Новыя затрыманні ў Гомелі

У Гомелі 8 ліпеня затрыманы грамадскі актывіст і палітык, экс-старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў. Ён перастаў выходзіць на сувязь каля поўдня.

Новыя затрыманні ў Гомелі
Васіль Палякоў. Фота аўтара

Пасля 18 гадзін Васіль патэлефанаваў сваёй жонцы Святлане і сказаў, што міліцыя змясціла яго ў ізалятар часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкаму на вуліцы Міжгародняй. Пра матывы ізаляцыі Палякоў паведаміў скупа: маўляў, абвінавачваюць у падрыхтоўцы нейкага матэрыялу пра тэрарызм.

Спадар Палякоў на мінулых прэзідэнцкіх выбарах арганізоўваў назіранне за галасаваннем, адбываў двойчы адміністрацыйны арышт за ўдзел у маршах пратэсту. Апошнім часам маніторыў рэпрэсіі ўладаў у дачыненні ўдзельнікаў леташніх пратэстаў, прысутнічаў на судах, вёў перапіску з многімі арыштаванымі і асуджанымі за так званыя «масавыя беспарадкі».

Васілю – 52 гады, ён прафесійны гісторык, скончыў гістарычны факультэт Гомельскага дзяржуніверсітэту імя Францішка Скарыны, а таксама аспірантуру Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы па спецыяльнасці паліталогія. Працаваў настаўнікам гісторыі ў гарадскім ліцэі, а калі на пачатку 2000-х заняўся палітычнай дзейнасцю, то каардынаваў праграмы ў праваабарончай арганізацыі ў Гомелі.

Новыя затрыманні ў Гомелі
Ілля Міронаў. Фота аўтара

Стала вядома таксама, што сёння ж затрыманы і гомельскі валанцёр Ілля Міронаў, які збіраў дапамогу палітвязням і напісаў ім звыш тысячы лістоў у падтрымку. Па звестках праваабаронцаў, дома ў яго прайшоў ператрус. У чым канкрэтна вінавацяць валанцёра Міронава, дакладна невядома.

Анатоль ЛІПСКІ

Поделиться ссылкой: