Фота: https://minobl.mchs.gov.by

Касцёл у Будславе загарэўся раніцай 11 мая. Менавіта ў ім знаходзіцца адна з найважнейшых святынь Беларусі – абраз Маці Божай Будслаўскай.

Пажар удалося патушыць, але галоўнае яго наступства – дах выгараў і абваліўся. Зараз праводзяцца работы па аднаўленні касцёла, а таксама праходзіць збор грошай.

– Ці вядома ўжо прычына ўзгарання касцёла? – з такім пытаннем я звярнуўся да пробашча парафіі ў Будславе ксяндза Дзмітрыя ДУБОВІКА.

– Афіцыйна прычына ўзгарання пакуль не агучваецца, – кажа мой суразмоўца. – Мяне і іншых выклікалі ў Следчы камітэт, і, наколькі я зразумеў, зараз следчыя праводзяць розныя экспертызы, а на гэта спатрэбіцца даволі працяглы час.

Але, на маю думку, пажар адбыўся з-за няспраўнай электрычнай праводкі, хаця, паўтаруся, эксперты павінны даць у выніку дакладную інфармацыю.

Паводле слоў Дзмітрыя Дубовіка, на гэты момант закончана абследаванне касцёла, і зараз праект рэканструкцыі здаецца на экспертызу.

– Праект прадугледжвае страхоўку купала і даху, – адзначае ён. – Таксама падпісваем дамовы са спецыяльнымі арганізацыямі на комплекснае навуковае даследаванне. У бліжэйшы час дадзім з нагоды таго, што зроблена, падрабязную справаздачу.

Як вядома, быў распачаты збор сродкаў на аднаўленне касцёла, і па стане на ўчарашні дзень было сабрана амаль 880 тысяч рублёў.

– Магчыма, назбіралі ўжо нават каля мільёна рублёў, бо ёсць яшчэ і валютная дапамога, – дадае ксёндз Уладзімір Дубовік. – Не ведаю, ці ўлічвалася яна…

Поделиться ссылкой: