У вядомага гомельскага журналіста прайшоў вобшук. Забралі ўсю камп'ютарную тэхніку
Анатоль Гатоўчыц

Увечары 9 ліпеня, у аднаго са старэйшых журналістаў з Гомеля, афіцыйнага ветэрана працы і сябра рэгіянальнай арганізацыі ГА «БАЖ» Анатоля Гатоўчыца міліцыя правяла вобшук. 

У пастанове на вобшук напісана, што дома ў Гатоўчыца «могуць быць прадметы і рэчы, якія маюць дачыненне да крымінальнай справы № 2112435935». Што гэта за справа і якое дачыненне да яе мае журналіст – невядома.

На вобшук прыйшоў і адзін з тых супрацоўнікаў, які ўдзельнічаў і ў лютаўскім ператрусе ў кватэры журналіста.

«Кажу ім: хлопцы, у мяне што – мёдам намазана? Яшчэ ж не ўсе рэчы вярнулі з часу мінулага ператрусу, а вы ўжо зноў прыйшлі. Дый камп’ютарную тэхніку, па сутнасці, толькі нядаўна аддалі. Брыгада міліцыянераў толькі паціскала плячыма: у іх пастанова, іх абавязалі. А хто і што не вярнуў – трэба пытацца ў тых, хто мінулым разам санкцыянаваў вобшук», – расказвае Анатоль.

Гэтая вынятка тэхнікі – цалкам брутальная перашкода на занятак журналістыкай, якой я, маючы ўніверсітэцкі дыплом журналіста, аддаў амаль паўстагоддзя жыцця.

Гэтым разам у журналіста зноў забралі яго кампутары, тэлефоны, жончын планшэт, флэшкі, усе фотаапараты, дыктафоны, у тым ліку і старыя касетныя, якія Анатоль збіраўся аддаць у музей незалежнай журналістыкі. Такі музей запланавала стварыць Беларуская асацыяцыя журналістаў. У пратаколе вобшука ўказана 26 найменняў забранай тэхнікі і носьбітаў інфармацыі.

«Беспарадку асаблівага не ўчынілі, – дадае Анатоль. – Толькі капітан моцна знерваваў жонку Марыю – яна ў мяне таксама журналістка, сябра ГА«БАЖ». Стаў забіраць у яе насоўку з вышыўкай і ўзоры нацыянальнага арнаменту, які яна збіралася перанесці на павалаку. Нават не скажу, дзеля чаго тую павалаку яна надумалася рабіць – гэта вельмі асабістае».

Уражанне ў журналіста склалася такое, што вобшук адмыслова быў звязаны з выняткай тэхнікі, сродкаў сувязі і грошай. Бо пыталіся ў 71-гадовага Анатоля, які ўжо на пенсіі, яшчэ і пра банкаўскія карткі.

«Аднак цяперашнія ініцыятары, выглядае, не ведалі, што маю тэхніку ўжо праз папярэднюю пастанову СК, за тры месяцы перабывання ў структурах камітэта “разабралі па костачках”. Гэтая вынятка тэхнікі – цалкам брутальная перашкода на занятак журналістыкай, якой я, маючы ўніверсітэцкі дыплом журналіста, аддаў амаль паўстагоддзя жыцця – у «Советской Белорусcии», «Народнай газеце», «БелаПАНе», «Народнай Волі», – зазначае Анатоль. – «Ці гэта ўжо ў кожным журналісце, былым і цяперашнім, хто пакінуў афіцыйныя СМІ, бачаць тую “спячую тэрарыстычную ячэйку”, якую кінуліся зараз шукаць па ўсёй Беларусі?».

Поделиться ссылкой: