Ірына Купчанка

Былая актрыса Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра распавядае аб жыцці на сцэне і па-за сцэнай, а таксама аб тым, ці можа творчы чалавек рэалізавацца ў сучаснай Беларусі.

У тэатры таксама планы і справаздачы

Актрыса тэатра і кіно Ірына Купчанка адпрацавала ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры 10 гадоў, да гэтага яшчэ быў Мазырскі тэатр. Яна звольнілася напярэдадні жнівеньскіх падзей. Але пасля таго, як акцёраў Гродзенскага тэатра пачалі прэсаваць за тое, што яны падтрымалі пратэсты супраць гвалту і фальсіфікацый на выбарах, Купчанка далучылася да сваіх калег: падпісвалася пад усімі заявамі, удзельнічала ў запісе відэазваротаў.

– Я звольнілася, таму што зразумела: знаходжуся ў творчым тупіку, – распавядае актрыса. – Ніякага развіцця ні мяне самой як актрысы, ні наогул тэатра не адбывалася ўжо на працягу многіх гадоў. Прычым гэта праблема не толькі Гродзенскага, а ўсіх перыферыйных тэатраў.

Прычына, паводле слоў спадарыні Ірыны, перш за ўсё ў тым, што культура ў Беларусі слаба культывуецца на дзяржаўным узроўні. Нашы тэатры заўважна адсталі ад сусветных не толькі ў ідэях і жанрава, а і тэхналагічна.

– Уся праблема ў тым, што нашым высокім чыноўнікам гэта не вельмі патрэбна, ды і, думаю, не вельмі зразумела.

Актрыса лічыць, што беларускі тэатр ператварыўся ў месца, дзе трэба выконваць планы, даваць справаздачы, што ніяк не сумяшчальна з творчым развіццём.

– Мы практычна перасталі выязджаць на гастролі ў вялікія гарады, а сустрэчы з публікай, асабліва абазнанай у тэатральнай творчасці, неабходны акцёрам як паветра, – зазначае Купчанка. – Я пачала разумець, што варуся ва ўласным соку і бачу над сабою столь.

Спадарыня Ірына кажа, што яшчэ нават да пандэміі ў Гродзенскім тэатры заўважна скарацілася колькасць абазнанага гледача. Паводле яе, у горадзе шмат тэатралаў, якія ездзяць на спектаклі ў Мінск, Маскву, Санкт-Пецярбург, Варшаву, і перш за ўсё такога ўзроўню гледачы перасталі наведваць спектаклі.

– Балюча было слухаць, калі публіка, што засталася, хваліла нашу пасрэдную працу, – згадвае Купчанка. – Ім не было з чым параўноўваць, і атрымлівалася так, што мы разам тапталіся на адным месцы.

Спектаклі ставіліся планава, таму рэжысёраў з іншых гарадоў і краін не запрашалі. На гэта ніхто не выдзяляў сродкаў, а таму з часам, на думку актрысы, у тэатры папросту наступаў застой, нягледзячы на тое, што там працуе шмат творчых людзей.

Важны кожны вінцік

Са свайго працоўнага досведу Купчанка прыйшла да высновы, што ў тэатры павінны працаваць толькі тыя, хто ім жыве, іншым, выпадковым, там не месца. Яна згадвае словы Станіслаўскага, што тэатр як машына і кожны вінцік там важны.

– У тэатры ўсе, ад манціроўшчыка, прыбіральшчыцы да акцёра і рэжысёра, павінны працаваць над стварэннем спектакля, – пераканана Купчанка. – А ў нас я з болем даведвалася, што многія работнікі тэатра нават не глядзелі ніводнага нашага спектакля.

Актрыса кажа, што ніколі не магла зразумець сістэму пры якой, калі рэпетыцыя заканчвалася ў 13.00, ужо ў 13.01 акцёры павінны былі пакінуць тэатр.

– Гэта ж творчы працэс, а не заканчэнне змены на канвееры! – сумна заўважае мая суразмоўніца. – Нельга абмяжоўваць мастацтва хвілінамі.

Усе гэтыя прычыны ў комплексе і прывялі да таго, што Ірына Купчанка вырашыла пакінуць гродзенскі тэатр. Але развітвацца з прафесіяй яна не планавала.

Гастрольнае пасведчанне не для ўсіх

У яе ўжо былі планы стварыць незалежны тэатр, запрашаць рэжысёраў з розных гарадоў і краін, каб спрабаваць розныя стылі і жанры, прыёмы, якія яны прапаноўваюць; вельмі хацелася наблізіцца да сучаснага сусветнага тэатра, развівацца, каб не застываць ў тых межах, у якіх знаходзіліся дзесяцігоддзямі.

– Гэта быў даволі складаны працэс, – кажа актрыса. – Але было зразумела, што інакш нельга.

Спадарыні Ірыне ўдалося арганізаваць два спектаклі, на пастаноўку якіх былі запрошаны рэжысёры з іншых гарадоў. Прэм’ера аднаго з іх – паводле п’есы «Ураджай» Паўла Пражко – адбылася на сцэне Гродзенскага лялечнага тэатра, другога – паводле п’есы Івана Варапаева «Сонечная лінія» – у Мінску. Абодва спектаклі ставіў сталічны рэжысёр Дзмітрый Цішко.

Быў і трэці спектакль, які ўдалося паставіць у сценах гродзенскага начнога клуба з вялікай колькасцю светлавых і гукавых эфектаў. Праўда, спадарыня Ірына прызнае, што не абышлося без памылак…

Пачатак быў паложаны, нягледзячы на тое, што не абышлося без хібаў. Пасля спаду пандэміі з’явілася магчымасць аднавіць працу, але зрабіць гэта не дазволілі.

– Нас папярэдзілі, што для аднаўлення спектакля патрэбна гастрольнае пасведчанне, якога мы не маем, – гаворыць мая суразмоўніца. – Мы хацелі чэсна яго атрымаць, але з аблвыканкама нам перадалі, што гэта пытанне невырашальнае.

Спадарыня Ірына кажа, што яна ні на кога не крыўдуе, паколькі зараз уся краіна пастаўлена ў такія ўмовы.

– У нас цяпер не могуць рэалізавацца не толькі акцёры, але і будаўнікі, лекары, настаўнікі… – канстатуе яна і ўпэўнена дадае: – Але гэты час хутка міне, мы вернемся да нармальнага жыцця і зможам свабодна працаваць.

А каб заставацца у форме, яна працягвае завучваць вершы на памяць, складае маналогі, выкладае ў акцёрскай школе.

У яе была магчымсць з’ехаць працаваць за мяжу, але яна не пайшла на гэты крок.

– Нешта мяне не адпускала, і калі я зразумела, што не еду, было напачатку боязна заставацца без працы, але мая любоў да сваёй краіны, разуменне таго, што тут шмат людзей, якім патрэбна наша праца, перамаглі.

Ірына Купчанка ўпэўнена: абавязкова нешта зменіцца да лепшага. І так, маўляў, думае не толькі яна.

Публікацыя – з № 50 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: