выйсці з гэтай мурашынай спіралі…

Таму мы і прапануем памілаванне. Нічога страшнага ў гэтым няма. Трэба проста быць разумней.

Публікацыя – з № 53 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: