На Гомельшчыне ператрусы, затрыманні і суды па
Фота носіць ілюстрацыйны характар

Раніца 13 ліпеня распачалася вобшукам у бухгалтаркі інтэрнэт-партала “Сильные новости” Ганны Стрэльчанкі. Да яе прыйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Пра гэта паведаміў сам інфармацыйны рэсурс. З чым звязаны вобшук, на дадзены момант невядома.Раней “Народная Воля” пісала, што 9 ліпеня міліцыя правяла ператрус у дзесяці асноўных супрацоўнікаў партала, у тым ліку і ў яго заснавальніка Пятра Кузняцова.

Напярэдадні ў Мазыры, паводле інфармацыі ад праваабаронцаў, судзілі Руслана Аліскерава за “распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Суткі да суда Руслан правёў у ІЧУ, бо быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ. Суддзя Аляксандр Град, які разглядаў адміністрацыйную справу, вызваліў Аліскерава з-пад варты, а адміністрацыйны пратакол адправіў назад у Мазырскі РАУС на дапрацоўку – апісанне правапарушэння не адпавядала дыспазіцыі артыкула 19.11 КаАП, паводле якога мазырчука вінавацілі. Руслан распавёў таксама, што ў мясцовым аддзеле КДБ у яго пыталіся, ці знаходзіцца ён у суполках “Буслы ляцяць” і “ОГСБ”, а потым знайшлі паведамленне, якое ён перапосціў у чат “Общество адекватных людей”. Ад затрымання і да суда Руслана не кармілі.

Толькі зараз праваабаронцы даведаліся, што яшчэ 10 ліпеня ў Мазыры затрымалі Антона Кошчанку з Калінкавічаў – ён жыў у мазырскім інтэрнаце. У пакоі хлопца вісеў нацыянальны сцяг. Бацька Антона амаль тры дні не мог знайсці зніклага сына. І толькі калі Кошчанка-старэйшы напісаў заяву ў пракуратуру, яму паведамілі, што Антона супрацоўнікі КДБ адправілі ў СІЗА-3 у Гомель.

Стала вядома, што і ў мазырскі ІЧУ пры РАУСе ўвечары 11 ліпеня прывезлі трох чалавек, якіх вінавацяць у нейкіх “палітычных” правапарушэннях ці нават злачынствах.

Анатоль ЛІПСКІ

Поделиться ссылкой: