Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У Беларусі з’явіўся свой, «талерантны», штам каранавіруса – ён менш агрэсіўны. Пра гэта паведаміў загадчык лабараторыі біябяспекі РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Анатоль Красько.

Прыйшло якоесь ліхалецце,
Прычым канца яму няма:
Не першы год у цэлым свеце
Кавід лютуе, як чума.
Прынёс ён людзям многа шкоды,
І папсаваў, як кажуць, кроў.
Не дзіва, што з такой нагоды
Не раз я чуў ад святароў
(Дый вам вядомы гэты выраз):
– На нас «нябесныя вярхі»
Наслалі гэты люты вірус
За ўсе мінулыя грахі.
І сапраўды: Садом-Гамора
Цяпер, лічы, на ўсёй зямлі.
Таму нам трэба цяпнуць гора,
Каб разумнейшымі былі,
Каб не грашылі гэтак многа.
А я дык у сваю чаргу
Разлікі і развагі Бога
Наконт таго ўявіць магу.
На воблака або на хмару
Усеўся Бог, нібы на трон,
І пра заслужаную кару
Для чалавецтва думаў Ён.
Пад грэбень, так сказаць, адзіны
Рашыў не грэбці ўсё ж Гасподзь.
Ёсць болей грэшныя краіны,
Бо дбаюць не пра дух, а плоць,
А ёсць краіны і народы,
Што ўсё-ткі лепшыя крыху:
Яны, прынамсі, не заўсёды
Жывуць разгульна, у граху.
І тут, відаць, сказаць дарэчы,
Што ў вырашальны момант Бог,
Род перабраўшы чалавечы,
Краін святых знайсці не змог,
І з-за такіх благіх паводзін,

Калі паўсюль пануе грэх,
Ад Госпада народ ніводзін
Хоць нейкай кары не пазбег.
Па волі Бога памаленьку
Рассейваў вірус сатана:
Каму падкінуў толькі жменьку,
Хто хапануў яго спаўна.
Дайшла чарга да Беларусі.
Гатовы сыпаць вірус той,
Але спыніцца Бог прымусіў
І сатане сказаў:
– Пастой!
– Не зразумеў…
– Тутэйшым людзям
Падрыхтаваў я іншы штам.
Сурова іх караць не будзем.
Народ апошнім часам там
І так спазнаў нямала гора,
Прыйшлося зведаць шмат пакут.
(За гэта Я, дарэчы, скора
Кагосьці прызаву на Суд.)
Навошта «сыпаць соль на раны»
І рваць іх целы на шматкі?
Народ спагадлівы, рахманы…
І вірус будзе там такі,
Каб не ўзмацняць перыяд чорны…
Было не гэтак, можа, ды,
Як нам даводзіць люд вучоны,
Тут вірус «добры» сапраўды!

***

Каб Бог не праявіў спагады
Да беларусаў,
Пакрысе
Пры «клопатах» аб нас улады
Мы паўміралі б ледзь не ўсе…

Перш чым жаваць

Ля стойкі скардзіцца мужык:
– Зусім нясмачны ў вас шашлык.
Зжаваць кавалак немагчыма.
Скажыце мне: у чым прычына?
– Грамадзянін, зрабіце ласку:
Перш чым жаваць, здыміце маску…

Не з неба, а з гразі

У нас артысты ўсе як трэба –
Хоць ты на фэст любы вазі.
Тут «зорак» не хапаюць з неба,
У нас іх дастаюць з гразі.

Яшчэ не жанаты

– Позна ўжо. Ты павінны, малеча,
Паспяшацца дахаты!
– Вашы словы зусім недарэчы:
Я яшчэ не жанаты.

Публікацыя – з № 50 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: