Ігракі клуба атрымалі паведамленні аб змене ўмоў аплаты працы.

Пасля першага круга «Віцебск» займае ў турнірнай табліцы 8-е месца – у 15 гульнях каманда набрала 20 ачкоў. Але ў хуткім часе ў клуба могуць узнікнуць дадатковыя праблемы.

«У чэмпіянаце перапынак, адкрылася трансфернае акно, але, на жаль, кадравымі ўзмацненнямі парадаваць нашых балельшчыкаў не зможам, – шчыра прызнаўся на клубным сайце дырэктар «Віцебска» Мікалай Вайцюхоўскі. Першы круг каманда гуляла, не атрымліваючы некаторых выплат, што абяцаліся раней. Я ўдзячны хлопцам за тое, што яны з разуменнем паставіліся да сітуацыі і выконвалі сваю работу. А ўвогуле з нечаканымі непаступленнямі спонсарскіх сродкаў мы сутыкнуліся яшчэ ў снежні мінулага года. Тады ўдалося гэта перакрыць грашыма, якія атрымалі за трансферы Шкурына, Пячэніна, Волкава і арэнду Дыега. У гэтым годзе фінансавая сітуацыя па не залежных ад клуба прычынах яшчэ больш пагоршылася».

Мікалай Вайцюхоўскі кажа, што не можа каментаваць, чаму клуб патрапіў у фінансавую яму, пра гэта лепш спытацца ў кіраўніцтва абласнога ўпраўлення спорту.

«Але на сённяшні дзень мы выплацілі ўсе даўгі перад камандай, – дадае дырэктар клуба. – Разумеем, што ў далейшым абавязацельствы перад ігракамі выконваць не зможам. Футбалісты атрымалі паведамленні аб змене ўмоў аплаты працы і ў выпадку нязгоды могуць пакінуць клуб. Выключэнне складаюць ігракі, у якіх з клубам доўгатэрміновыя кантракты.

Такое рашэнне было нялёгка прыняць, але гэта лепш, чым трымаць людзей у сітуацыі нявызначанасці і ствараць даўгі. Зараз чакаем рашэння кожнага, а трэнерскі штаб праглядае моладзь на магчымыя вакансіі».

Поделиться ссылкой: