Мікіта Залатароў. Фота аўтара

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 8 ліпеня адбываецца другое пасяджэнне па новай крымінальнай справе непаўнагадовага палітвязня Мікіты Залатарова. У маі яму споўнілася 17 гадоў, а ён ужо адзінаццаць месяцаў знаходзіцца ў гомельскім СІЗА-3.

Затрымалі падлетка ў жніўні мінулага года дома. З Чыгуначнага РАУС ён патрапіў у рэанімацыю абласной дзіцячай бальніцы, адтуль у ІЧУ на 10 сутак, а потым у СІЗА.

Падлетка разам з іншымі двума фігурантамі абвінавацілі ў актыўным удзеле ў «масавых беспарадках» і «супраціве міліцыі» з прымяненнем «кактэйлю Молатава» і прысудзілі 5 гадоў выхаваўчай калоніі, хоць ніякага гаручага рэчыва ў бок міліцыянераў Залатароў не кідаў.

Пакуль Мікіта чакаў разгляду яго апеляцыйнай скаргі ў абласным судзе “за беспарадкі” і “кактэйль “Молатава”, у СІЗА 21 сакавіка здарыўся інцыдэнт. Следства распачало супраць падлетка новую крымінальную справу па артыкулу 364 Крымінальнага кодэкса – за гвалт над ахоўнікам Мікітам Лучкіным і пагрозай гвалту на адрас супрацоўніцы СІЗА Таццяны Хаўбок. Як значыцца ў абвінавачванні, Мікіта зрабіў падножку Лучкіну, у выніку чаго той зваліўся на падлогу. Калі ахоўнік падняўся, Залатароў нібыта «схапіў яго за валасы і шыю, прычыніўшы тым самым боль і пабоі». І супрацоўніцы падлетак пагражаў.

Віну Мікіта прызнаў, але пры гэтым заўважыў: “Гэта быў не гвалт, а супраціўленне. Кепскія словы я казаў на эмоцыях”.

Да “палітычных” ставяцца кепска

На прапанову прадстаўніка абвінавачвання, юрыста I класа Кавалёва Мікіта згадваў пра 21 сакавіка, калі ў СІЗА здарыўся канфлікт з супрацоўнікамі. Паводле падлетка, да яго ставіліся кепска, негуманна, паколькі асуджаны па “палітычных” артыкулах. Ён хварэе на эпілепсію, а таблеткі давалі не рэгулярна, іншы раз толькі тады, калі была магчымасць непасрэдна звярнуцца да медыка. Да таго ж адзін сядзеў у камеры каля двух месяцаў. І баяўся: пачнецца прыступ, хто дапаможа?

– Калі адзін сяджу, мяне пачынае “падрываць”, – прызнаваўся Мікіта.

Падлетак прыгадваў, што 20 сакавіка ён прасіў праз “калідорнага”, каб яму падсялілі нармальнага сукамерніка. Апроч таго, камеру 103, у якой Мікіта знаходзіўся, з-за няспраўнай сантэхнікі заліло “па костачку” вадою і нават нечыстотамі. Прынамсі, так ён сцвярджаў.

Мікіту завялі на “боксы”, а потым даставілі да псіхолага Зіновіча. У яго кабінеце падлетак правёў ноч, а на раніцу заўпарціўся вяртацца ў сваю ранейшую камеру, дзе “брудна” і “поўзаюць прусакі”.

Паўшчуваць і наставіць падлетка на спакойны лад прыходзіла Таццяна Хаўбок і начальнік СІЗА Рубанаў. Але Мікіта не хацеў вяртацца ў камеру, лічачы, што над ім здзекуюцца.

Намесніца начальніка Хаўбок, у сваю чаргу, казала на судзе, што Мікіта сам разліваў ваду, бо раззлаваўся, што бацькі не прывезлі перадачу, якую нібыта меліся даставіць яму ў суботу, 20 сакавіка. А не падсялялі да падлетка таму, што ён “канфліктны”, схільны “да агрэсіі”, не ўжываецца з сукамернікамі. Пра канфліктнасць падлетка гаварыў і Лучкін, таму, маўляў, і напарніка давялося перавесці з камеры ў іншую.

– Ага, падсялілі да мяне нейкага “пед…ка”, ён жа сваімі прычындаламі круціў. І чаму я павінен з такімі “кукарэкушкамі” сядзець? – тут жа адрэагаваў падлетак.

Вынеслі з кабінета псіхолага

Паколькі Мікіта і на патрабаванні начальніка СІЗА не хацеў вяртацца ў камеру 103, той выклікаў ахоўнікаў Лучкіна і Хацкова. Яны пад рукі вынеслі Залатарова з кабінета. Мікіта супраціўляўся, лаяўся. Яму сталі закручваць рукі. Падлетак крычаў, вырываўся, брыдкасловіў.

– Я хацеў вызваліцца, каб руку не заломвалі: было балюча. Хацеў нармальна усё вырашыць, – сцвярджаў невялічкага росту падлетак, якога цягнулі, па яго ж словах, “здаравенныя дзядзькі”.

У такой сумяціцы Залатароў і зрабіў падножку Лучкіну. Апошні кажа, што наўмысна. Мікіта сцвярджае, што выпадкова, у запале: “Я не цяміў, што рабіў”. Ахоўнік упаў па падлогу разам з падлеткам.

Залатароў заяўляў на судзе, што і ўдараў ніякіх ён не наносіў Лучкіну, за адзенне і валасы не хапаў, а толькі пальцамі “зачапіў маску, і яна зляцела”.

Пра муху і крыўду

Праз падзенне ў Лучкіна выпаў індывідуальны відэарэгістратар. Яго падняла Таццяна Хаўбок і стала працягваць здымкі. Паўплывала гэта на Мікіту ці не, але і на яе адрас падлетак адпусціў пару зусім не ласкавых слоў, ды яшчэ з пагрозамі: “Выйду, спалю!”. На судзе прыгадаў, што Хаўбок груба размаўляла з ім у кабінеце псіхолага.

– Каб я хацеў ёй сапраўды нашкодзіць, то ў камеры хапае ўсякіх жалезак, не закручаных гаек… Я добры чалавек. Я мухі не пакрыўджу, калі да мяне нармальнае стаўленне, – запэўніваў на завяршэнне Мікіта.

Канешне, ахоўнікі перад камерай 103 усё ж скруцілі падлетка, надзелі кайданкі і прыціснулі яго галаву да падлогі. Потым паставілі яго да сцяны і хвілін праз дзесяць завялі ў камеру.

Маці: хіба сябе на органы прадаць?

Мікіта Залатароў:
Маці падлетка – Лілія Залатарова. Фота аўтара.

Таццяна Хаўбок і Мікіта Лучкін як пацярпелыя супрацоўнікі СІЗА выставілі абвінавачанаму кампенсацыю маральнай шкоды – па тысячы рублёў для кожнага. Паколькі Залатароў непаўнагадовы, то кампенсацыя аўтаматычна кладзецца на бацькоў. Пачуўшы пра згаданую суму, маці падлетка Лілія Залатарова ў чарговы раз заплакала.

– Я страціла працу, у мяне няма такой сумы. Хіба сябе на органы прадаць? – уголас пыталася Лілія Эдуардаўна.

Хадайніцтва суд не падтрымаў

І Лучкін, і Хаўбок хадайнічалі перад судом, каб іх дапрос вёўся ў закрытым рэжыме – дзеля забеспячэння асабістай бяспекі. Дзяржабвінаваўца падтрымаў хадайніцтва.

Мікіта Залатароў:
У зале суда, на пярэднім плане – пацярпелыя супрацоўнікі СІЗА. Фота аўтара

– Не хачу, каб мае здымкі і якія-небудзь дадзеныя з’явіліся на интэрнэт-парталах. Мікіта Залатароў у нас асоба вядомая, так што гэта ўпаўне можа здарыцца, – заяўляў, у прыватнасці, Лучкін.

– Дык вы свае ўсе звесткі ў грамадзянскім іску ўказалі. Ці гэта не вы пазоў пісалі? – падаў рэпліку адвакат падлетка Сяргей Красноў.

Другая пацярпелая пацікавілася, ці можа суд забараніць хоць аўдыёзапіс іх паказанняў?

Суддзя Віктар Казачок, які разам з народнымі засядацелямі разглядае крымінальную справу, адхіліў хадайніцтва пацярпелых, і допыт пацярпелых прайшоў у адкрытым рэжыме.

Той жа Мікіта Лучкін казаў на судзе, што выконваў вуснае распараджэнне начальніка СІЗА, калі сілай выводзіў Залатарова з кабінета Мікіты і прымяняў кайданкі. Прыбіральшчыц у СІЗА няма – парадак у камерах падтрымліваюць тыя, хто ў іх знаходзіцца.

Па словах пацярпелай супрацоўніцы СІЗА, Мікіта ў кабінеце псіхолага дэманстраваў прыкметы гістэрычных паводзін. Яму выклікалі спецыяліста-псіхіятра, які ніякай паталогіі не выявіў.

І дарослы не вытрымае

Мікіта Залатароў:
Бацька Міхаіл Лапуноў. Фота аўтара.

Бацька Мікіты Міхаіл Лапуноў, каментуючы новую крымінальную справу супраць сына, здзіўляецца абвінавачванню.

– Не дзіва, што сын там нешта крычаў ды лаяўся. Ён ведае, што сядзіць несправядліва, незаконна. За што яго яшчэ і зараз судзіць? Яго ўтрымліваюць як закладніка. І што ён павінен гаварыць: “Дзякуй”, “Выбачайце”? Тое, што яму не даюць рэгулярна патрэбныя прэпараты, можа скончыцца плачэўна. У такой сітуацыі ў сына наогул мяняецца псіхіка. Уявіце, амаль год сядзіць у бруднай цёмнай камеры. Яны яго гнятуць, а ён не маўчыць. Не кожны дарослы такое вытрымае, – кажа Міхаіл, бацька падлетка.

Чакалася, што ўжо сёння ў судзе адбудуцца спрэчкі бакоў. Аднак суд толькі пацікавіўся ў абвінавачанага падлетка яго меркаваннем пра заяўленую супрацоўнікамі СІЗА суму кампенсацыі маральнай шкоды.

– Я не згодзен з заяўленай сумай, – адказаў Мікіта.

– Цалкам не згодны ці толькі з памерам кампенсацыі? – прасіў удакладніць суддзя.

Падлетак, відавочна, разгубіўся, не ведаючы, што адказаць. Яго абаронца ўдакладніў: “Не згодны з заяўленай сумай”.

Пасля гэтага суд задаволіў хадайніцтва прадстаўніка абвінавачвання пра неабходнасць перапынку дзеля таго, каб пералічыць, які тэрмін Мікіта адбыў па першаму прысуду, прыпыніць яго і ўжо потым вынесці рашэнне па новаму крымінальнаму абвінавачванню. Справа ў тым, што з чэрвеня ў заканадаўства ўведзены новыя нормы заліку адбыцця пакарання: адзін дзень да суда ў СІЗА ўлічваецца як два дні адбыцця пакарання ва ўмовах калоніі.

Наступнае пасяджэнне па справе Мікіты Залатарова запланавана на 14 ліпеня.

Поделиться ссылкой: