Надзея Мялешка

Жонка вядомага экс-хакеіста зборнай Беларусі Дзмітрыя Мялешкі паведаміла, што хвароба зноў пачала прагрэсіраваць.

У студзені мінулага года Надзея Мялешка распавяла, што ўрачы знайшлі ў яе рак грудзей.

«30 снежня 2019 года я намацала ўшчыльненне ў грудзях, паведаміла яна ў «Інстаграме». Панікаваць не стала, бо за тры месяцы да таго была на абследаванні, і ўсё было добра. Але зноў пабегла правярацца.

8 студзеня я даведалася, што ў мяне рак грудзей. Трэцяя стадыя. Чаму раней гэта не выявілі? Таму што гэты від пухліны хутка развіваецца і мае агрэсіўны характар. Ён паспеў пракрасціся ў лімфавузлы».

Пасля гэтага Надзея стала паведамляць сваім падпісчыкам навіны пра свай стан і лячэнне. У Германіі ёй зрабілі аперацыю, туды адправілася ўся сям’я.

«Мне выдалілі абедзве малочныя залозы, прыбралі 26 лімфавузлоў і ўстанавілі імплантаты, – распавядала яна. Калі мы з’язджалі ў Германію на лячэнне, не ведалі, колькі гэта зойме часу. Таму дзяцей вырашылі ўзяць з сабой. Душа на месцы, калі яны побач.

Пасля апраменьвання не абышлося без пабочных з’яў. У мяне абпалена скура, з’яўляюцца пухіры ў вобласці апраменьвання, мне балюча глытаць. За спінай – 8 месяцаў бесперапыннага цяжкага лячэння. 16 «хімій». 15 магутных апраменьванняў. Літры слёз за кадрам. Гігабайты страху, такога жывёльнага, за сваё жыццё.

Увесь гэты час я старалася ставіцца да раку як, скажам, да прастуды: трэба – лечым. Я не дапускала ў галаве думак, што наогул гэта гісторыя пра тое, што ці ты яго, ці ён цябе…

Я зноў ўсміхаюся простым рэчам: цёпламу сонцу, празрыстаму паветру, магчымасці любіць і марыць. Я апрану прыгожую сукенку, таму што я цудоўная і я – жывая!»

Надзея бязмежна радавалася і тады, калі доктар паведаміў ёй, што пачалася рэмісія:

«Рэмісія! Афіцыйна! У мяне заставаўся адзін метастаз. Усё выдалілі, усё чыста. Але менавіта ён адзін не даваў мне спакою. І тут прагучалі тыя самыя словы: «У вас – рэмісія!»

Надзея апублікавала відэа, у якім доктар паведамляе, што ў яе рэмісія. Пачуўшы гэтыя словы, жанчына расплакалася.

«Гэта відэа я буду пераглядаць кожны дзень, таму што да гэтага часу не веру», – напісала Надзея.

І вось зараз Надзея Мялешка паведаміла, што ў яе зноў з’явіліся метастазы.

«Удар у спіну, паведаміла яна. Прайшло ўсяго два месяцы пасля складанай аперацыі, калі ў мяне выдалілі сем метастазаў на печані…

Не люблю пісаць на тэму хваробы, але ведаю, што вы чакаеце і перажываеце, што кагосьці мой шлях падтрымае і дасць патрэбную інфармацыю. Многім людзям мая гісторыя нагадвае пра тое, наколькі крохкае наша жыццё, як важна яго шанаваць і дзякаваць за ўсё.

Некалькі дзён таму я зноў прайшла абследаванне КТ, і вынікі для мяне сталі шокам! Я не магла гаварыць і дыхаць, не магла паверыць…

Метастазы вярнуліся. Ізноў у печань. Вердыкт доктара: аперацыя больш не патрэбна, няма сэнсу.

Дзякуючы новаму прэпарату «Алапарыб» у мяне прайшлі метастазы на грудзях, мая вера ў гэтыя таблеткі была непахісная!

Я ведаю, што прэпарат працуе год, два, а потым арганізм прызвычайваецца, і трэба шукаць новае рашэнне. Але ж навука не стаіць на месцы, абавязкова нешта прыдумаюць.

Я не хачу думаць пра дрэннае. Не хачу і не буду. Папрасіла свайго доктара пра новае КТ праз два, а не праз тры месяцы.

Урачы лічаць, што хіміятэрапія таксама не дапаможа, таму ўся надзея, што запрацуе «Алапарыб». Дык не падвядзіце мяне, цуд-таблеткі! Мне яшчэ столькі трэба паспець у гэтым свеце!

Бачыць, як растуць мае дзеці, кожную раніцу бачыць усмешку Дзімы, захапляцца яго фірмовымі сняданкамі, спяваць песні на ўвесь голас падчас нашых аўтамабільных падарожжаў. Атрымліваць асалоду ад кожнага заходу сонца і кожнага світання. Вярнуцца дадому і абняць Зосю. Правесці выпускны для маіх першых і другіх мялешак.

Я ведаю дакладна, што патрэбна гэтаму свету! Веру, што ўсё будзе добра! Галоўнае, што ў мяне ёсць, – ваша падтрымка і мая вера».

Публікацыя – з № 51 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: