Сёмага дня кожнага месяца некалькі чалавек, якія называюць сябе «Сябрамі Валыні», збіраюцца ля пасольства Беларусі ў Кіеве пад чырвона-зялёнымі сцягамі.

На гэтым тыдні яны традыцыйна сабраліся ля пасольства, але падчас акцыі адбыўся канфлікт з прадстаўнікамі ўкраінскіх правых рухаў. У выніку адбылася бойка, прыехала паліцыя, некаторых затрымалі.

Пасольства Беларусі ва Украіне пасля гэтага нават накіравала ў МЗС краіны ноту, у якой выказала «сур’ёзную занепакоенасць сітуацыяй, выкліканай недастатковымі мерамі, якія прымаюцца ўкраінскім бокам для забеспячэння бяспекі дыпламатычнай місіі ў Кіеве».

У беларускай дыпламатычнай місіі з гэтага інцыдэнту зрабілі выснову пра яго «мэтанакіраваны і загадзя спланаваны характар».

Хто ж такія «Сябры Валыні»? Яны пазіцыянуюць сябе арганізацыяй, якая аб’ядноўвае этнічных беларусаў.

Яшчэ ў мінулым годзе гэтыя «сябры» праводзілі пікет ля Пасольства ЗША ў Кіеве. З дзяржаўнымі беларускімі сцягамі яны патрабавалі ад амерыканскіх дыпламатаў спыніць умяшальніцтва ЗША ў справы суверэннай дзяржавы.

У лістападзе 2020 года «Сябры Валыні» напісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай абараніць этнічных беларусаў – грамадзян Украіны ад нападак нацыяналістаў, хаця, наколькі вядома, адказу так і не атрымалі. Пастаянна праводзяць пікеты ў падтрымку беларускай улады.

Узначальвае гэтую суполку 41-гадовы Міхаіл Канановіч кіраўнік украінскага камсамола. У базе «Міратворац» ён значыцца, як «актыўны ўдзельнік антыўкраінскіх і прарасійскіх акцый, які праводзіць сепаратысцкую агітацыю. Супрацоўнічае з прадстаўнікамі Камуністычнай партыі Расіі, нярэдка выязджае ў Расію».

Таксама Канановіч быў членам КПУ, загадчыкам аддзела Валынскага абласнога камітэта Кампартыі Украіны.

Адным словам, як казаў мудры чалавек: «Скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты».

Поделиться ссылкой: