«Славянский базар-2021»

У гэтым годзе “Славянскі базар” афіцыйна адкрыецца 15 ліпеня ў Віцебску. І гэта будзе, бадай, самы скандальны і няўдалы фестываль за ўсю яго гісторыю. Еўрарадыё прапануе параўнаць яго з папярэднімі.

“Я не паеду”: адмовы артыстаў

Яшчэ ўвесну, за некалькі месяцаў да фестывалю, стала вядома пра адмовы артыстаў ехаць на “Славянскі базар”. Часам гэта было досыць нечакана: напрыклад, у афішах быў заяўлены Міхаіл Галусцян, але пазней ён заявіў, што з самага пачатку не збіраўся ехаць у Віцебск.

Першымі ж ад удзелу адмовіліся гурт “Ронда” і яго саліст Аляксандр Іваноў. У адрозненне ад многіх артыстаў яны не спрабавалі выкарыстаць эзопаву мову і зрабілі досыць красамоўную заяву:

“Па-першае, пазіцыя Аляксандра Іванова такая, што ён па-за палітыкай, па-другое, ён не хоча, каб яго выступ, удзел у тых ці іншых мерапрыемствах потым мог быць вытлумачаны ў палітычных мэтах. Такая агульная пазіцыя Аляксандра Іванова і гурта “Ронда”, — заяўлялі прадстаўнікі гурта.

Адмовілася ехаць і ўкраінская поп-зорка MARUV. Таксама ў пераліку “адмоўнікаў” апынулася Ціна Караль, Ірына Білык, Наташа Каралёва, Аляксандр Буйноў і яшчэ шэраг артыстаў. Магчыма, былі і непублічныя адмовы: беларусы пісалі дзясяткам артыстаў з просьбамі не ехаць.

У адрозненне ад мінулых гадоў не выступяць на “Славянскім базары” і ўдзельнікі “Еўрабачання”. У афішах не заяўленыя ні расіянка Маніжа, ні ўкраінцы Go_A, ні іншыя.

Пытанні ёсць і па ўдзельніках конкурсу: напрыклад, Польшча адмовілася накіроўваць канкурсанта, хоць у афішах чамусьці заяўлена прадстаўніца краіны. Але польская арганізацыя, якая адбірала артыста на конкурс у Віцебску, ад яе адхрысцілася.

Вядома, ёсць і артысты, якія падкрэслена заявілі, што ўдзельнічаць у шоу будуць. Напрыклад, Таісія Павалій заклікала “не змешваць палітыку і культуру”. А расійская спявачка Слава і зусім паслала на тры літары беларусаў, якія заклікалі яе адмовіцца ад выступу на фестывалі.

І весці амаль няма каму

Першым ад ролі вядоўцы “Славянскага базару” адмовіўся ўкраінскі шоўмен Цімур Мірашнічэнка. Ён даўні госць фестывалю, але сёлета зрабіў свой выбар.

Пазней арганізатары спрабавалі знайсці іншых вядоўцаў. Быццам бы дамовіліся з Андрэем Даманскім, яшчэ адным украінскім шоўменам, але праз суткі ён адмовіўся ехаць у Віцебск. Не выйшла і з Аксанай Антанюк.

Літаральна за дзень да афіцыйнага адкрыцця фестывалю нарэшце абвясцілі імя вядоўцы ад Украіны. Гэта Дзіяна Панчанка, у якой у анамнезе праца на прарасійскіх тэлеканалах, якія звязаныя з “кумам Пуціна” Віктарам Медзведчуком. Таму яна ўжо дакладна не адмовіцца.

Асобна згадаем хай не вядоўцу, але шматгадовага сябра журы і заўзятага фаната фестывалю — расійскага вядучага Сяргея Саседава. За некалькі дзён да паездкі ў Віцебск ён даведаўся, што яму адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь. Па супадзенні раней Саседаў адмовіўся быць у журы беларускага X-Factor менавіта праз палітычную сітуацыю ў краіне.

Купіце білецік, ну калі ласка

Сітуацыя з продажамі білетаў на фестываль выклікала трывогу ў Мінкульце яшчэ з вясны. Праз вельмі дрэнную рэалізацыю квіткоў некалькі разоў аб’яўляліся зніжкі, але і гэта не дапамагло.

Напрыклад, сёння яшчэ даступныя дзясяткі білетаў на гала-канцэрт Саюзнай дзяржавы, дзе заўсёды выступае шмат расійскіх зорак “старой хвалі”. Тое самае, напрыклад, з праграмай “Залаты хіт” і нават цырымоніяй закрыцця.

У выніку білеты раздавалі бюджэтнікам, прычым з’яўлялася інфармацыя пра тое, што яны абавязаныя паехаць на фестываль, некаторых цэнтралізавана вязуць у Віцебск на аўтобусах. Але ўсё роўна сітуацыя з білетамі так сабе. Не дапамагаюць нават Лепс і OTTOWAN у праграме.

“Славянскі базар” урачыста адкрываецца 15 ліпеня, а скончыцца 19 ліпеня. На цырымонію адкрыцця традыцыйна збіраецца прыехаць Аляксандр Лукашэнка — ён наведвае фестываль кожны год.

Поделиться ссылкой: