Суд зняволіў Паўла Ларчыка, нягледзячы на прызнанне віны і выбачэнне перад міліцыянерам
Павел Ларчык. Фота аўтара

Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Алеся Осіпава 9 ліпеня пакарала Паўла Ларчыка трыма гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. 24-гадовы гамяльчук на падставе артыкула 364 Крымінальнага кодэкса прызнаны вінаватым у гвалце над старшым лейтэнантам міліцыі Паўлам Шапавалавым.

Перад прысудам у апошнім слове Ларчык выказаў шкадаванне з нагоды недарэчнага выпадку, выбачыўся перад міліцыянерам, прасіў суд не пазбаўляць яго волі, бо ён толькі пачынае жыць, мае намер стварыць сям’ю і сваёй працай, як і раней, прыносіць карысць грамадству. Павел яшчэ на пачатку судовага разбіральніцтва прызнаў віну, указваючы на незвычайныя абставіны інцыдэнту.

Брыкаўся, лежачы на спіне

Тое здарылася 20 верасня мінулага года, на скрыжаванні вуліц Савецкай і Пушкіна, куды прыйшлі гараджане з плошчы Паўстання, пратэстуючы супраць фальсіфікацыі выбараў. На згаданым скрыжаванні паблізу цырка міліцыя пачала затрымліваць удзельнікаў мірнай акцыі.

Адбылася штурханіна. Ларчыка павалілі на зямлю. Старшы лейтэнант міліцыі з Чыгуначнага РАУС Шапавалаў, які прызнаны пацярпелым, таксама кінуўся хапаць маладзёна са сцягам на плячах. У штурханіне ён сам упаў, наваліўшыся на ногі Ларчыку. Апошні, канешне, брыкаўся і выпадкова стукнуў нагою Шапавалаву ў галаву.

Суд зняволіў Паўла Ларчыка, нягледзячы на прызнанне віны і выбачэнне перад міліцыянерам
Судовы працэс здымае мясцовае тэлебачанне. Фота аўтара

Прадстаўніца пракуратуры Юлія Кружнова, якая падтрымлівала ў судзе абвінавачванне, заяўляла падчас спрэчак, што Ларчык не мог не бачыць, што Шапавалаў міліцыянер – ён быў у форменным адзенні, а зверху на ім была яшчэ і яркая сіняя накідка з надпісам «Інфармацыйная група». Абвінаваўца здзіўлялася, чаму Павел, павалены ў штурханіне, не ляжаў на ходніку спакойна.

«Палітычная варажнеча» ці інстынкт самазахавання?

У нанясенні ўдару ўпаўшаму на ногі Паўла міліцыянеру Кружнова згледзела «матывы палітычнай варажнечы». Нават не сацыяльнай, а менавіта палітычнай, што, на думку абвінаваўцы, зʼяўляецца абцяжарваючым фактарам.

Пэўна, дзеля згушчэння фарбаў называліся і іншыя «грахі» маладога гараджаніна: «удзельнічаў у незарэгістраваным масавым мерапрыемстве», меў на плячах павязаны «недзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг», пакараны адміністрацыйна за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці.

Адвакат абвінавачанага Сяргей Красноў заўважыў: так, яго падабаронны, якога кінулі на ходнік, брыкаўся, адпаўзаў, бо «спрацаваў інстынкт самазахавання». Бачыць Павел не мог, хто наваліўся яму на ногі: у хлопца на той час былі доўгія валасы, якія засланялі яму наваколле. Адвакат лічыць не справядлівым ізаляваць Паўла ад грамадства з шэрагу прычынаў: маладзён толькі пачынае жыццё, віну прызнаў, раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, на працы характарызаваўся станоўча. Турма ж, перакананы адвакат, не можа выхаваць чалавека.

За «гвалт» вінавацілі сябра

Раней за «гвалт» над міліцыянерам Шапавалавым затрымлівалі Аляксея Губіча, сябра Ларчыка. Абвінавачвалі, што нібыта Аляксей і стукнуў нагой Шапавалава. Урэшце праз закрыты суд Губіча пакаралі трыма гадамі няволі за тое, што ён нібыта ўдарыў супрацоўніка АМАП. Сёння за «гвалт» у дачыненні да Шапавалава засудзілі Паўла Ларчыка.

Пацярпелы афіцэр міліцыі, у адрозненне ад некаторых сваіх калег, не стаў заяўляць абвінавачанаму пра маральную шкоду – яму было дастаткова прабачэння хлопца і раскаяння.

Суд зняволіў Паўла Ларчыка, нягледзячы на прызнанне віны і выбачэнне перад міліцыянерам
Бацькі і сваякі прыйшлі ў суд падтрымаць Паўла. Фота аўтара

Маці Паўла Ганна Ларчык спадзявалася на прысуд, не звязаны х пазбаўленнем волі. Ён ужо да суда адседзеў чатыры месяцы ў СІЗА.

– За што садзіць Паўла ў турму, не разумею. Гэта проста знішчэнне маладых людзей. Не пусціць сына ў верасні на марш пратэсту я не магла. Я на баку сына, – кажа Ганна Міхайлаўна.

У шоку ад прысуду і бацька Паўла Уладзімір Ларчык, які таксама прысутнічаў на судзе.

– Я шакаваны, гэта нейкі кашмар! Якая палітычная варажнеча, які гвалт? У той час уся краіна паднялася. Сына паклалі на спіну на ходнікі, ён адпаўзаў, выпадкова патрапіў міліцыянеру ў галаву. І за гэта тры гады турмы? Слоў няма – гэта кашмар, – лічыць Ларчык-старэйшы.

Здзіўлены жорсткім прысудам і адвакат:
– Суворае пакаранне. Хлопец прызнаў віну, выбачыўся. Сам пацярпелы міліцыянт гаварыў на судзе: паколькі Павел прызнаў віну, то не варта яго сувора караць. Пазовы таксама не заяўляліся – і пакаранне далёка не мяккае. Столькі ж даюць абвінавачаным, якія ў падобных справах не прызнаюць віны. Будзем праз вышэйшую судовую інстанцыю абскарджваць прысуд, каб змякчыць яго, – сказаў журналісту «Народнай Волі» адвакат Красноў.

Дзяўчына Ларчыка, з якой ён меўся ўжо сёлета заручацца, таксама прысутнічала на судзе.

– Я спадзявалася, што суд паверыць Паўлу і прызначыць яму пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Ён добры і спагадлівы хлопец, і я буду яго чакаць, – кажа Юля, дзяўчына пакаранага няволяй маладога гамельчука.

Поделиться ссылкой: