Украіна збіраецца далучыцца да санкцый Еўрасаюзу супраць рэжыму Лукашэнкі
Украіна збіраецца далучыцца да санкцый Еўрасаюзу супраць рэжыму Лукашэнкі

Рашэнне ўраду мае зацвердзіць Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны. Яно прадугледжвае забарону Аляксандру Лукашэнку і яшчэ 87 асобам з ягонага атачэння на ўезд ва Украіну.

Як паведамляе Радыё Свабода, Украіна мае далучыцца да першых двух пакетаў санкцый ЕС у дачыненні да Лукашэнкі і ягонага атачэння. Урад Украіны 7 ліпеня пагадзіўся з прапановай Міністэрства замежных спраў аб далучэнні да санкцый, ухваленых Еўрасаюзам 2 кастрычніка і 6 лістапада 2020 году.

Цяпер спецыяльныя эканамічныя і абмежавальныя захады будуць накіраваны на разгляд Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны і ў выпадку ўхвалення набудуць юрыдычную моц пасля іх зацвярджэння адмысловым указам украінскага прэзідэнта.

Праект рашэння падрыхтавала Міністэрства замежных спраў Украіны. 6 траўня яго разгледзеў урадавы камітэт.

Рашэнні Еўрасаюзу ад 2 кастрычніка і 6 лістапада 2020 году прадугледжваюць забарону на паездкі ў Еўрасаюз і замарожванне актываў 88 чалавек, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам.

Такім чынам, Украіна на тры гады забароніць уезд на ўкраінскую тэрыторыю тым жа асобам, што і Еўрасаюз на сваю тэрыторыю.

Як патлумачыла Міністэрства замежных справаў Украіны ў дакуменце, увядзенне гэтых санкцый з’яўляецца «неадкладным і эфектыўным рэагаваннем на пагрозы нацыянальным інтарэсам і бяспецы Украіны» і «дазволіць Украіне больш эфектыўна абараняць правы грамадзян Украіны ў Беларусі, а таксама дзейнічаць згодна з пагадненнем аб асацыяцыі Украіны і Еўрасаюзу ў частцы канвергенцыі знешніх палітык».

Украіна таксама абавязваецца паінфармаваць усіх сваіх партнёраў аб увядзенні персанальных спецыяльных эканамічных і іншых абмежавальных захадаў у дачыненні да фізічных асобаў Беларусі, датычных да фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году.

Нагадаем, што Еўрасаюз ужо ўхваліў чатыры пакеты санкцый у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, ягонага атачэння і шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Цяпер рыхтуецца пяты пакет санкцый.

Поделиться ссылкой: