Васіль Палякоў. Фота аўтара.

Гомельскі грамадскі актывіст і палітык Васіль Палякоў, арыштаваны тыдзень таму, напісаў 15 ліпеня каля 19-й гадзіны на сваёй старонцы ў Facebook: «Я на волі! Сам яшчэ не магу паверыць…». Допіс выкананы на расійскай мове, хоць сам палітык звычайна карыстаецца беларускай.

Тым не менш, спадар Палякоў пацвердзіў медыям, што ён сапраўды на волі. Выпусцілі яго, як аказалася, без прад’яўлення абвінавачання.

«Мяне затрымалі ў мінулы чацвер. Спачатку прайшоў вобшук. Яго праводзілі супрацоўнікі Савецкага РАУС, але па патрабаванні следчага КДБ Баравіка. Потым мяне завезлі на допыт у КДБ як сведку. Потым следчы КДБ сказаў: «Ведаеце, мы вас арыштуем як падазраванага» – пасадзілі ў аўтазак і завезлі ў ІЧУ. Пытаўся следчы пра планаваны тэракт у Вілейцы, ці ведаю я тых людзей, якія яго меркавалі ўчыніць – я першы раз чую тыя прозвішчы»,– распавёў Свабодзе Васіль Палякоў.

Жонка палітыка ўжо вяла перамовы з адвакатамі, каб хтосьці з іх мог прысутнічаць пры допытах Васіля. За свае погляды і грамадзянскую пазіцыю спадара Палякова і арыштоўвалі, і штрафавалі, але да жахлівых прэтэнзій не даходзіла.

За новымі маштабнымі ператрусамі ў дэмакратычных грамадскіх арганізацыях і затрыманнямі праваабаронцаў, журналістаў і проста актыўных грамадзянаў палітык Палякоў бачыць высілкі ўладаў дзеля стварэння вобраза ворагаў нават унутры краіны.

«Разлік просты, – кажа Палякоў. – Грамадства ў такіх варунках, па логіцы натхняльнікаў такой палітыкі, мусіць гуртавацца вакол прадстаўнікоў улады і Аляксандра Лукашэнкі. Праўда, з гэтага нічога не атрымліваецца. Але махавік ужо круціцца і ніхто пакуль не можа сказаць, што гэта дарэмна, згубна для краіны. Што досыць ужо рэпрэсій – патрэба правесці новыя сумленныя выбары. Толькі ў такім разе ў Беларусь прыйдзе спакой і яднанне».

На мінулых прэзідэнцкіх выбарах Васіль Палякоў арганізаваў назіранне за галасаваннем, адбываў двойчы адміністрацыйны арышт за ўдзел у маршах пратэсту. Апошнім часам маніторыў рэпрэсіі уладаў у дачыненні ўдзельнікаў леташніх пратэстаў, прысутнічаў на судах, вёў перапіску з многімі арыштаванымі і асуджанымі за так званыя «масавыя беспарадкі».

Васілю – 52 гады, ён прафесійны гісторык, скончыў гістарычны факультэт Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францішка Скарыны, а таксама аспірантуру Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы па спецыяльнасці паліталогія. Працаваў настаўнікам гісторыі ў гарадскім ліцэі, а калі на пачатку 2000-х заняўся палітычнай дзейнасцю, то каардынаваў праграмы ў праваабарончай арганізацыі ў Гомелі.

Анатоль ЛІПСКІ

Поделиться ссылкой: