Уладзіслаў Кавалёў

Міжнародны гросмайстар з Беларусі паведаміў, што выступіць у Кубку свету.

Уладзіслаў Кавалёў – адзіны беларускі шахматыст, які ўваходзіць у першую сотню лепшых гросмайстраў свету.

Пасля выбараў у мінулым годзе Уладзіслаў падпісаў адкрыты ліст спартсменаў супраць гвалту і за сумленныя выбары. Таксама ён адмовіўся падпісваць дадатковае пагадненне да кантракта з РЦАП па шашках і шахматах, за што быў звольнены з нацыянальнай зборнай.

Уладзіслаў Кавалёў павінен быў удзельнічаць у чэмпіянаце Беларусі, але за некалькі гадзін да старту прыняў рашэнне адмовіцца ад удзелу ў турніры.

«Гэта было даволі нечаканае рашэнне і для мяне самога, распавядаў гросмайстар «Народнай Волі». – Яшчэ зранку я меў намер удзельнічаць у чэмпіянаце, адмыслова рыхтаваўся да яго і збіраўся стаць пераможцам. Не было ніякіх папярэдніх планаў адмаўляцца ад першынства і рыхтаваць нейкі дэмарш. Але мяне да гэтага падштурхнулі.

Падчас адкрыцця чэмпіянату да мяне падышла намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі і ўручыла дадатковае пагадненне да кантрактаў спартсменаў.

У дакуменце быў прапісаны шэраг абмежавальных пунктаў, якіх раней не было. Наколькі я зразумеў, гэта было звязана з падзеямі, якія адбыліся ў краіне пасля выбараў, і з тым, што многія спартсмены выказалі сваю пазіцыю, якая адрозніваецца ад «генеральнай».

Натуральна, мяне абурылі гэтыя абмежаванні. Мы маем Канстытуцыю, а людзі маюць права на абарону сваіх канстытуцыйных правоў. Чаму нейкія спартыўныя чыноўнікі абмяжоўваюць мае правы?

Адным словам, я адмовіўся падпісваць дадатковае пагадненне, за што мяне адразу ж паабяцалі звольніць. Прыйшоў дадому, яшчэ раз усё ўзважыў, пра ўсё падумаў і вырашыў, што такі дакумент падпісваць не буду.

Акрамя таго, прыняў рашэнне наогул не ўдзельнічаць у чэмпіянаце. І гэта быў правільны ход. Разам са мной адмовіліся выступаць на першынстве і яшчэ некалькі шахматыстаў».

Пасля таго як Уладзіслаў Кавалёў звольніўся з цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па пагадненні бакоў, працаваў сам на сябе. Адкрыў сваю шахматную анлайн-школу, і гэта было пэўнай крыніцай прыбытку.

Зараз спартсмен заявіў, што пасля працяглага перапынку збіраецца выступіць на міжнародных спаборніцтвах.

«Насуперак усяму я ўсё ж такі буду гуляць у Кубку свету, – паведаміў Уладзіслаў Кавалёў. – Зусім хутка ў Сочы пачнецца займальнае спаборніцтва, дзе 206 шахматыстаў з усяго свету будуць змагацца за выхад у турнір прэтэндэнтаў на шахматную карону. А ў далейшым – і за права пазмагацца з чэмпіёнам свету Магнусам Карлсенам. Дарэчы, ён таксама будзе гуляць у гэтым турніры, што дадае цікавасці.

Таму я з нецярпеннем чакаю пачатку спаборніцтваў і спадзяюся на поспех, нягледзячы на тое, што амаль паўтара года не гуляў у «жывыя» шахматы.

Пажадайце мне поспеху! Ваша падтрымка будзе натхняць мяне на прыгожыя партыі».

Публікацыя – з № 50 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: