Мінюст правярае «Саюз беларускіх пісьменнікаў»

Раней пазапланавая праверка з боку Міністэрства юстыцыі пачалася ў дачыненні да іншых грамадскіх арганізацый – Беларускага ПЭН-Цэнтру, Беларускай асацыяцыі журналістаў, аб’яднанняў «Экадом», «Звяно», руху «За свабоду», Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Цэнтру «Трэці сектар».

Сёння стала вядома, што Міністэрства юстыцыі Беларусі распачало праверку дакументаў яшчэ адной грамадскай арганізацыі — Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

«Сёння на нашу пошту прыйшло паведамленне аб атрыманні заказнога ліста ад Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Дакумент №06-12 ад 06.07.2021 прайшоў пошту ў той жа дзень і толькі 09.07.2021 у пятніцу, паводле паштовага штэмпеля, паступіў у аддзяленне 220012 (Мінск-12). Яшчэ ўчора ў панядзелак пошты ў арганізацыі не было, паведамленне прыйшло раніцай 13 ліпеня», – інфармуе сайт СБП.

«У лісце начальніка ўпраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Алены Кірычэнка паведамляецца пра правядзенне Мінюстам кантрольных мерапрыемстваў па вывучэнню дзейнасці грамадскай арганізацыі “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. У лісце запытваецца масіў дакументаў ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” з 1 студзеня 2018 года па 1 ліпеня 2021 года па 27 канкрэтных пунктах, звязаных са статутнай дзейнасцю арганізацыі. Дакументы па ўсіх пунктах трэба прадаставіць да 13 ліпеня, г.зн. да сённяшняга дня».

«Саюз беларускіх пісьменнікаў» накіраваў запыт у Міністэрства юстыцыі аб падаўжэнні тэрміну прадастаўлення інфармацыі на два дні, да 15 ліпеня 2021 года.

Поделиться ссылкой: