Мікіта Залатароў у судзе Цэнтральнага раёна. Фота аўтара.

У судзе Цэнтральнага раёну Гомеля 7 ліпеня пачаўся разгляд новай крымінальнай справы супраць аднаго з самых маладых палітвязняў, 17-гадовага Мікіты Залатарова. Гэтым разам яго вінавацяць у «гвалце над міліцыяй» – ён нібыта напаў на канвой у гомельскім СІЗА-3. Справу разглядае суддзя Вiктар Казачок, абвінавачванне падтрымлівае прадстаўнік пракуратуры Кавалёў.

Паводле абвінавачвання, «21 сакавіка ў прамежак часу з 11:30 да 12:30 Залатароў, будучы ў службовым кабінеце псіхалагічнай службы, у катэгарычнай форме адмовіўся выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў установы і прайсці ў камеру № 103, у выніку чаго супрацоўнікі Лучкін і Хацкоў прымянілі да яго фізічную сілу і вывелі ў калідор трэцяга паверха».

Аднак непаўналетні Залатароў, як адзначаецца ў абвінавачванні, перашкаджаў законнай дзейнасці службоўцаў. Хлопец зрабіў падножку Лучкіну, у выніку чаго той зваліўся на падлогу. Калі Лучкін падняўся, Залатароў «схапіў яго за валасы і шыю, прычыніўшы тым самым боль і пабоі».

Апроч таго, падлетак нібыта выказаў пагрозы гвалту на адрас супрацоўніцы СІЗА Хаўбок.

У выніку Мікіта Залатароў будзе адказваць перад судом за гвалт і пагрозу гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў – на падставе артыкула 364 Крымінальнага кодэкса.

Бацька Мікіты Міхаіл Лапуноў так пракаментаваў новую крымінальную справу супраць сына: «У трох лістах пастановы пра накіраванне справы пракурору адлюстравана ўся нямогласць і подласць улады. Мой сын – не злачынца, а закладнік».

Нагадаем, 10 мая 2020 года Мікіту Залатарову споўнілася 16 гадоў, а ўжо ў жніўні ён апынуўся ў СІЗА. Падлетка разам з іншымі двума фігурантамі абвінавацілі ў актыўным удзеле ў «масавых беспарадках» і «супраціве міліцыі» з прымяненнем «кактэйлю Молатава», хоць ніякага гаручага рэчыва ў бок міліцыянераў Залатароў не кідаў.

Падлетак хворы на эпілепсію, ён скардзіўся, што ў СІЗА яго білі, не давалі патрэбных лекаў.

22 лютага суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Дзмітрый Дэбой пакараў Мікіту 5 гадамі выхаваўчай калоніі. Пасля агалошвання прысуду ў Мікіты пачалася істэрыка. Ён кідаўся на краты «клеткі» і крычаў: «Выпусціце мяне адсюль!». Абласны суд пакінуў вырак першай судовай інстанцыі без зменаў.

І вось новая крымінальная справа. У пастанове следчага гарадскога аддзела СК Шкрабава, які даследаваў інцыдэнт у СІЗА і перадаваў справу у пракуратуру для накіравання ў суд, гаворыцца, што Залатароў «належных высноў для сябе не зрабіў, на шлях перавыхавання не стаў».

Пакаранне па артыкулу 364 КК прадуглежвае арышт, абмежаванне волі, альбо пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.

На здымку: Мікіта Залатароў у судзе Цэнтральнага раёна. Фота аўтара.

Поделиться ссылкой: