Сёння раніцай працягваліся вобшукі ў работнікаў недзяржаўных СМІ, паведамляе БелаПАН.

Прадстаўнікі крымінальнага вышуку прыйшлі дадому да бухгалтара гомельскага інтэрнэт-партала “Сильные новости” Ганны Стрэльчанкі. Па якой прычыне — невядома, паведамляе выданне.

Брэсцкі фатограф Вольга Латышава напісала ў твітэры, што да яе таксама прыйшлі з вобшукам сілавікі. Падрабязнасцяў пакуль няма.

Вобшук прайшоў і ў выдаўца брэсцкага часопіса “Бинокль” Дар’і Гарашчанкі. Пасля вобшуку яе адвезлі на апытанне ў Ленінскае РУУС, а затым адпусцілі, забраўшы мабільны тэлефон.

Масавыя вобшукі ў рэдакцыях недзяржаўных медыя і ў журналістаў прайшлі 8 і 9 ліпеня. У зоне цікавасці сілавікоў апынуліся “Наша Ніва” (сайт nn.by, часопіс “Наша гісторыя”, Мінск), Intex-press (Баранавічы, Брэсцкая вобласць), “Ганцавіцкі час”, “Першы рэгіён” (Ганцавічы, Брэсцкая вобласць), “Информ-прогулка” (Лунінец, Брэсцкая вобласць), Media-Polesye (Пінск, Лунінец), Orsha.eu (Орша, Віцебская вобласць), “Брестская газета”, “Виртуальный Брест”, “Сильные новости” (Гомель), Onliner.by.

Па ўсёй краіне было затрымана не менш за 15 прадстаўнікоў медыясферы і грамадскіх актывістаў. Большасць з іх пасля былі адпушчаныя. За кратамі застаюцца чатыры супрацоўнікі “Нашай Нівы”: галоўны рэдактар Ягор Марціновіч, рэдактар Андрэй Скурко, галоўны бухгалтар Вольга Раковіч і галоўны рэдактар “Нашай гісторыі” Андрэй Дынько.

9 ліпеня інфармацыя пра затрыманні журналістаў не паступала, аднак падчас вобшукаў, як і напярэдадні, масава канфіскоўваліся носьбіты інфармацыі (камп’ютары, тэлефоны).

Поделиться ссылкой: