Мікіта Залатароў у судзе Цэнтральнага раёна. Фота аўтара.

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 14 ліпеня вынес другое пакаранне няпоўнагадоваму палітвязню Мікіце Залатарову. На падставе артыкулу 364 Крымінальнага кодэкса ён прызнаны вінаватым у «гвалце над міліцыяй» – у гомельскім СІЗА-3 зрабіў падножку канваіру Мікіце Лучкіну, лаяўся і пагражаў гвалтам намесніцы начальніка ізалятара Таццяне Хаўбок.

Суддзя Віктар Казачок, які разглядаў справу з двума народнымі засядацелямі, абвясціў вырак: асудзіць 17-гадовага Мікіту на 1,5 года пазбаўлення волі. Прадстаўнік абвінавачвання з пракуратуры Раман Грамыка прапаноўваў пакараць падлетка двума гадамі няволі.

Кампенсацыю маральнай шкоды для пацярпелых супрацоўнікаў СІЗА суд зменшыў напалову – з тысячы да 500 рублёў кожнаму.

Хто возьме на сябе адказнасць за тое, што дзіця сядзіць за кратамі ўжо два месяцы, што над ім здзекуюцца, не даюць патрэбных лекаў? Гэта ж параза ўсёй прававой сістэмы, якой “не да законаў”.

У сувязі са зменамі ў заканадаўстве, падлетку пералічылі тэрмін, які ён правёў у СІЗА да суда (дзень пад вартай у СІЗА залічваецца як два дні ў калоніі), і ў выніку Мікіта будзе сядзець 4,5 года. У яго эпілепсія. На судовых пасяджэннях Залатароў неаднаразова заяўляў пра здзекі супрацоўнікаў ізалятара і адсутнасць рэгулярнага забеспячэння лекамі. У СІЗА ён быў «на эмоцыях» і проста «сарваўся».

Сёлета ў лютым суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Дэбой ужо пакараў падлетка Залатарова 5 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі за «масавыя беспарадкі» ў жніўні 2020 года і супраціў міліцыі з выкарыстаннем «кактэйлю Молатава», хоць ніякіх «кактэйляў» і наогул чаго-кольвечы падлетак у бок міліцыі не кідаў.

Хворага на эпілепсію няпоўнагадовага палітвязня Мікіту Залатарова асудзілі другі раз
Бацькі Залатарова. Фота аўтара.

Бацькі Мікіты Лілія Залатарова і Міхаіл Лапуноў перакананы: сын не сядзеў бы ў СІЗА і нагул не было б падобных судоў, калі б у краіне былі справядлівыя выбары.

«Наш Мікіта не злачынца, ён – закладнік. Ён гэта ведае, разумее. Што ён павінен казаць сваім крыўдзіцелям: “Дзякуй. Выбачайце. Калі ласка?”. У дадзеным выпадку гэта была рэакцыя падлетка на прыгнёт. Яны яго “дзяўбуць”, ён – супраціўляецца. Інцыдэнт у СІЗА здарыўся, калі сын быў цалкам “на эмоцыях”. Ён пад арыштам з 11 жніўня. Усё пачалося з таго, што сына абвінавацілі ў кіданні “кактэйлю Молатава”. Яго схапілі, білі. Сын, хворы на эпілепсію, апынуўся ў рэанімацыі. Потым знайшоў іншы чалавек, які сапраўды кідаў бутэльку з нейкай вадкасцю. На той час Мікіта сядзеў у ізалятары ўжо два месяцы. Яго трэба было вызваляць. Але хто возьме на сябе адказнасць за тое, што дзіця сядзіць за кратамі ўжо два месяцы, што над ім здзекуюцца, не даюць патрэбных лекаў? Гэта ж параза ўсёй прававой сістэмы, якой “не да законаў”, пра што заяўляў нават Аляксандр Лукашэнка. Мой сын павінен знаходзіцца ў бальніцы, а не ў турме, у невыносна цяжкіх умовах», – кажа спадар Лапуноў. І дадае: «Калі б выбары ў краіне былі сумленнымі, дэмакратычнымі – ніхто б не пацярпеў, не было б паламаных лёсаў беларускіх грамадзянаў. Ні хто б не памёр, не ляжаў у шпіталях, не сядзеў бы ў турмах. І эканоміка мела б развіццё. Цяпер маем наступствы».

Анатоль ЛІПСКІ

Поделиться ссылкой: