Новыя затрыманні ў Гомелі
Ілля Міронаў. Фота аўтара

З Гомельскага ізалятара часовага ўтрымання (ІЧУ) на волю 16 ліпеня адпушчаны валанцёр Ілля Міронаў. За кратамі Ілля правёў 8 сутак. Яго дапытвалі ў рэгіянальным упраўленні КДБ і ўзялі падпіска пра нявыезд.

Іллю затрымалі 8 ліпеня. На кватэры ў яго сілавікі зрабілі ператрус. Праз адвакатку і маці валанцёра вядома, што ў камеры Іллі не выдалі ні бялізны, ні матраца. Не бралі ў ІЧУ для Іллі нават пітную ваду, нягледзячы на спякотнае надвор’е. Адказвалі: «Не паложана». Маці актывіста расцэньвае гэта як здзек і катаванне смагай.

Міронаў вядомы ў Гомелі тым, што збіраў і перадаваў для арыштаваных за пратэстныя маршы перадачы, а яшчэ напісаў ім каля 2 тысяч лістоў і адкрытак са словамі падтрымкі. Ён маніторыў таксама суды над палітвязнямі.

Раней Ілля ўдзельнічаў у так званых «маўклівых акцыях», што праходзілі без прамоваў і музыкі, але з апладысментамі. Улетку 2020 года Міронаў вярнуўся ў Гомель з Польшчы, дзе працаваў, і далучыўся да валанцёрскага руху. Яго неаднаразова затрымлівалі і арыштоўвалі. Агулам ён адседзеў 30 сутак.

І сёння ж у Гомельскае УКДБ выклікалі палітыка Васіля Палякова, якога напярэдадні пасля тыднёвага арышту адпусцілі з ІЧУ.

«Перад затрыманнем 8 ліпеня у мяне дома быў вобшук. Зараз мне вярнулі адабраныя тыдзень таму рэчы – мой і сынаў смартфоны, жорсткі дыск кампʼютара, флэш-карты, кнігі “Васіль Быкаў на Свабодзе”, “Пад знакам Канстытуцыі” ды інш. Ніякіх працэсуальных дзеянняў не праводзілі, у правах не абмяжоўвалі», – расказаў спадар Палякоў.

Стала вядома таксама, што 16 ліпеня ў па ўсё краіне сілавікі праводзілі вобшукі і затрыманні журналістаў, якія звязаныя з незалежнымі медыямі. У Гомелі, у прыватнасці, з ператрусам прыходзілі да Яўгена Меркіса, сваякоў Марыі Булавінскай і Сяргея Ляпіна (самі яны за межамі Беларусі), шукалі старшыню Гомельскай філіі ГА «БАЖ» Міколу Бянько, хоць ён ні ад кога і не хаваўся.

Анатоль ЛІПСКІ

Поделиться ссылкой: