Днямі ў Іспаніі завяршыўся жаночы чэмпіянат Еўропы па баскетболе. Беларуская каманда выступіла нечакана добра, але да медалёў крыху не дацягнула толькі чацвёртае месца.

І пакуль спецыялісты па паліцах раскладалі спартыўныя хібы і дасягненні ў матчах, старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў, які, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, вёў бязлітасную ідэалагічную барацьбу з «няправільнымі» балельшчыкамі.

Справа ў тым, што на трыбуны ў Валенсіі прыйшлі падтрымаць каманду аматары баскетбола з беларускай дыяспары ў Каталоніі. Прыйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі, што Рыжанкова і іншых спартыўных функцыянераў проста раз’юшыла. Час жа такі, што сёння гэты сцяг дзейнічае на дзяржаўных таварышаў, як чырвоны колер на быка. Рыжанкоў – не выключэнне, а таму змаганне з «крамольнай» сімволікай працягвалася на працягу ўсяго турніру.

Чыноўнік так увайшоў у ролю прапагандыста, што ў чаце «Беларусы ў Валенсіі» стаў гаварыць пра тое, што балельшчыкі з бел-чырвона-белымі сцягамі не падтрымлівалі зборную, а жадалі ёй паражэнняў, за што яго проста забанілі.

Не ўпусціў магчымасці кінуць камень у той жа самы агарод Максім Рыжанкоў і пасля пройгрышу зборнай Францыі: «Дапамаглі так, што прайгралі. Лепш бы спалі дома. Я крайніх не шукаю. Згулялі годна. Калі б не было ануч, пад якімі заўсёды бяда, было б лепш. Вы рэальна думаеце, што гэтыя анучы камандзе ў плюс? Вы ж самі ўсё разумееце. Гэта не падтрымка, а правакацыя…»

Барацьба са «змагарамі» Рыжанкова-малодшага дасягнула такіх маштабаў, што ён не супакоўваўся і пасля заканчэння турніру: «Сапраўдным балельшчкам не трэба ніякіх палітычных акцый і ніякіх палітычных сітуацый, каб падтрымліваць сваю каманду. А тыя, хто шукаў палітыку, вядома, распрацоўвалі план… Былі планы ледзь не прадастаўлення палітычнага сховішча для нашых спартсменаў, калі б баскетбалісткі адмовіліся гуляць за каманду.

Былі пытанні ў дачыненні да таго, як падтрымліваць так, каб каманда спатыкнулася і не гуляла наогул. А потым, калі каманда пачала добра гуляць, нашы нядобразычліўцы зразумелі, што іх тактыка шкодная і не прыносіць выніку. Пасля гэтага яны ўзялі тактыку іншую – будзем балець за каманду і крычаць, што яны малайцы. Але вы зрабілі свой выбар ужо ў самым пачатку. Вы паказалі, якія вы сапраўдныя патрыёты і аматары сваёй каманды. На самай справе вы адкрытыя нягоднікі…»

Як бачым, фантазіі функцыянера дасягнулі амаль касмічных вышынь, але яго добра апусціла на грэшную зямлю адна з лепшых баскетбалістак Беларусі Алена Леўчанка, якая вядомая сваёй грамадзянскай пазіцыяй: «Мець іншае меркаванне, якое адрозніваецца ад «дзяржаўнага», – гэта не палітыка, гэта права кожнага грамадзяніна краіны, якое гарантуецца Канстытуцыяй. Раю перачытаць. Вам жа не кажуць, што толькі ў адну лазню можна хадзіць. Упэўнена, вам падабаецца «разнастайнасць».

А наогул, менавіта такія, як вы, і падзяляюць людзей толькі таму, што яны падтрымлівалі не пад тым сцягам, які падабаецца вам. Але яны прыйшлі і падтрымлівалі. Па-сапраўднаму падтрымлівалі зборную з першай гульні. А адзіны «план» – гэта быў ваш план прыцягнуць Міжнародную федэрацыю баскетбола і іспанскую паліцыю, каб людзей проста не пускалі на трыбуны і не дазвалялі балець. Вось гэтая тактыка сапраўды выглядала непаўнацэнна.

Калі б не гэтыя балельшчыкі, то падтрымка пасольства і тыя тры чалавекі, якія трымаюць два сцягі, – так сабе падтрымка.

І апошняе. У мяне ўзнікла пытанне: хто ж тады сапраўды «адкрытыя нягоднікі» ў гэтай гісторыі?»

Даволі складана нешта даводзіць чалавеку, які за сваёй прапагандысцкай прасціной схаваўся, нібы за каменнай сцяной, але хацелася б нагадаць старшыні Беларускай федэрацыі баскетбола адзін гістарычны факт. Быў час, калі менавіта яго бацька Уладзімір Рыжанкоў, які ў 1990-я быў кіраўніком Дзяржкамспорту, а затым і Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, адпраўляў на міжнародныя спаборніцтвы спартсменаў пад бел-чырвона-белым сцягам, які сёння сын называе «анучай». Менавіта пад гэтым сцягам перамагалі спартсмены і гучаў гімн краіны!

Але Рыжанкоў-малодшы пра гэта не ўспамінае і гэта не ўзгадвае. У яго сваё жыццё і свая барацьба…

Публікацыя – з № 50 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: