Наша Ніва

Затрыманы галоўны бухгалтар Вольга Раковіч, рэдактар часопіса «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» Андрэй Дынько, галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу газеты Андрэй Скурко.

Чацвёра супрацоўнікаў найстарэйшага беларускага выдання «Наша Ніва» застаюцца на Акрэсціна. Тым часам каманда «Нашай Нівы» рыхтуецца запусціць новы сайт пад старой назвай.

8 ліпеня Міністэрства інфармацыі заблакавала сайт «Нашай Нівы» на падставе «апавяшчэння Генеральнай пракуратуры ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, пашырэнне якой забаронена пунктам 1 арт.38 закона «Аб сродках масавай інфармацыі». Доступ да «НН» абмежаваны не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

У офісе прайшоў ператрус, рэдактара сайта Ягора Марціновіча, кіраўніка аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэя Скурко, рэдактара часопіса «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асьцярожна: дзеці!» Андрэя Дынько, а таксама галоўную бухгалтарку «Нашай Нівы» Вольгу Раковіч затрымалі і змясцілі на Акрэсціна.

Праз трое сутак затрыманых не выпусцілі. Яны застаюцца ў няволі. Як паведаміла жонка Андрэя Скурко Паўліна, хутчэй за ўсё, нашаніўцаў будуць трымаць мінімум 10 дзён – паводле апошніх змен у артыкул 342 Крымінальнага кодэкса.

«Хоць і рыхтаваліся да горшага, але спадзяваліся, што да такога не дойдзе»

Цяпер працягвае працаваць тэлеграм-канал «Нашай Нівы», а каманда рыхтуецца як мага хутчэй аднавіць паўнавартасную працу сайта, расказала дырэктарка выдання Настасся Роўда:

«Мы даўно рыхтаваліся да такога развіцця падзей, бо ведалі, у якой краіне жывём. «Нашай Ніве» ніколі не было лёгка працаваць у Беларусі, нам пастаянна чынілі перашкоды, і даволі сур’ёзныя. Але такога беспрэцэдэнтнага ціску не было ніколі. Мы хоць і рыхтаваліся да горшага, але спадзяваліся, што да такога не дойдзе.

Тым не менш справу, якую пачыналі Андрэй Дынько, Андрэй Скурко, а потым падхапіў Ягор Марціновіч, нельга пахаваць. І зараз задача ўсіх, хто на свабодзе, – працягваць тое, што яны пачалі. Мы не збіраемся закрывацца, не збіраемся маўчаць, мы будзем адраджацца, хочам, каб у нас быў паўнавартасны сайт, мы ўжо працуем над яго аднаўленнем.

Пакуль не магу сказаць, калі ён запрацуе, але магу запэўніць, што рэдакцыя будзе працаваць. Гэта адназначна. Справа адбудоўвалася дзесяцігоддзямі, і нельга за пару дзён зруйнаваць, ператварыць у попел і закапаць у зямлю тое, што зрабілі нашаніўцы. Таму зробім усё, каб справа не проста жыла, а развівалася. Будзем працаваць больш і лепш, здавацца намеру не маем».

«Была прынцыповая пазіцыя – заставацца ў Беларусі да апошняга»

Настасся Роўда кажа, што ў супрацоўнікаў была прынцыповая пазіцыя – заставацца ў Беларусі «да апошняга».

«Таму, калі ў офіс і да кіраўніцтва прыйшлі з ператрусамі, большасць каманды знаходзілася ўнутры краіны. Мы працавалі абсалютна легальна, адкрыта, мы разумелі рызыкі. Але мы разумелі, што не парушаем закон, і наша пазіцыя была ў тым, каб быць побач са сваім народам столькі, колькі магчыма.

Цяпер я сумняваюся, што далейшая праца ўнутры Беларусі магчымая. Таму мы перастройваемся. У нас былі людзі за мяжой, дзякуючы гэтаму мы захавалі і кантралюем усе нашы сацыяльныя сеткі і рыхтуемся аднаўляцца ў новым фармаце».

«Брэнд «Наша Ніва» мы ніяк не можам страціць»

Настасся Роўда кажа, што выданне захавае старую назву.

«Наша Ніва» – гэта той брэнд, які мы не можам страціць, «Наша Ніва» павінна жыць і быць «Нашай Нівай» і далей. Каманда засталася, і я як дырэктар не адмоўлюся ад гэтага брэнду. Так што «Наша Ніва» застанецца, а мы будзем чакаць выхаду на волю нашых калег, і што далей будзе з брэндам «Наша Ніва», вырашаць будуць яны. Пакуль яны ў няволі і не могуць прымаць рашэнні, мы ўсё пакінем, як было раней».

Дырэктарка «НН» пераканана, што ўдасца захаваць калектыў. Мяняць рэдакцыйны парадак дня каманда таксама не збіраецца. Рыхтуючыся да такога развіцця падзей, нашаніўцы захавалі архівы выдання.

«Што тычыцца прызнання Міністэрствам інфармацыі матэрыялаў экстрэмісцкімі, пакуль мы не атрымалі афіцыйных дакументаў, – кажа Настасся Роўда. – Не вельмі разумеем, чаму заблакіраваны партал, у каментарыі няма ніякай канкрэтыкі, стандартныя агульныя фразы і артыкул, паводле якога можна блакіраваць за што заўгодна. Таму чакаем канкрэтных прэтэнзій. Хутчэй за ўсё, гэта было зроблена, каб паралізаваць працу «Нашай Нівы» на тым этапе, калі затрымалі нашых рэдактараў.

Таму будзем дзейнічаць адпаведна сітуацыі, звяртацца да юрыстаў, раіцца з адвакатамі. Пакуль мы зусім не разумеем нашага юрыдычнага статусу ўнутры Беларусі як прадпрыемства; не ведаем, што мы можам працягваць далей, чаго не можам. Не ведаем, ці можам выпускаць часопісы «Наша гісторыя» і дзіцячыя часопісы «Дуду», «Асцярожна: дзеці!», якія не былі сацыяльным кантэнтам «Нашай Нівы», а былі проста культурным здабыткам. Пакуль мы гэтыя пытанні спрабуем высветліць.

І адначасова працуем над аднаўленнем сайта».

Публікацыя – з № 52 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: