Васіль Палякоў
Васіль Палякоў

Другія суткі знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Гомелі грамадскі актывіст, праваабаронца і палітык Васіль Палякоў. Паводле расповеду жонкі Палякова Святланы, міліцыя прыйшла да іх дадому раніцай 8 ліпеня. У кватэры правялі вобшук, забралі кампутарную тэхніку, якая яшчэ заставалася ад ранейшых ператрусаў, а таксама мабільныя тэлефоны. Васіля забралі з сабою.

– Ужо ўвечары муж патэлефанаваў і паведаміў, што ён затрыманы, знаходзіцца ў ізалятары. Шмат ён гаварыць не мог, сказаў толькі, што яго падазраюць ці нават ужо вінавацяць у тэрарызме – па артыкуле 289 Крымінальнага кодэкса. Было не надта добра чуваць. Артыкул жа гэты, як я зразумела, называецца коратка – «Акт тэрарызму». Я ў шоку! Які акт, дзе, што, калі? Муж – адукаваны чалавек, ён сапраўды займаецца выбарамі, палітычнымі ды праваабарончымі справамі ў межах беларускага заканадаўства. А тэрарызмам – гэта ўжо праз край, – кажа Святлана Палякова.

Сёння жонка палітыка вяла перамовы з адвакатамі, каб хтосьці з іх мог прысутнічаць пры допытах. За свае погляды і грамадзянскую пазіцыю Палякова і арыштоўвалі, і штрафавалі, але да жахлівых прэтэнзій не даходзіла.

Анатоль ЛІПСКІ

Поделиться ссылкой: