Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Жыхару Навагрудка Віктару Мацкевічу суд Дзятлаўскага раёна наканаваў 30 сутак арышту за БЧБ-сцяг, які ён пачапіў на сваю палатку ў лесе.

Мужчына гэты год каторы
Меў бел-чырвона-белы сцяг,
Які палююць пракуроры,
Які у служак ўжо «ў касцях».
Прымацаваць свой сцяг да хаты
Ці да варот мужык не мог
Ні ў будні шэрыя, ні ў святы:
Адразу ж ступіць на парог
І пратакол складзе ўчастковы,
А потым – штраф або турма.
Ён парыць нары не гатовы,
І лішніх грошыкаў няма.
А ўсё-ткі разгарнуць карцела
Яму нарэшце палатно,
Каб пад вясёлым ветрам смела
Затрапяталася яно.
Каб пракурор не зжыў са свету,
Далей ад злых чужых вачэй
Ажыццявіць патрэбна мэту.
А дзе ж зрабіць усё ямчэй,
Калі не ў векавечнай пушчы?
Баяцца, думаў ён, не след:
Там і службіст найбольш відушчы
Не згледзіць, так сказаць, пікет.
Дый людзі іншыя пры гэтым
Наўрад ці мецьмуць інтарэс,
Чаму мужчына нейкі летам
З палаткаю падаўся ў лес.
І ўсё ж на выпадак усякі
Рашыў падстрахавацца ён:
Каб той «пікет» не даўся ў знакі,
Паехаў у другі раён.
У месцы тым не быў ніколі,
І каб яму папасці ў лес,
Спярша прыйшлося джгаць па полі,
А потым у гушчар палез.
Упарта брыў па той глухмені
І спатыкаўся аб карчы…
Гадзіну цэлую, не меней,
На шлях патраціў ён, лічы,
Пакуль на сонечнай паляне
Нарэшце не зрабіў прывал.
«Ну, тут ніхто шукаць не стане
І не пашле адсюль сігнал,» –
Рашыў мужчына і спачатку,
Калі адсопся спакваля,
Дастаў рыштунак і палатку
Паставіў адпачынку для.
І пачапіў на ёй нарэшце
Свой бел-чырвона-белы сцяг!
«Ну што, «мянты»? – падумаў. – З’ежце!
Лічыце, што паслаў вас нах!»
Ад цяжкай стомы і ад спёкі
Мужчына праваліўся ў сон…
Пачуўшы голас недалёкі,
Ад спуду аж падскочыў ён.
Затым на лоб палезлі вочы,
Пахаладзела ўсё ўнутры,
Бо да яго ўчастковы крочыў,
За ім – такіх жа два ці тры.
Быў пратакол па завядзёнцы
І вырак строгага суда…
Як апынуўся ён на шконцы,
Дык доўга думаў і гадаў,
Шукаў адказы на пытанне:
Адкуль жа ўведалі «мянты»,
Што ён са сцягам на паляне?
Вакол жа толькі лес густы.
Пра сцяг і пра яго, магчыма,
Ім падказаў грыбнік які,
Што заблудзіў ці крочыў міма?
Але ж як быццам грыбнікі
Пакуль яшчэ не топчуць сцежкі.
Ды і нашто хадзіць дарма?
У лесе нават сыраежкі,
Тым больш асовіка, няма.
Мо разжыліся пінкертоны
На дроны ў дваццаць першы век,
І ім даюць падказку дроны,
Дзе сцяг павесіў чалавек?
Такую версію чамусьці
Адвергнуў без сумнення ён:
Хіба ж у нашым захалусці
Служакам хтось даверыць дрон?
Каб упраўляцца з імі, трэба
Усё-ткі навык немалы,
Хоць нешта і ўзлятала ў неба
(Ды гэта, мусібыць, буслы),
Як сцяг ён вешаў на палатку…
Прызнаюся ў сваю чаргу,
Што тую хітрую загадку
І сам рашыць я не магу.

***

Дык хто ж «шапнуў» пра адзінокі,
Узняты ў цёмным лесе сцяг?
Няўжо міліцыі й сарокі
Прыносяць весткі на хвастах?..

Публікацыя – з № 52 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: