«Народная Воля» пацікавілася, ці задаволіў урад адпаведную прапанову Міністэрства аховы здароўя, пра якую стала вядома на пачатку чэрвеня.

Нагадаем, што ў інтэрнэце была петыцыя, пад якой падпісалася некалькі тысяч чалавек, з просьбай зняць абмежаванні на выезд, якія дзейнічаюць у наземных пунктах пропуску. Тады Міністэрства аховы здароўя адказала, што пастанова Саўміна, якая абмяжоўвае ўезд і выезд з краіны, «была прынята з улікам рэкамендацый СААЗ, а таксама міжнароднага вопыту краін, у тым ліку тых, дзе сітуацыя з COVID-19 стабілізавалася».

Сёння абмежаванні па выездзе не распаўсюджваюцца на паветраны транспарт, дзе, паводле меркавання чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя, «больш нізкая верагоднасць распаўсюджвання COVID-19». Але ў сітуацыі, калі неба фактычна закрыта, вылецець з Мінска можна толькі ў Грузію, Арменію, Арабскія Эміраты, Расію, Егіпет і Турцыю.

Становішча з абмежаваннямі на выезд з краіны нязручнае для многіх. І калі цяпер няма магчымасці паляцець, напрыклад, ва Украіну ці Балгарыю, туды можна было б паехаць на машыне. Навіна пра тое, што Міністэрства аховы здароўя рэкамендавала ўраду зняць забарону на выезд з Беларусі наземным транспартам, атрымала пазітыўны рэзананс. Аднак адказу на гэтую ініцыятыву пакуль няма. Урад усё яшчэ думае.

«Як толькі будзе дадзены канкрэтны адказ, падпісана адпаведная пастанова, мы адразу дамо пра гэта інфармацыю па ўсіх нашых каналах», – адказалі «Народнай Волі» ў Міністэрстве аховы здароўя.

Поделиться ссылкой: