Да прынятага Радай Еўрасаюзу 21 чэрвеня чацвёртага пакету санкцый у дачыненні да афіцыйнага Мінску далучыліся шэсць краінаў, паведамляе “Радыё Свабода”.

Гэта кандыдаты на ўступленне ў Еўрасаюз Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Албанія, а таксама краіны-ўдзельніцы Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю, якія не ўваходзяць у ЕС, – Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія.

Гэтыя краіны ўжывуць захады, каб іх нацыянальная палітыка ў гэтым пытанні адпавядала рашэнню Рады Еўрасаюзу.

Адзінай краінай, што з’яўляецца кандыдатам на ўступленне ў ЕС, але не падтрымала гэты пакет санкцыяў, была Сербія. З рашэннямі, прынятымі 21 чэрвеня, яна пагадзілася толькі часткова.

Гэты пакет датычыць 78 фізічных асобаў і васьмі кампаніяў – МАЗ, БелАЗ, «Белаэранавігацыя», Bremino Group, Globalcustom, «Новая нафтавая кампанія», Logex, Sohra.

Санкцыі Еўрасаюзу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сектаральныя санкцыі

Эканамічныя сектаральныя санкцыі былі ўведзеныя Еўрасаюзам пасля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Мінску 23 траўня 2021 году і наступнага затрымання журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнёркі Соф’і Сапегі, а таксама з прычыны парушэнняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэння прыгадваюцца, у прыватнасці, эскалацыя сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасцяў.

24 чэрвеня 2021 году Еўрасаюз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталявання, тэхналогіяў або праграмнага забеспячэння, прызначанага для выкарыстання ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэння для вайсковага выкарыстання.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЕС нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЕС калійных угнаенняў з Беларусі.
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЕС ураду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сектары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў.

Раней, на пасяджэнні ў Люксембургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Еўрасаюзу зацвердзілі чацвёрты пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны спіс з 78 чалавек і 8 арганізацыі, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Еўрасаюз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Еўрасаюзу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і снежні 2020 году Еўрасаюз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным спісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЕС. У спіс уваходзіць Аляксандр Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Церцель, старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч, генеральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама суддзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЕС увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынг/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзідэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ – электрамеханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў».

Поделиться ссылкой: