Агульныя словы Арцёма Чэрнікава

Некалькі дзён таму былы работнік ААТ «Гродна Азот», актывіст Арцём Чэрнікаў звярнуўся праз тэлеграм-канал да працоўных калектываў са словамі: «Ад нас залежыць вельмі многае, бо санкцыі, забастоўкі, пратэсты – гэта менавіта тое, што прывядзе нас да перамогі… Неабходна толькі аб’яднацца і зламаць «сінія пальцы» нашымі працоўнымі інструментамі».

Як высветлілася, Арцём Чэрнікаў пасля мінулагодніх жнівеньскіх падзей знаходзіцца за мяжой. Праз сацыяльныя сеткі я адшукаў былога азотаўца і пацікавіўся ў яго, як ён уяўляе сабе сённяшнюю сітуацыю на заводах і фабрыках Беларусі.

Перш-наперш размова пайшла пра тое, ці існуе ў Гродне нейкае аб’яднанне рабочых, якое ад імя калектываў прадпрыемстваў галосна заявіла б аб канкрэтных патрабаваннях. Паводле слоў Чэрнікава, зараз кожны асобны рабочы ў нейкім сэнсе з’яўляецца падобным аб’яднаннем. Маўляў, кожны можа праявіць салідарнасць з тымі ж палітвязнямі, як і з тымі, хто пайшоў у стачку.

– Я хачу нагадаць, што кожны беларус мае канстытуцыйнае права на забастоўку, якое ў хуткім часе будзе ажыццёўлена, – кажа Арцём. – Кожны рабочы ў нашай краіне з’яўляецца ўнікальнай сілай. Гэта тычыцца як людзей з працоўным досведам, так і маладых кваліфікаваных работнікаў. Штрэйкбрэхераў на ўсіх не хопіць.

Не хочацца пярэчыць спадару Чэрнікаву. Але ж не ўсё так проста, як гэта ўяўляецца яму. Хто-хто, а актывіст павінен ведаць, пры якіх умовах існуючае заканадаўства дазваляе распачынаць страйк на тым ці іншым заводзе, на той ці іншай фабрыцы. Паколькі палітычныя пытанні краіны нельга вырашыць на тэрыторыі прадпрыемстваў, то, мабыць, неабходна ісці на іншыя варыянты. І аб гэтым трэба думаць тым жа актывістам, а не займацца пустаслоўем.

Што тычыцца таго, ці дзейнічае хоць пры адным гродзенскім прадпрыемстве стачкам, Чэрнікаў дакладнага адказу не даў. Затое ўзгадаў, што на «Гродна Азоце» стачкам быў створаны летась, калі ўлады адмовіліся ісці на дыялог з працоўнымі. Аднак з-за пераследу яго лідараў, якія вымушаны былі з’ехаць за мяжу, дзейнасць стачкама паралізавана. Падобная сітуацыя і на іншых гродзенскіх прадпрыемствах.

Гаварыць аб нейкай канкрэтнай тлумачальнай рабоце сярод рабочых, інжынерна-тэхнічнага персаналу сёння не даводзіцца. Але Чэрнік кажа, што людзі абудзяцца і грамадскі рух яшчэ заявіць пра сябе.

– Зразумела, ніхто не забудзе таго гвалту, які пачаўся ў жніўні 2020 года і працягваецца дагэтуль, – упэўнены Арцём Чэрнік. – А гэта рэпрэсіі, катаванні, нерэальныя суды і штрафы, незаконныя звальненні.

Так, грамадства абурана бязглуздымі дзеяннямі ўлад. Але, прызнацца, я так і не зразумеў, што хацеў сказаць спадар Чэрнікаў, звяртаючыся праз тэлеграм-канал да былых калег па рабоце на «Гродна Азоце». Не пачуў я ад яго аргументаваных адказаў і на свае пытанні. А таму вырашыў выйсці непасрэдна на прадпрыемства.

«Мы дзейнічаем выключна паводле закона»

Кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюза на «Гродна Азоце» Андрэй Ханевіч кажа, што на іх прадпрыемстве сітуацыя такая ж, як і на іншых заводах і фабрыках. Людзі, маўляў, усё выдатна разумеюць і ціха працягваюць працаваць.

Пасля леташніх падзей колькасць сябраў незалежнага прафсаюза з некалькіх дзясяткаў вырасла да 500 чалавек, праўда, апошнім часам скарацілася да 450.

– Такое адбываецца ў выніку ціску адміністрацыі на людзей – 12 нашых сябраў звольнілі з-за іх пратэстнай дзейнасці, – канстатуе старшыня арганізацыі. – Многім актывістам не працягваюць кантракты.

Спадар Андрэй кажа, што вось ужо некалькі месяцаў ён не можа трапіць на прыём да новапрызначанага генеральнага дырэктара прадпрыемства Ігара Ляшэнкі, каб абгаварыць з ім праблемныя пытанні, – той не прымае. Усе звольненыя члены прафсаюза звярталіся пісьмова ў адміністрацыю з патрабаваннем патлумачыць ім прычыны звальнення, але ніхто не атрымаў зразумелага адказу.

Прафсаюз у сваю чаргу звяртаўся ў суд са скаргай на незаконныя звальненні членаў арганізацыі – безвынікова. Ва ўсе інстанцыі, уключаючы канцэрн «Белнафтахім», Дзяржкантроль, пракуратуру, ад імя прафсаюза былі накіраваны скаргі на беспадстаўнае непрацягненне кантрактаў з членамі іх пярвічкі. У скаргах канстатавалася, што адміністрацыя «Гродна Азота» парушае пункт калектыўнай дамовы, у якім наймальнік абавязуецца рацыянальна выкарыстоўваць рабочыя кадры, паколькі гэтыя беспадстаўныя звальненні цягнуць за сабой і небяспеку на вытворчасці. Але, паводле слоў Ханевіча, у адказ атрымліваюць толькі адпіскі.

Дарэчы, звольненым супрацоўнікам прафсаюз аказвае пасільную дапамогу: аплачваюцца курсы па набыцці іншай спецыяльнасці, выдаецца матэрыяльная падтрымка.

Паводле слоў майго суразмоўцы, апошнім часам да яго прыходзяць члены прафсаюза, каб параіцца, ці варта перад заканчэннем кантракта часова пакінуць арганізацыю, каб застацца на працы. Цяжка даваць нейкія парады, кожны чалавек сам павінен прымаць тое ці іншае рашэнне.

– Нядаўна ў офіс прыйшлі рабочыя аднаго з цэхаў і сказалі, што калі не будуць працягваць кантракты іх калегам па прафсаюзе, то яны настроены ўсе разам напісаць заявы на звальненне, – прыводзіць прыклад прафсаюзны лідар. – Але як яно насамрэч будзе – паглядзім.

Са слоў Ханевіча, работнікам прадпрыемства стала відавочна, што адміністрацыя творыць бязмежжа, што перад ёй пастаўлена задача ачысціць калектыў ад непажаданых, ад тых, хто не падтрымлівае палітыку ўлады.

Толькі на першы погляд здаецца, што людзі ніяк не рэагуюць на беззаконне з боку адміністрацыі «Гродна Азота». Рэагуюць, але пакуль не могуць дабіцца справядлівасці.

– І подпісы збіралі, каб высокакваліфікаваным спецыялістам працягнулі кантракт, і кіраўніцтва цэха хадзіла на прыём да генеральнага, хадайнічала за членаў незалежнага прафсаюза, але нічога не дамагліся, – заўважае А.Ханевіч.

Зараз прафсаюзны актыў, згодна з заканадаўствам, спрабуе правесці калектыўныя спрэчкі на прадпрыемстве па набалелых пытаннях. Дзеля гэтага патрабуецца памяшканне, каб у ім змясцілася больш за палову членаў арганізацыі. Адміністрацыя з адказам зацягвае. Праўда, прафсаюзнікі настроены гэта зрабіць у анлайн-рэжыме.

– Прафсаюз выкарыстоўвае ўсе законныя спосабы, для таго каб вырашыць існуючыя праблемы, – падкрэслівае мой суразмоўца. – Пройдзем усе этапы, а потым члены прафсаюза будуць вырашаць пытанне аб правядзенні законнай забастоўкі.

У апошнія дні на прадпрыемстве загаварылі аб санкцыях, якія прынялі заходнія краіны ў дачыненні да Беларусі. Некалькі гадоў таму падобныя абмежаванні былі ўведзены супраць «Гродна Азота», але адчувальнымі яны сталі не адразу, а толькі прыкладна праз паўгода.

– У нас на прадпрыемстве амаль усё абсталяванне імпартнае, і была праблема з набыццём патрэбных дэталяў і вузлоў, – згадвае Ханевіч. – Памятаю, майстры з некаторых цэхаў ездзілі ў Польшчу і набывалі неабходныя дэталі за свае грошы, а потым з імі на прадпрыемстве разлічваліся.

Што будзе цяпер? Даць нейкі прагноз надзвычай складана. Але факт застаецца фактам: няпростая сітуацыя на «Гродна Азоце», як, дарэчы, і на іншых гродзенскіх прадпрыемствах.

Публікацыя – з № 50 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: