Святлана Алексіевіч аб пошуку бомбы ў яе багажы:
Святлана Алексіевіч. Фота: Facebook / Fundacja Olgi Tokarczuk

Нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч не змагла напярэдадні вылецець з Берліна ў Варшаву. Яна спазнілася на самалёт праз тое, што супрацоўнік бяспекі на праверцы ручной паклажы западозрыў, што ў яе ў сумцы бомба, распавядае Еўрарадыё.

“Гісторыя ў стылі Лукашэнкі”, — апісвае сітуацыю Святлана Алексіевіч. Падрабязнасці інцыдэнту і каментар пісьменніцы апублікавала на старонцы сваёй арганізацыі яшчэ адна літаратарка і таксама нобелеўская лаўрэатка Вольга Такарчук.

Алексіевіч ляцела да яе на мерапрыемства пад назвай “Пратэст Алексіевіч і Такарчук”.  У выніку беларускай пісьменніцы давялося дабірацца ў Польскі Вроцлаў на машыне.

Па словах Святланы Алексіевіч, калі супрацоўнік аэрапорта адкрыў сумку, якая падалася яму падазронай, ён паглядзеў унутр і рэзка яе адкінуў.

“Мне было вельмі цікава, чаму ён так адрэагаваў. Мне сказалі, што я мушу чакаць. Я падумала, што гэта вельмі дзіўная сітуацыя. Я не ведала, што адбываецца”, — прызнаецца пісьменніца.

Супрацоўнікі аэрапорта выклікалі паліцыю. Паліцыянты і патлумачылі Алексіевіч, што ў сумцы меркавана бомба.

“Я кажу, што яны, напэўна, звар’яцелі. Затым прыходзіць наступны чалавек з нейкім інструментам і зноў правярае”, — распавядае яна. Бомбу не знайшлі, але на самалёт Святлана Алексіевіч спазнілася.

Усе гэтыя месяцы пасля прэзідэнцкіх выбараў Святлана Алексіевіч падтрымлівала беларусаў, якія выступалі супраць гвалту і парушэння законаў. У пачатку лета яна зноў заклікала не адчайвацца.

“З намі адбылося летам мінулага года самае галоўнае: мы адчулі, што мы беларусы, што мы — нацыя… Вядома ж, перамога будзе. Можа, яна будзе не так хутка, як нам бы хацелася”, — гаварыла яна ў Берліне на паказе фільма “Кураж”.

Поделиться ссылкой: