Заснавальнік гомельскага партала «Моцныя навіны» распавёў пра няпросты дзень, цягам якога сілавікі правялі ператрусы ў многіх супрацоўнікаў папулярнага рэгіянальнага медыя. 

«Сябры. Я, па меншай меры пакуль, на свабодзе, спадзяюся, так будзе і далей, — напісаў Пётр Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале. — Сёння (10 лiпеня. – Рэд.) прайшлі ператрусы ў мяне ў кватэры, загарадным доме і ў офісе. Прыйшлося праехаць тры адрасы, таму так доўга.

Абшукалі таксама месца прапіскі жонкі, а таксама яе машыну. Адначасова прайшлі ператрусы ў дзесяці супрацоўнікаў рэдакцыі. Ва ўсіх канфіскаваная ўся тэхніка, таму, напэўна, да панядзелка наўрад ці нешта яшчэ напішу. Трэба яшчэ прывесці ў парадак усё.

Што там тэхніка: з офіса забралі тры «Пагоні» ручной працы — дзве па дрэве, адну керамічную. Забралі нават вокладку для дакументаў з гістарычным гербам. Сказалі: «Следчы разбярэцца».

Я вельмі ўдзячны усім за словы падтрымкі. Гэта вельмі дарагога каштуе, праўда, крануты.

Адначасова хачу сказаць яшчэ вось што.

Многія пішуць, у тым ліку і ў лічку пісалі блізкія і дарагія людзі: чаму, маўляў, ты яшчэ не з’ехаў, чаго ты чакаеш? Абвінавачваюць у легкадумнасці, непрадбачлівасці…

Іронія лёсу ў тым, што калі да мяне прыйшлі, я быў не ў Гомелі, а ў лесе ў памежным з Расіяй раёне —планаваў пачаць выходныя. Так што «на рывок», тэарэтычна, можна было цалкам.

Ведаеце, я вось што хачу сказаць. Я чакаў, што гэта пачнецца і рыхтаваўся да горшага. Пакуль, дзякуй Богу, горшага не здарылася. І літаральна ў апошнія дні я размаўляў з многімі членамі маёй каманды, прапаноўваючы ўсім разгледзець магчымасць рэлакацыі.

І, ведаеце, усе адмовіліся. Так, напэўна, хтосьці з нашых таксама не супраць, але ўсе тыя, з кім я гаварыў, заявілі, што не гатовыя і не хочуць з’язджаць.

Што я магу дадаць? Я магу толькі прапанаваць паспрабаваць паставіць сябе на маё месца. Ці магу я з’ехаць, калі ўсе тыя людзі, з якімі мы будавалі і будуем свой праект, застаюцца?

Можа, я і згодны з тым, што лепш было б — так, з’ехаць. Але, бачыце, я не магу. З’язджаць лёгка, калі ты адзін і ні з кім і нічым асабліва не звязаны. Калі ты кіруеш камандай, калі ты робіш сваю справу, адчуваеш адказнасць перад людзьмі, гэта цяжка.

Таму, не трэба казаць: «Не разумею». Трэба спрабаваць разумець. Яшчэ раз дзякуй!».

Нагадваем, што учора сілавікі прыйшлі да многіх журналістаў «Моцных навін». Спачатку — да рэдактара сайта Ірыны Вольскай. Пазней з’явілася інфармацыя, што праваахоўнікі прыйшлі па месцы прапіскі кіраўніка рэкламнага аддзела Яўгеніі Крэшчук. Яна ў той кватэры не жыве.

Таксама ператрус праходзіў па месцы прапіскі галоўнага рэдактара Ганны Якштас — шукалі тэхніку, але паколькі там жыве бабуля, то тэхніку ніякую не знайшлі. Пазней міліцыя прыйшла да галоўнага рэдактара і яе мужа, таксама судрудніка рэдакцыі Дзяніса Якштаса, дадому. Ператрус доўжыўся крыху больш за гадзіну, таксама канфіскавалі тэхніку.

Такая ж сітуацыя і з журналістамі партала Наталляй Суславай, Юрыем Глушаковым, Кацярынай Тэліман. Ва ўсіх прайшлі ператрусы, забіралі тэхніку. Міліцыя таксама тэлефанавала рэдактару Сняжане Пагодзінай, яе не было дома ў гэты момант.

Урэшце сілавікі прыйшлі з ператрусам таксама да стваральніка і дырэктару партала Пятра Кузняцова.

Таксама быў праведзены вобшук ці агляд у бацькоў яшчэ аднаго супрацоўніка партала, Аляксея Шкурава, з дому нічога не канфіскавалі. Прыходзілі дадому і па месцы прапіскі таксама да супрацоўніка партала Паўла Кузняцова — паводле яго слоў, стаўленне было карэктным, забралі жорсткі дыск, ноўтбук і тэлефон.

Поделиться ссылкой: